Сырскі: Сілы абароны Украіны вызвалілі 480 кв. км тэрыторыі на Аляксандраўскім кірунку
Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны генерал Аляксандр Сырскі паведаміў, што УСУ сарвалі маштабны наступ расіян, які планаваўся з 1 сакавіка. Пры гэтым Украiна вызваліла сваёй тэрыторыі больш, чым у часе Дабрапольскай аперацыі. Але ЗША, каб спыніць вайну, усё роўна ціснуць на Украіну, а не на Расію. Ідуць 1497-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 140 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ з ранішняй зводцы 31 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 29 штурмаў расіян ў раёнах Тарэцкага, Мірнаграду, Радзінскага, Пакроўску, Грышына, Удачнага, Новамікалаеўкі, Новападгароднага, Маладзецкага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Клебан-Быка, Плешчыеўкі, Іванаполля, Новапаўлаўкі, Сцяпанаўкі, Сафіеўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 13 атак арміі РФ у раёнах Гуляйполя, Белагор’я ды ў бок Гуляйпільскага, Стараўкраінкі і Залізнічнага.
На Купянскім кірунку расіяне 11 разоў атакавалі у бок Новаасінава, Курылаўкі, Бароўскай Андрэеўкі, Пясчанага і Купянску.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы атакавалі дзевяць разоў у раёнах Бярозавага, Калінаўскага, Злагоды.
* * *
Расійскія войскі захапілі населеныя пункты Свята-Пакроўскае і Васюкоўку на Пакроўскім кірунку ў Данецкай вобласці, паведамляе аналітычны праект DeepState. Таксама расіянам удалося пашырыць зону кантролю і прасунуцца паблізу населеных пунктаў Рэзнікаўка і Бандарнае на Славянскім і Краматорскім кірунках.
* * *
Сілы абароны Украіны вызвалілі 480 кв. км тэрыторыі на Аляксандраўскім кірунку, паведаміў галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны генерал Аляксандр Сырскі ў інтэрв'ю тэлеканалу ICTV.
«Поспех заключаецца ў вызваленні тэрыторыі. Станам на сёння гэта 480 кв. км. Гэта перавышае вынікі, якія ў нас былі падчас Дабрапольскай контрнаступальнай аперацыі. Калі вы памятаеце, там за час правядзення аперацыі мы вызвалілі больш за 430 кв. км тэрыторыі», — адзначыў Сырскі.
Паводле яго слоў, з 1 сакавіка расіяне планавалі пачаць шырокамаштабнае наступленне на ўсіх 13 асноўных кірунках, але былі вымушаныя змяніць планы і перакінуць частку сіл і сродкаў з Пакроўскага і Ачарэцінскага кірункаў на Аляксандраўскі.
* * *
У ноч на 31 сакавіка Расія атакавала Украіну 289 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 267 БпЛА.
Раніцай 31 сакавіка расіяне атакавалі ўдарнымі беспілотнікамі Адэсу, ёсць траплянне ў шматкватэрны дом, узнік пажар, пацярпеў мужчына.
Увечары 30 сакавіка ў Палтаўскай вобласці абломкі расійскага беспілотніка ўпалі на шматпавярховік: адзін чалавек загінуў, яшчэ трое – параненыя.
У ноч на 31 сакавіка беспілотнікі чарговы раз атакавалі Ленінградскую вобласць РФ, у порце Усць-Луга ёсць пашкоджанні, паведаміў губернатар Ленінградскую вобласці Аляксандр Драздзенка.
* * *
* * *
Міністарка замежных спраў Фінляндыі Эліна Валтанен у інтэрв'ю Yle запэўніла, што яе краіна не патрабавала ад Украіны прыпыніць або паменшыць атакі на расійскія мэты, нягледзячы на інцыдэнты з «блукаючымі» дронамі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней заявіў, што некаторыя краіны «сігналізавалі» Украіне пра пажаданае скарачэнне дальніх атак на расійскі нафтавы сектар. Валтанен запэўніла, што Фінляндыя не выстаўляла ніякіх патрабаванняў адносна ўкраінскіх атак па Расіі, паколькі ўкраінцы вядуць абарончую вайну.
«Украіне дазволена абараняцца. Мы не вылучаем ніякіх патрабаванняў да Украіны адносна таго, на якія мэты яна імкнецца ўплываць у Расіі», – заявіла міністарка.
* * *
Урад Балгарыі абвясціў пра намер далучыцца да праграмы PURL па закупцы амерыканскай зброі для Украіны, паведаміў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
Ён адзначыў, што краіны актывізуюць дыялог аб супрацоўніцтве ў рамках «кааліцыі рашучых» і ініцыятывы ЕС па пераўзбраенні SAFE, і дадаў, што Балгарыя надала Украіне 16 пакетаў абароннай дапамогі.
«Я ўдзячны ўраду Балгарыі і балгарскаму народу за падтрымку Украіны», — адзначыў кіраўнік МЗС.
* * *
Раніцай 31 сакавіка ў Кіеў прыбыла кіраўніца знешнепалітычнага ведамства Еўрапейскага Саюза Кая Калас. Разам з ёй у Кіеў прыбылі міністры замежных спраў Германіі, Польшчы, Латвіі і Літвы – Ёхан Вадэфуль, Радаслаў Сікорскі, Байба Бражэ і Кястуціс Будрыс.
Візіт прымеркаваны да гадавіны разні ў Бучы, але ён праходзіць на фоне таго, як пытанне ўкраінскіх тэрыторый у кантэксце завяршэння расійска-ўкраінскай вайны зноў абвастрылася.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Axios заявіў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і яго каманда дзеля спынення вайны могуць аказваць ціск на Украіну наконт тэрытарыяльных саступак і патрабаваць вываду ўкраінскіх войскаў з уласных тэрыторый.
Паводле яго слоў, апошнія перамовы ўкраінскай дэлегацыі са спецпасланнікамі Трампа – Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам – у Маямі не прынеслі ніякіх вынікаў.
«Я ўпэўнены, што прэзідэнт Трамп і яго каманда хочуць пакласці канец вайне. Мая занепакоенасць заключаецца ў тым, што яны бачаць толькі адзін спосаб зрабіць гэта. Яны не бачаць іншага спосабу спыніць Пуціна, акрамя вываду ўкраінскіх войскаў з нашай тэрыторыі. Але чаму мы павінны за гэта плаціць? Мы не агрэсары. Мяне непакоіць тое, што ніхто насамрэч не ацэньвае небяспеку такога рашэння для нашай бяспекі», — заявіў Зяленскі.