Эфектыўнасць супрацьпаветранай абароны Украіны ў сакавіку склала 90%
Краіны Блізкага Усходу могуць зайздросціць — у сакавіку Украіна перахапіла больш за 90% расійска-іранскіх ударных беспілотнікаў. Але гэта, на жаль, не набліжае яе сяброўства ў ЕС. А ініцыятыву ЗША ў мірных перамовах па Украіне гатовая перахапіць Турцыя. Ідуць 1501-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Фота GettyImages
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 157 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 4 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 35 штурмаў расіян ў раёнах Біліцкага, Шаўчэнка, Радзінскага, Новааляксандраўкі, Грышына, Сергіеўкі, Удачнага, Мураўкі, Мірнаграду, Пакроўску і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 23 атакі ў раёнах Клебан-Быка, Плешчыеўкі, Іванаполля, Русінага Яру і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 16 атак арміі РФ у раёнах Гуляйполя, Аленаканстанцінаўкі, Варвароўкі, Зялёнага і ў бок Дабраполля, Прылук, Чароўнага, Залізнічнага.
На Аляксандраўскім і Купянскім кірунках зафіксавана па восем атак на кожным.
* * *
На Канстанцінаўскім кірунку фіксуюць выпадкі сабатажу сярод расійскіх вайскоўцаў. Салдаты свядома псуюць, каб пазбегнуць адпраўкі на перадавую, паведамляе ўкраінскі партызанскі рух «АТЭШ».
У адным з падраздзяленняў 255-га мотастралковага палка РФ сярод асабовага складу сфарміравалася ўстойлівая практыка наўмыснага псавання тэхнікі перад ратацыямі або баявымі выхадамі. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра механічныя пашкоджанні рухавікоў, зліў тэхнічных вадкасцяў, а таксама псаванне электраправодкі і паліўных сістэм.
«Людзі не хочуць туды. Хто можа зламаць — ламае. Камандзірам таксама няма сэнсу раздзімаць скандал, бо яны самі разумеюць, куды іх гоняць», — заявіў агент партызанскага руху.
У «АТЭШ» лічаць, што страх перад перадавой у расійскіх вайскоўцаў ужо вышэйшы за страх перад дысцыплінарнымі пакараннямі. У выніку тэхніка, якая павінна заставацца ў гатоўнасці, прастойвае, а самі падраздзяленні фактычна падрываюць уласную боегатоўнасць.
Паводле даных «АТЭШ», гаворка ідзе не пра адзінкавыя выпадкі, а пра сістэмную карціну на Канстанцінаўскім кірунку. У руху дадалі, што працягваюць фіксаваць такія тэндэнцыі і працаваць з крыніцамі ўнутры акупацыйных структур.
* * *
Расія атакавала Украіну 286 ударнымі дронамі з шасці кірункаў у ноч на 4 красавіка. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 260 дронаў тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікаў іншых тыпаў. Атака працягваецца, у паветранай прасторы Украіны каля 20 варожых беспілотнікаў.
У ноч на 4 красавіка расійскія войскі нанеслі ўдары па жылым сектары ў цэнтры Сум, у выніку ўзнік пажар у шматпавярхоўцы, 11 пацярпелых, сярод іх — дзіця.
У ноч на 4 красавіка беспілотнікі атакавалі расійскі горад Тальяці Самарскай вобласці Расіі, паводле даных паблікаў, былі ўражаныя два хімічныя заводы, узніклі пажары.
* * *
У сакавіку ўкраінская СПА перахапіла амаль 90% паветраных мэтаў, у тым ліку больш за 90% дронаў, нягледзячы на рост колькасці камбінаваных удараў з боку РФ, паведаміла Мінабароны Украіны.
Усяго ў сакавіку выяўлена каля 6600 мэтаў. Удалося нейтралізаваць 5935 БпЛА і ракет, а менавіта:
- дроны тыпу «Шахед» і іншыя — зафіксаваны запуск 6463 БпЛА, перахоплена 5833 адзінкі. Эфектыўнасць склала 90,25%;
- крылатыя і балістычныя ракеты — зафіксаваны запуск 138 ракет, перахоплена 102 адзінкі. Эфектыўнасць склала амаль 74%.
