Украіна падпісвае абаронныя пагадненні з краінамі Персідскай Затокі. Што атрымае Кіеў?
Украіна падпісала абароннае пагадненне з Катарам і з Саудаўскай Аравіяй. Рыхтуецца аналагічны дакумент з ААЭ. Кіеў будзе дапамагаць дронамі-перахопнікамі па добрым кошце. Але прыярытэтам усё роўна застаецца УСУ. Ідуць 1495-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з bloomberg.com
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 236 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 57 штурмаў расіян у раёнах Біліцкага, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Новага Шахавага, Чырвонага Ліману і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбыліся 33 атакі ў раёнах Гуляйполя, Варвароўкі, Аленаканстанцінаўкі, Мірнага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 27 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Новапаўлаўкі, Клебан-Быка, Іванаполля, Яблонаўкі і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку армія РФ атакавала 22 разы ў раёнах Цярновага, Аляксандраграду, Іванаўкі, Зялёнага Гаю, Січневага і іншых.
На Арэхаўскім кірунку расійцы дзесяць разоў атакавалі у раёнах Малой Такмачкі, Наваданілаўкі, Малых Шчарбакоў ды Стэпавага.
* * *
Намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што цяпер у РФ не разглядаюць правядзенне новай хвалі мабілізацыі, бо наяўнай колькасці кантрактнікаў дастаткова.
Паводле слоў Мядзведзева, цяперашняя колькасць вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны на кантрактнай аснове, дазваляе абыходзіцца без новых прызыўных кампаній.
«Тых асоб, якія заключылі дагавор, кантракт аб нясенні ваеннай службы ў войсках для ўдзелу ў Аб’яднанай групоўцы войскаў падчас спецыяльнай ваеннай аперацыі цалкам дастаткова для выканання ўсіх баявых задач», – запэўніў расійскі палітык.
Паводле яго слоў, з пачатку 2026 года кантракты на службу заключылі больш за 80 тысяч чалавек, а на працягу мінулага года колькасць падпісаных кантрактаў перавысіла 400 тысяч.
Нагадаем, паводле ацэнак Генштаба УСУ страты Расіі ў вайне з Украінай за 2025 год склалі больш за 418 тысяч чалавек (забітымі і параненымі). Мінабароны Вялікабрытаніі прыводзіць лічбу каля 415 тысяч чалавек.
* * *
28 сакавіка на працягу дня і ноччу вораг атакаваў Мікалаеўскую вобласць «Шахедамі». Найбольш трагічны інцыдэнт адбыўся ў Васкрасенскай грамадзе Мікалаеўскага раёна — там БпЛА атакаваў грамадскае месца адпачынку. Раненні атрымалі дзесяць чалавек: дзве жанчыны (40 і 18 гадоў) і восем дзяцей (пяць дзяўчынак і трое хлопчыкаў ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў). 40-гадовая жанчына і дзве дзяўчынкі (13 і 15 гадоў) знаходзяцца ў цяжкім стане. Астатнія шасцёра дзяцей — у стане сярэдняй цяжкасці. Усе пацярпелыя шпіталізаваны.
Ноччу і раніцай расійскія войскі працягнулі атаку дронамі на Адэсу і вобласць. У рэгіёне тры разы аб’яўлялі паветраную трывогу. Пра пацярпелых не паведамляецца.
Расійская армія нанесла ўдар па Хмяльніцкай вобласці, у выніку чаго ў вобласці ўзніклі перабоі з электразабеспячэннем.
У ноч на 29 сакавіка расійская Ленінградская вобласць зноў падвергнулася атацы беспілотнікаў, у выніку якой узнік пажар у порце Усць-Луга.
* * *

* * *
У Расіі заявілі пра пачатак маштабнага выпуску беспілотнага лятальнага апарата пад назвай «Князь Уладзімір Святаславіч». Вытворчасцю займаецца кампанія «Ушкуйнік». Адзначаецца, што распрацоўка ўжо прайшла апрабацыю на фронце, што дазволіла перайсці да серыйнай вытворчасці.
