«Мы рыхтуемся да вайны»: Беларуская армія можа стаць падарункам для Пуціна?
У Беларусі неспакойна. Не, насуперак цытаце з фільма «Масква слязам не верыць», тэрарысты не захапілі чарговы самалёт. Але падобна, нам зноў пагражаюць. Інакш навошта б Аляксандр Лукашэнка ў «дзень дурня» раптам пачаў казаць пра тое, што нам трэба быць гатовымі ваяваць?

Лукашэнка вырашыў падвесці вынікі комплекснай праверкі беларускіх Узброеных сіл. Вынікі аказаліся вельмі дзіўнымі. Заявіўшы пра тое, што ўсе гэтыя праверкі боегатоўнасці зжыраюць масу грошай, Лукашэнка, тым не менш, не хоча ад іх адмаўляцца.
«Мне гэтыя праверкі ва ўмовах мірнага часу — трата грошай. Лішніх грошай у нас няма, — заявіў ён. — Ніякага мірнага часу быць не можа. Мы рыхтуемся да вайны. На тое мы і Узброеныя сілы стварылі, на тое мы іх утрымліваем, на тое народ адшпільвае грошы для таго, каб нас з вамі ўтрымліваць. І ў гэтай аўдыторыі (і не толькі ў гэтай) людзі павінны разумець: мы абсалютна супраць вайны. Асабліва нашы афіцэры, нашы салдаты, Узброеныя сілы. Таму што мы ведаем, што такое вайна».
«Мы не хочам вайны, але армія для таго і прызначана. Калі раптам хтосьці вырашыць з намі размаўляць і глядзець на нас праз прыцэлы зброі, мы адкажам… На жаль, сітуацыя такая, што без вас жа я ваяваць не магу. І я хачу, каб мае падначаленыя былі гатовыя ваяваць. Калі мы будзем гатовыя ваяваць, нас будуць баяцца (гэта немалаважна) і сюды ніхто не сунецца. Вось мая мэта. Думаю, вы яе добра разумееце», — дадаў Лукашэнка.
Лукашэнка заявіў, што ўдзельнікі праверкі былі пастаўленыя ва «ўмовы, максімальна набліжаныя да рэальных выклікаў»: «Ёсць недахопы, але ў цэлым армія боегатовая. А ў прыватнасцях мы разбяромся потым», — сказаў ён пазней у гутарцы з журналістамі.
Гледзячы на гэтыя выказванні, узгадваецца не толькі старая песня пра тое, што «мы мірныя людзі, але наш браняпоезд стаіць на запасным пуці», але і разумеецца, чаму спеліся Лукашэнка і Дональд Трамп. Яны абодва з’яўляюцца, па сутнасці, нарцысамі, і абодва могуць у адной прамове зрабіць узаемавыключальныя заявы.
Лукашэнка правярае армію ў мірны час, які не мірны. Мы хочам міру, але гатовыя ваяваць. Армія гатовая ваяваць, але ёсць нюанс… Як усё гэта разумець?
Разумець гэта, хутчэй за ўсё, трэба так, што пазапланавыя і розныя «патаемныя» праверкі беларускай арміі станоўчых вынікаў не прынеслі. Але нам пра гэта ніхто не раскажа. Таму трэба зрабіць выгляд, што ў нас усё добра, але ёсць і «асобныя недахопы». У прынцыпе, як заўсёды і ва ўсіх астатніх сферах жыцця. Але,, тым не менш — пра бронецягнік памятаеце? Вось-вось…
Таму ў гэты ж час Лукашэнка заяўляе, што колькасць вайскоўцаў у Беларусі цяпер складае каля 100 тысяч чалавек, але ў выпадку вайны можа вырасці да 500 тысяч. «У нас пад ружжом 70 тысяч сёння. Усяго пад 100 тысяч. У Карпянкова і Кубракова таксама войскі. Невялікія ў Камітэце дзяржбяспекі. І іншыя. 100 тысяч. Паўмільёна з улікам дадатковага прызыву ў выпадку вайны», — адзначыў ён, прыплюсаваўшы да арміі міліцыю і іншыя «спецвойскі». Але пры гэтым зноў дадаў: «Я вас прашу, навучыце людзей ваяваць, калі мы з вамі будзем далей працаваць і служыць».
