Кая Калас: Каб мір быў працяглым — ён павінен быць справядлівым

Як заявіла кіраўніца дыпламатыі ЕС Кая Калас у Кіеве, цяпер Расія спрабуе атрымаць за сталом перамоў тое, чаго не змагла дасягнуць на полі бою. Але Данбас — гэта не канчатковая мэта Расіі. Таму адной з умоваў міру павінна стаць прыцягненне да адказнасці тых, хто ініцыяваў вайну і актыўна ўдзельнічаў у ёй. Ідуць 1498-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

657349283_1298231415823267_1208910181051604929_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 171 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 56 штурмаў расіян ў раёнах Біліцкага, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Удачнага, Новападгароднага, Маладзецкага, Новага Шахава.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак у раёнах Плешчыеўкі, Іванаполля, Русінага Яру.

На Гуляйпільскім кірунку адбылося 17 атак у раёнах Гуляйполя, Варвароўкі, Аленаканстанцінаўкі, Мірнага ды ў бок Дабраполля, Залізнічнага.

На Аляксандраўскім кірунку армія РФ атакавала сем разоў. На Ліманскім і Славянскім кірунках зафіксавана па шэсць баявых сутыкненняў на кожным.

* * *

Групоўка войскаў «Усход» абвергла інфармацыю пра нібыта акупацыю вёскі Васюкоўка ў Данецкай вобласці. Раней аналітыкі DeepState заявілі, што расійскія войска нібыта акупавалі вёскі Свята-Пакроўскае і Васюкоўку, а таксама прасунуліся паблізу Рэзнікаўкі і Бандарнага.

У Групоўцы войскаў «Усход» заявілі, што паведамленне пра захоп Васюкоўкі «не адпавядае рэчаіснасці». Паводле слоў вайскоўцаў, украінскія падраздзяленні працягваюць утрымліваць населены пункт. «Варожая пяхота, якая здзяйсняе спробы інфільтрацыі, своечасова выяўляецца і пераважна знішчаецца яшчэ на падыходзе да нашых пазіцый. Здзяйсняюцца пошукава-ўдарныя дзеянні», — адзначылі ў групоўцы.

У раёне Свята-Пакроўскага ўкраінскія падраздзяленні сапраўды адышлі на больш заходнія пазіцыі. Гэта адбылося некалькі тыдняў таму. Такое рашэнне прынялі, каб захаваць жыццё і здароўе вайскоўцаў, а таксама палепшыць узаемадзеянне паміж падраздзяленнямі. Нягледзячы на адыход, дронавыя каманды і артылерыя працягваюць трымаць Свята-Пакроўскае і падыходы да яго пад пастаянным агнявым кантролем.

Самая складаная сітуацыя, паводле групоўкі, склалася ў Грышына і яго ваколіцах. Расіяне не змаглі абысці вёску і цяпер атакуюць непасрэдна ў яе межах, выкарыстоўваючы пяхотныя групы і лёгкую тэхніку. «Сілы абароны адбіваюць шматлікія атакі... стрымліваюць праціўніка, утрымліваюць пэўныя рубяжы і блакуюць прасоўванне праціўніка з усходу ў цэнтр Грышына», — паведамілі вайскоўцы.

За апошні час расійскія войскі страцілі ў Грышыне некалькі пазіцый, дадалі ў групоўцы.

Нагадаем, у Данецкай вобласці расійскія войскі пачалі вясенне-летняе наступленне, галоўны ўдар накіраваўшы на Ліманскі кірунак — ён адкрывае шлях да Славянска і Краматорска. Расіяне спрабуюць прарваць «пояс крэпасцяў» украінскай абароны — шэраг умацаваных гарадоў на Данбасе.

* * *

Расійскія войскі раніцай 1 красавіка трапілі па тэрмінале «Новай пошты» і прадуктовых складах у горадзе Луцку Валынскай вобласці. «Адбылося траплянне па адным з прамысловых прадпрыемстваў у Луцку. Таксама асколкам «Шахеда» пашкоджаны шматкватэрны дом», — паведамляе Луцкі гарадскі савет. Інфармацыю пра пацярпелых удакладняюць.

Расійскія войскі 31 сакавіка атакавалі інфраструктуру Крывога Рога рэактыўнымі «Шахедамі»: пацярпеў 22-гадовы хлопец.

Увечары 31 сакавіка армія РФ атакавала Нікапаль ударнымі беспілотнікамі. У выніку атакі ў горадзе пашкоджаны пяціпавярховікі і крамы, агонь знішчыў аўтамабіль, 11 чалавек атрымалі раненні.

* * *

660187632_1298584985787910_6555691954316938318_n.jpg

* * *

Праз дронавыя ўдары па портах ва Усць-Лузе і Прыморску адбыўся абвал нафтаэкспарту Расіі. Гэта прывяло да страты Крамлём больш за 1 млрд долараў даходаў за тыдзень, піша Bloomberg.

