Колькасць страт Расіі у вайне з Украінай дасягнула 1 300 000 чалавек
На фоне маштабных страт Расіі у вайне з Украінай кіраўніцтва РФ прыдумала новы спосаб «схаванай мабілізацыі», і адпраўляе на фронт тых, каго раней абяцала на фронт не адпраўляць. У той час як дасягненні на фронце па-ранейшаму даводзіцца маляваць. Ідуць 1499-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 146 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 31 штурмавое дзеянне расіян ў раёнах Біліцкага, Радзінскага, Новааляксандраўкі, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Грышына, Філіі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 20 атак у раёнах Варвароўкі, Залізнічнага, Гуляйпольскага, Гіркага, Святапетроўкі, Аленаканстанцінаўкі і Мірнага.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 17 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іванаполля, Сцяпанаўкі, Яблонаўкі і Сафіеўкі.
На Купянскім кірунку расійцы 12 разоў атакавалі у раёнах Курылаўкі, Бароўскай Андрэеўкі, Пясчанага, Кіўшараўкі, Новаплатонаўкі і Новаасінава.
* * *
У раёне Пакроўска-Мірнаградскай агламерацыі Сілы абароны Украіны спынілі наступленне расійскіх войскаў адразу на некалькі населеных пунктаў, паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў Telegram.
Паводле яго слоў, Пакроўскі кірунак застаецца самым гарачым на ўсёй 1200-кіламетровай працягласці актыўнага фронту. Генерал здзейсніў чарговую рабочую паездку ў гэты сектар.
«Высокая актыўнасць расійскіх акупацыйных войскаў патрабуе ад нас пастаяннай канцэнтрацыі намаганняў, нестандартных рашэнняў і якаснага ўзаемадзеяння падраздзяленняў. Пра гэта ішла гаворка падчас нарады ў штабе 1-га корпуса НГУ Азоў», — паведаміў Сырскі.
«Нашы бягучыя задачы нязменныя — выключэнне актыўных дзеянняў праціўніка, далейшае нанясенне яму адчувальных страт, захаванне жыцця нашых воінаў», — падкрэсліў Сырскі.
* * *
Улады РФ заявілі, што нібыта цалкам захапілі Луганскую вобласць. Трэцяя штурмавая брыгада Украіны гэту інфармацыю абвяргае.
У Трэцяй штурмавой брыгадзе падкрэслілі, што яе падраздзяленні ўсё яшчэ знаходзяцца на тэрыторыі Луганскай вобласці, і дадалі, што за паўгода акупанты здзейснілі там 144 спробы штурмаў у раёне вёсак Надзея і Новаягораўка, якія знаходзяцца каля адміністрацыйнай мяжы з Харкаўскай вобласцю. Штурмы непазбежна заканчваюцца для расіян вялікімі стратамі.
* * *
Расійскія ўлады пачалі схаваную прымусовую мабілізацыю на фоне завоблачных страт сваіх салдат на вайне і імклівага скарачэння тэмпаў набору навабранцаў, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Згодна з данымі ISW, 20 сакавіка губернатар Разанскай вобласці выдаў указ, які абавязвае сярэднія і буйныя прадпрыемствы самастойна адбіраць супрацоўнікаў для заключэння кантрактаў з Мінабароны РФ.
«Указ патрабуе ад прадпрыемстваў з колькасцю супрацоўнікаў ад 150 да 500 чалавек адбіраць ад двух да пяці работнікаў для заключэння кантрактаў, у залежнасці ад памеру прадпрыемства», — гаворыцца ў дакуменце.
Адзначаецца, што указ аб такой «мабілізацыі» будзе дзейнічаць як мінімум да 20 верасня 2026 года.
Расія ідзе на такія крокі праз крытычную сітуацыю з чалавечымі рэсурсамі: у студзені гэтага года ўзровень вярбоўкі ўпаў ніжэй за ўзровень страт — упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны.
«Указ ад 20 сакавіка з’яўляецца працягам расійскіх тайных мабілізацыйных намаганняў, накіраваных на прадухіленне чарговага прымусовага прызыву і працяг падрыхтоўкі чалавечых рэсурсаў для фронту ва Украіне», — упэўнены ў ISW.