Агульны паказчык перахопу паветраных мэтаў у сакавіку дасягнуў 89,9%.
Самая высокая інтэнсіўнасць прымянення ўдарных БпЛА была зафіксавана 24 сакавіка, калі за суткі расіяне выпусцілі амаль 1000 дронаў. Тады ўдалося збіць або пасадзіць 94,6% паветраных мэтаў.
Самая буйная ракетная атака адбылася 14 сакавіка — з 68 запушчаных ракет абаронцы перахапілі 58. У той жа дзень Расія атакавала 430 дронамі, удалося перахапіць больш за 400 адзінак.
* * *

* * *
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган у тэлефоннай размове з кіраўніком РФ Уладзімірам Пуціным падкрэсліў недапушчальнасць зрыву намаганняў па дасягненні міру ў расійска-ўкраінскай вайне, паведаміла прэс-служба канцылярыі турэцкага прэзідэнта.
«Важна, каб намаганні Турцыі па мірным завяршэнні вайны паміж Расіяй і Украінай не сустракалі перашкод», — сказаў Эрдаган.
Турэцкі лідар заклікаў бакі ўстрымлівацца ад дзеянняў, якія могуць прывесці да эскалацыі напружанасці. Паводле слоў прэзідэнта Турцыі, атакі на грамадзянскія судны ў Чорным моры шкодзяць стабільнасці ў рэгіёне.
* * *
Еўракамісарка па пытаннях пашырэння Марта Кос у эфіры ўкраінскага тэлемарафону заявіла, што класічны падыход да прыняцця новых членаў застаецца актуальным, нягледзячы на ўнікальны вопыт Украіны ва ўмовах вайны.
Кос адзначыла, што захаванне ўстаноўленых правіл неабходна для забеспячэння сапраўднай гатоўнасці краіны да жыцця ўнутры блока. «Выключэнні для вашай краіны не дапамаглі б ёй, не ўзмацнілі б яе — гэта падарвала бы давер да ўсяго працэсу і вашага сяброўства ў будучыні», — падкрэсліла Марта Кос.
Яна дадала, што Украіна павінна ўзмацніць Еўрасаюз сваім уступленнем, а для гэтага грамадства і эканоміка павінны прайсці поўную трансфармацыю. Еўракамісія ўжо максімальна паскарае і ўдасканальвае працэдуры для Украіны, аднак канчатковыя тэрміны залежаць выключна ад тэмпаў унутраных пераўтварэнняў.
«Кожная рэформа набліжае Украіну да членства ў ЕС. Калі рэформы паскараюцца — набліжаецца і ўступленне, калі рэформы замаруджваюцца, то дата ўступлення аддаляецца адпаведным чынам», — падагульніла яна.
* * *
Канада накіравала на рэалізацыю розных праектаў гуманітарнай дапамогі ва Украіне больш за 51 мільён канадскіх долараў (каля 39 млн долараў ЗША), заявілі ў МЗС Канады пасля завяршэння візіту дзяржаўнага сакратара па міжнародным развіцці Рандзіпа Сарая ва Украіну.
«Дзяржаўны сакратар абвясціў аб выдзяленні 51,1 млн долараў на дапамогу Украіне ў рэагаванні на неадкладныя гуманітарныя патрэбы, адначасова спрыяючы доўгатэрміноваму аднаўленню і рэфармаванню», — гаворыцца ў заяве.
Адзначаецца, што гэтыя сродкі будуць выкарыстаны на забеспячэнне насельніцтва медыцынскай дапамогай, харчаваннем, жыллём, а таксама нарошчванне патэнцыялу Украіны па наданні інклюзіўных дзяржаўных паслуг і падтрымцы ветэранаў.
«Канада — непахісная ў сваёй падтрымцы Украіны не толькі падчас вайны з Расіяй, але і ў будучым аднаўленні. Працуючы разам з кіраўнікамі Украіны, рэгіянальнымі партнёрамі ў Польшчы, грамадзянскай супольнасцю і прыватным сектарам, мы дапамагаем закласці падмурак устойлівай, моцнай і інклюзіўнай Украіны», — сказаў дзяржаўны сакратар Сарай.