«Жадалі Срэбраніцу XXI стагоддзя?» Міхаіл Падаляк жорстка звярнуўся да еўрапейскіх лідараў

У сувязі з вызваленнем Бучы і адкрытымі там злачынствамі акупантаў украінскі палітык усклаў адказнасць за бяздзейнасць на еўрапейскіх лідараў.

Міхаіл Падаляк

Міхаіл Падаляк

Раніцай 3 красавіка ўкраінскія войскі, што вызвалілі горад Бучу, знайшлі шмат забітых мірных жыхароў. Шакуючыя фотаздымкі абляцелі ўвесь свет. З нагоды зверстваў расійскіх акупантаў дарадца прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк размясціў у сваім тэлеграм-канале жорсткі тэкст, у якім усклаў адказнасць за бяздзеянне на еўрапейскіх палітыкаў. Публікуем гэты тэкст.

bucza2.jpg


«Бучанская разня.
Галоўнае ж, на думку нашых еўрапейскіх партнёраў, — не справакаваць рускіх? (Злая іронія). Галоўнае, каб Трэцяя сусветная не пачалася? Галоўнае, каб расійцы не пакрыўдзіліся і не выкарыстоўвалі… Што не выкарыстоўвалі? Ракеты, авіябомбы, танкі, не здзяйснялі масавыя забойствы грамадзянскіх, бамбардзіроўкі жылых кварталаў, масавыя расстрэлы, як у канцэнтрацыйных лагерах? Што яны яшчэ не выкарыстоўвалі?

bucza.jpg


Як вынік, свет атрымаў татальны невымоўны жах антычалавечнасці ў Бучы, Ірпені, Гастомелі. Сотні, тысячы забітых, разадраных, згвалтаваных, звязаных, зноў згвалтаваных і зноў забітых. Сотні, тысячы мірных украінскіх грамадзян. Забіты з асаблівым зверствам.

bucza3.jpg


Вельмі стромкія і ўсёдасведчаныя ўчорашнія і сённяшнія «лідары Еўропы», сотні дзеючых еўрапалітыкаў, якія сытна ядуць і спакойна спяць зараз у сваіх ложках, ці няма ў вас жадання ўважліва паглядзець на гэты фотаархіў пекла-XXI, учыненага рускімі ў Кіеўскай вобласці? Жадалі Срэбраніцу XXI стагоддзя? Атрымалі? Задаволены? Жадалі рэінкарнаваць Трэблінку, заахвочваючы «рускі мір»? Жадалі ўспомніць, што такое пякельны жах працуючых крэматорыяў, якія жыўцом спальваюць людзей, таму што яны ўкраінцы? Паспрабуйце зноў адвярнуцца? Арганізаваць чарговы саміт, каб заклапаціцца і пакруціць галавой?

bucza4.jpg


Нельга забараняць рускую літаратуру ў еўрапейскіх універсітэтах — гэта так негуманна?
Яшчэ раз уважліва паглядзіце на тысячы разадраных, згвалтаваных, спаленых украінцаў. У XXI стагоддзі. У рамках «спецаперацыі». Разадраных РУСКІМІ. А зараз яшчэ раз скажыце ўсяму свету аб тым, што РФ — гэта нармальна, гэта бізнес, што нельга забараняць Рахманінава. Паглядзіце і скажыце. Або адвярніцеся. Галоўнае ж — не справакаваць. А яны няхай масава рэжуць украінцаў…»