Аналітыкі таксама лічаць, што такая мабілізацыя ў такім фармаце праводзіцца не выпадкова: Крэмль свядома стварае ўмовы, каб перакласці адказнасць за прымусовы прызыў на кіраўнікоў прадпрыемстваў і рэгіянальныя ўлады.
«Прымусова мабілізаваныя супрацоўнікі, верагодна, накіруюць свой гнеў на прадпрыемствы, якія іх выбралі, або на губернатара, які выдаў указ, хоць у канчатковым выніку адказнасць за непрымальна высокі ўзровень страт расійскіх войскаў ляжыць на Крамлі», — сказана ў справаздачы.
Таксама РФ плануе прыцягнуць да баявых дзеянняў увесь мабілізаваны асабовы склад, які зараз знаходзіцца на тэрыторыі часова акупаванага Крыма.
* * *
У ноч на 2 красавіка Расія атакавала Украіну 172 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 147 БпЛА.
Адзін чалавек загінуў і двое, сярод якіх дзіця, атрымалі раненні ў выніку расійскіх удараў па Сінельнікаву ў Днепрапятроўскай вобласці ноччу 2 красавіка.
Расійскія вайскоўцы дронам папалі ў жылы дом у Чугуеве Харкаўскай вобласці, узнік пажар на двух паверхах. Інфармацыя аб пацярпелых і разбурэннях удакладняецца.
У выніку атакі беспілотнікаў ноччу 2 красавіка на нафтаперапрацоўчым заводзе ў сталіцы Башкартастана (РФ) Уфе ўзнік пажар.
* * *

* * *
Кіраўнік Белага дома Дональд Трамп падчас стасункаў з журналістамі заявіў, што ЗША не павінны былі «лезці ва Украіну».
«Мы трацім мільярды. Ведаеце, нам не трэба было лезці ва Украіну. Украіна — за тысячы міль адсюль, праз акіян. Мы ім дапамаглі. У нас быў прэзідэнт — проста дурань: аддаў ім 350 мільярдаў долараў, нічога не атрымаўшы ўзамен, аддаў ім столькі грошай, патраціў столькі боепрыпасаў. Цяпер мы вырабляем боепрыпасы па ўсёй краіне, таму што яны нам патрэбныя, таму што ён так шмат аддаў Украіне і нічога за гэта не атрымаў. А я прадаю ім боепрыпасы. За гэта плаціць Еўрапейскі Саюз», — сказаў ён.
Раней Трамп пагражаў еўрапейскім саюзнікам спыніць пастаўкі зброі Украіне па праграме PURL, калі яны не далучацца да аперацыі па разблакаванні Армузскага праліва.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў у вячэрнім відэазвароце, што правёў перамовы са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам і зяцем Дональда Трампа Джарэдам Кушнерам. У размове таксама ўдзельнічалі генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ і сенатар ЗША Ліндсі Грэм.
Паводле слоў Зяленскага, гаворка ішла аб прапанове Украіны па спыненні агню, а таксама аб гарантыях бяспекі і прыцягненні еўрапейскіх партнёраў. Прэзідэнт заявіў, што бакі дамовіліся ўзмацніць гарантыі бяспекі для Украіны.
«Я ўжо даручыў нашай камандзе даць аператыўнае абнаўленне дакументаў, каб гарантыі бяспекі для Украіны былі моцнымі, і каб перспектыва аднаўлення пасля вайны была рэальнай. Каб усё было працаздольным. Усё павінна быць актуальным. Мы бачым, якія змены ў свеце, як шмат можа змяніцца за адзін момант. Гэта тычыцца і альянсаў, і выклікаў бяспекі», — заявіў Зяленскі.
Паводле слоў прэзідэнта Украіны , прадстаўнікі ЗША гатовыя працаваць разам для дасягнення кампрамісаў у пытаннях завяршэння вайны.
«Ключ у тым, як і пра што мы ўсе разам гаворым з Расіяй. І ў тым, як падрыхтаваны дакументы, у прыватнасці аб гарантыях бяспекі, каб украінцы ясна разумелі, як партнёры будуць рэагаваць у выпадку паўтарэння расійскай агрэсіі і што, уласна, будзе стрымліваць Расію ад агрэсіі», — дадаў кіраўнік Украіны.