Галоўнай асаблівасцю дрона з’яўляецца крыло авальнай формы, якое фактычна апяразвае корпус коптэра. Такая аэрадынамічная схема дазваляе выконваць вертыкальны ўзлёт, пасля чаго БпЛА пераходзіць у гарызантальны рэжым, кладучыся на крыло. Гэта дазваляе значна павялічыць хуткасць і далёкасць палёту.
Паведамляецца, што БпЛА КВС адносіцца да катэгорыі ўдарных апаратаў сярэдняй далёкасці. Ён прызначаны для нанясення хуткіх і дакладных удараў, што робіць яго паўнавартасным баявым сродкам у сваёй нішы.
* * *
Украіна падпісала абароннае пагадненне з Катарам і з Саудаўскай Аравіяй. Рыхтуецца аналагічны дакумент з ААЭ, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па выніках свайго візіту на Блізкі Усход. Паводле яго слоў, асноўным пытаннем з’яўляюцца пастаўкі дронаў-перахопнікаў.
«Дзесяцігадовыя кантракты стратэгічнага ўзроўню ўжо ёсць з трыма краінамі Блізкага Усходу. Не буду казаць на якую суму мільярдаў — не мільёнаў, – а менавіта мільярдаў для нашых экспарцёраў. Усе заробяць. Украіна заробіць. Мы не страцім, бо будзем кантраляваць, каб нашым байцам дастаткова заставалася», – адказаў ён.
Зяленскі распавёў, што адна прыватная кампанія ўжо прадала 1000 дронаў-перахопнікаў пэўнай краіне, якую ён не назваў. Паводле яго звестак, кошт кантракта складаў каля 3,5 млн долараў і гэтая сума не з’яўляецца вялікай для кампаніі, якая мела дзяржаўны кантракт на 300 млн еўра.
Зяленскі падкрэсліў, што таксама ўзнікае пытанне аб навучанні, як правільна прымяняць дроны-перахопнікі падчас баявых дзеянняў, але прыярытэт усё роўна застаецца ва Украіне. «Мяне просяць: "А можна адправіць яшчэ аператараў?" І я кажу: "Не"», — сказаў прэзідэнт Украіны і падкрэсліў, што ва ўсіх пытаннях прыярытэтам павінны заставацца патрэбы УСУ.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія ажыццяўляе разведку для Ірана і праводзіць здымкі ваенных баз ЗША і стратэгічных аб’ектаў. Гэта адбываецца ў той час, калі Вашынгтон аслабляе санкцыі супраць Масквы.
Паводле яго слоў, разведка паведаміла яму, што расійскія спадарожнікі ў інтарэсах Ірана ажыццявілі здымкі ваенных аб’ектаў ЗША на Блізкім Усходзе і ў рэгіёне Заліва. У прыватнасці, былі фіксацыі міжнароднага аэрапорта Кувейта; часткі тэрыторыі нафтавага промыслу на базе радовішча Вялікі Бурган; авіябаза «Прынц Султан» у Саудаўскай Аравіі; нафтагазавага радовішча Шайбах (Саудаўская Аравія); авіябазы Інджырлік (Турцыя) і авіябазы Аль-Удэйд (Катар).
Зяленскі адзначыў, што калі РФ праводзіць здымку аб’ектаў ва Украіне, то Украіна ўжо прадугледжвае ўдары па гэтых аб’ектах. «Усе ведаюць, для чаго здымка, — яны рыхтуюцца», — адзначыў кіраўнік Украіны.
«Атрымліваецца дзіўна. Здымаюцца санкцыі, а агрэсар перадае інфармацыю, каб біць па аб’ектах тых краін, якія кажуць пра зняцце санкцый або ўжо іх здымаюць», — падагульніў прэзідэнт Украіны.