Прысуды за данаты, «тэрарызм» пасля вяртання з Польшчы і новыя завочныя суды. Хронікі рэпрэсій 12 траўня

 У Беларусі працягваюцца палітычныя прысуды за данаты, каментары і сувязі з незалежнымі ініцыятывамі. Айцішніка асудзілі на пяць гадоў калоніі за пераводы ў фонды салідарнасці, былога вайскоўца — на вялікі тэрмін паводле «тэрарыстычных» артыкулаў, а ў Мінску вынеслі чарговыя завочныя прысуды.

1_1097_1.png

Беларускага айцішніка затрымалі пасля вяртання з Польшчы і адправілі ў калонію за данаты

Стала вядома пра прысуд беларускаму IT-спецыялісту Паўлу Кабердзе. Яго справу ў Гродзенскім абласным судзе разглядаў суддзя Валерый Раманоўскі, дзяржабвінаваўцам выступіў А. Люцко.

Мужчыну судзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»). Падставай сталі данаты праз PayPal у 2020–2022 гадах у адрас BYSOL, BY_help, BYPOL і іншых ініцыятыў.

Большасць пераводаў складала ад 10 да 50 еўра, усяго іх было каля дзесяці. Каберда тлумачыў, што хацеў дапамагчы людзям, якія пацярпелі падчас пратэстаў або страцілі працу.

Суд прызначыў яму пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 300 базавых велічынь — 12 тысяч рублёў.

Былы вайсковец з Брэста, які вярнуўся з Польшчы, атрымаў абвінавачанні ў «тэрарызме»

61-гадовага Аляксандра Рудчыка прызналі вінаватым паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «стварэнне злачыннай арганізацыі», «ўдзел у тэрарыстычнай дзейнасці» і «ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы».

Рудчык нарадзіўся ў расійскім Скаварадзіне, скончыў Вайсковы фінансава-эканамічны інстытут Міністэрства абароны Расіі і служыў лейтэнантам. У Беларусі ён жыў шмат гадоў і з 2003 года працаваў аўдытарам як індывідуальны прадпрымальнік.

Паводле «Нашай Нівы», у сацсетках мужчына адкрыта выказваў антыпуцінскія і антылукашэнкаўскія погляды.

З 2022 года ён жыў за межамі Беларусі, у тым ліку ў Польшчы, аднак пазней апынуўся ў краіне. Нядаўна Брэсцкі абласны суд вынес яму прысуд, аднак дакладны тэрмін пакуль не паведамляецца.

Да 17 гадоў калоніі: у Мінгарсудзе вынеслі чарговыя завочныя прысуды

8 траўня Мінскі гарадскі суд вынес завочныя прысуды Яўгеніі Тачыцкай, Кацярыне Востравай і Антаніне Найдовіч.

Іх судзілі паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), а Найдовіч таксама — паводле арт. 369 («абраза прадстаўніка ўлады»).

Яўгенію Тачыцкую, якая праходзіць па «справе Мачулішчаў», завочна асудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама па гэтай справе быў асуджаны Андрэй Балмакоў — верагодна, гаворка ідзе пра адваката, які пасля пратэстаў 2020 года абараняў беларусаў па палітычных справах.

Андрэя Балмакова затрымалі ў сакавіку 2025 года паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што справа звязаная з BYPOL. Да лютага 2026 года ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, пасля быў пераведзены ў СІЗА-1.

Падрабязнасці яго пераследу і вынесены прысуд пакуль невядомыя.

Жыхара Мазыра асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

41-гадовага мазырчука Паўла Чарняка ў Гомельскім абласным судзе прызналі вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК).

Які менавіта прысуд вынеслі мужчыну, пакуль высвятляецца, але вядома, што ён звязаны з пазбаўленнем волі — гэта або калонія, або «хімія» з накіраваннем у папраўчую ўстанову, паведамляе «Гомельская Вясна».

КДБ затрымаў грамадзяніна Літвы — яго абвінавачваюць у шпіянажы

Дзяржаўны тэлеканал АНТ паведаміў пра затрыманне грамадзяніна Літвы Міраславаса Троцкіса. Яго падазраюць у шпіянажы.

Паводле версіі беларускіх спецслужбаў, мужчына прыехаў у Беларусь «пад легендай аднаўлення бацькоўскага дома», але насамрэч нібыта быў агентам з пазыўным «Рынга» і знаходзіўся пад назіраннем беларускай контрразведкі з моманту ўезду ў краіну.

Сцвярджаецца, што ён збіраў інфармацыю пра «стратэгічныя і вайсковыя аб’екты».