У перыяд з 22 па 29 сакавіка агульны нафтавы экспарт РФ упаў на 43% — з 4,072 да 2,318 млн барэляў у суткі. Па выніках тыдня з марскіх портаў Расіі выйшлі 22 танкеры — на 15 менш, чым тыднем раней.

Нягледзячы на падзенне аб’ёмаў, даходы Крамля ад экспарту па месячных разліках выраслі да 1,79 млрд долараў у тыдзень — гэта самы высокі паказчык з мая 2024 года. Гэта тлумачыцца ростам сусветных цэн на нафту на фоне вайны на Блізкім Усходзе.

* * *

Украіна спадзяецца, што ЗША дапамогуць прыцягнуць Расію да трохбаковай сустрэчы і падтрымаюць прапанову аб спыненні агню на Велікодныя святы. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас пасяджэння Савета міністраў замежных спраў дзяржаў-членаў ЕС у аўторак, 31 сакавіка.

«Я спадзяюся, што Злучаныя Штаты застануцца рашучымі і дапамогуць прыцягнуць Расію да трохбаковай сустрэчы і прымусяць яе заключыць мір. І я сказаў гэта ўчора, і паўтараю гэта сёння: мы прапанавалі спыненне агню на Велікодныя святы. Мы спадзяемся, што Злучаныя Штаты падтрымаюць гэту прапанову. І мы чакаем адказу ад Расіі», — сказаў кіраўнік Украіны.

30 сакавіка Зяленскі заявіў, што Украіна гатова да спынення агню на Велікодныя святы і пагодзіцца на энергетычнае перамір’е.

* * *

Галоўны дыпламат Еўрапейскага Саюза Кая Калас лічыць, што Расія спрабуе атрымаць за сталом перамоў тое, чаго не змагла дасягнуць на полі бою. Пра гэта яна сказала ў пачатку нефармальнага пасяджэння Савета ЕС па замежных справах у Кіеве.

Падчас свайго выступлення Калас падкрэсліла, што для таго, каб мір быў працяглым — ён павінен быць справядлівым. «Расія спрабуе атрымаць за сталом перамоў тое, чаго не змагла дасягнуць на полі бою. Мы ўсе ведаем, што Данбас — гэта не канчатковая мэта Расіі. Сёння раніцай у Бучы нам нагадалі, што менавіта стаіць на коне. Няма лепшага прыкладу жорсткасці Расіі, чым тое, што адбылося там чатыры гады таму», — сказала яна.

Галоўны дыпламат ЕС таксама падкрэсліла, што адказнасць з’яўляецца «вельмі важнай і мае ключавое значэнне для працяглага міру».

«Менавіта таму Еўрапейскі Саюз прасоўваецца ў стварэнні Спецыяльнага трыбунала для прыцягнення да адказнасці тых, хто нясе адказнасць за вайну. ЕС таксама ўзначальвае працу над стварэннем камісіі па прэтэнзіях, каб украінскі народ мог патрабаваць кампенсацыі за разбурэнні, выкліканыя вайной Расіі», — дадала Калас.

* * *

Расійскія войскі ў перыяд з 1 студзеня па 26 сакавіка гэтага года страцілі на фронце 89 тысяч салдат забітымі і цяжкапараненымі, паведаміў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі на Бучанскім саміце-2026.

«Учора атрымаў статыстыку: яны (расіяне) страцілі з 1 студзеня па 26 сакавіка 89 тысяч асабовага складу — забітымі і цяжкапараненымі. То-бок мы гаворым пра незваротныя страты асабовага складу. Гэта вельмі сур’ёзная лічба», — адзначыў ён.

Зяленскі распавёў пра тэмпы мабілізацыі ў Расіі: паводле яго дадзеных, на 2026 год расійская армія плануе прыцягнуць 409 тысяч чалавек. «Яны мабілізавалі 20–22% ад плана на гэту сакавіцкую дату. Пятая частка — гэта каля 80 тысяч. Яны страцілі больш. Гэта важны сігнал», — адзначыў ён.

Зяленскі заявіў, што сумняваецца ў правядзенні ўсеагульнай мабілізацыі ў Расіі ў бліжэйшы час, але адзначыў, што не валодае вычарпальнай інфармацыяй па гэтым пытанні.

«Я б не спяшаўся казаць пра тое, што яны дакладна будуць рабіць усеагульную мабілізацыю. Чаму? На мой погляд, такія сігналы былі, але пацвярджэння гэтай інфармацыі няма. Таму я не ўпэўнены, што ў іх ёсць намеры ў бліжэйшы час гэта зрабіць. Хоць зноў жа няма поўнай інфармацыі», — сказаў ён.