Зразумела, што «красаўцы», нягледзячы на грозныя балаклавы і разбітыя галовамі цэглы, да сапраўдных баявых дзеянняў непрыдатныя. Да разгонаў мірнага насельніцтва — калі ласка, але як толькі ім даюць адпор, яны адразу ж кідаюцца на ўцёкі — мы гэта бачылі неаднаразова па падзеях 2020-га. І калі раптам іх паслаць у бой… Я не ўпэўнены, што яны не «выпарацца» па дарозе.
Ну, ды Бог з імі, з «красаўцамі». Галоўнае, Лукашэнка агучыў колькасць арміі, і яна, у параўнанні з даваеннай колькасцю, вырасла на 10 тысяч чалавек.
Можа быць, гэта і апраўдана ва ўмовах, калі Лукашэнка сам з’яўляецца саўдзельнікам у вайне, і яму ў любы момант можа прыляцець. Але падобныя пераможныя рэляцыі могуць і дорага каштаваць.
Могуць дорага каштаваць, напрыклад, таму, што на гэтым тыдні страты Расіі ў вайне з Украінай ад пачатку паўнамаштабнага ўварвання перавысілі 1 мільён 300 тысяч чалавек. Пры гэтым у Расіі заканчваюцца кантрактнікі — паводле даных разведкі Украіны, у студзені, напрыклад, армія РФ страціла на фронце больш байцоў, чым змагла завербаваць. Па іншых месяцах гэтага года даных пакуль няма.
Экс-кіраўнік Расіі Дзмітрый Мядзведзеў раптам агучыў думку пра тое, што ў новай мабілізацыі ў Расіі няма неабходнасці. І ўсе разумеюць, што калі кажуць пра «адсутнасць неабходнасці ў мабілізацыі», гэта можа азначаць цалкам адваротнае. І той жа час у расійскіх рэгіёнах ужо выдаюць разнарадкі прадпрыемствам, колькі чалавек са свайго калектыву яны павінны «добраахвотна» адправіць на кантракт у армію РФ.
Уявіце, як у гэтых варунках Уладзімір Пуцін раптам чуе ў навінах, што яго бліжэйшы і стратэгічны саюзнік хваліцца боегатоўнасцю сваёй арміі і павелічэннем яе колькасці. Напэўна ж, Пуцін падумае пра гэта. Напрыклад, што палова беларускіх войскаў — гэта (па стратах ва Украіне) яшчэ адзін месяц вайны. Месяц, за які можна дамабілізаваць і папоўніць уласную армію. І канешне ж, яму хочацца, каб «браткі-беларусы дапамаглі братэрскаму народу ў збавенні ад фашызму».
Мы не будзем тут удакладняць, дзе фашызм і які народ для нас братэрскі. Вось проста не будзем, і ўсё.
Хтосьці, відаць, паразмаўляўшы з Трампам, супакоіўся наконт таго, што Расія можа паўнавартасна ўцягнуць Беларусь у вайну. Але ад таго, што калісьці гэты сцэнар быў прызнаны «малаверагодным», яго імавернасць не знікла. А з цягам часу ўмовы і абставіны змяняюцца.
Але не змянілася становішча Лукашэнкі, якому Пуцін у любы момант можа выкруціць рукі, ці нешта горшае за рукі. Цалкам залежны ад Пуціна, Лукашэнка можа кінуцца па дапамогу да каго? Да Трампа? Але чым яму дапаможа Трамп? Ваяваць з Пуціным амерыканскі прэзідэнт не будзе дакладна…
Таму наконт боегатовай беларускай арміі нашаму кіраўніцтву па-ранейшаму варта «быць моўчкі». І памятаць, што зараджаная стрэльба можа стрэліць, нават незалежна ад іх жадання.