«Бла-бла-грошы»: якая карысць ад «імпартазамяшчальнага» крэдыту?

Чым больш імкліва бяжыць час, тым больш чалавечая псіхіка прыстасоўваецца да змен. Гэта, безумоўна, добра і не дае мазгам захраснуць. Тое, што ўчора лічылася жахлівым, сёння ўспрымаецца як камарыны ўкус. Напрыклад, хто памятае цяпер пра COVID-19?

1383324995_1329178354.jpg


Імаверна, таму нас пачынаюць хваляваць больш прыземленыя, невідавочныя, але не менш важныя рэчы. Напрыклад, на тыдні найбольш частай падставай для абмеркавання стала не заява Лукашэнкі пра тое, што ён удзельнічае ў расійскай «спецаперацыі» (хаця гэтае прызнанне таксама нечага вартае), а тое, што ён заклікаў «мабілізаваць» школьнікаў на ўборку ўраджаю. Адразу ўзгадалі і няшчасныя выпадкі «на бульбе», і тое, што гэта было некалі наўпрост забаронена Міністэрствам адукацыі, людзі задумаліся над азначэннем «дзіцячая праца» (дарэчы, а «мабілізаваным на ўборку» школьнікам плаціць за працу будуць?) і якасцю такой «працы», якая, насамрэч, пад вялікім сумневам.

Кепска, канешне, што цяпер «не да законаў» распаўсюджваецца і на дзяцей. Але сам факт такога абмеркавання паказвае — глабальнае не пераважае над лакальным. Цікавасць да дэталяў — таксама добрая ўласцівасць функцыянавання мозгу.

Таму мы звернемся да «невідавочных» навін, якія прыйшлі на гэтым тыдні. Памятаеце «афіцыйную» падставу для візіту Лукашэнкі ў Сочы? Як прагаварыўся пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты, ёй стала ўзгадненне ўмоў крэдыту (як высветлілася) «на імпартазамяшчэнне». Цяпер з’явіліся некаторыя цікавыя падрабязнасці.

Як перадало РІА «Навіны», расійскі віцэ-прэм'ер Аляксей Авярчук наконт гэтага крэдыту сказаў: «Ці падпісалі, ці вось-вось падпішам. Гэта рашэнне прынята, і ў прынцыпе ўсе параметры пагаднення ўзгоднены. На 1,5 мільярда долараў на праекты, якія будуць звязаны з імпартазамяшчэннем і развіццём адпаведных вытворчасцяў».

Дык «падпісалі» ці «вось-вось падпішам»? Параметры «ўзгоднены» ці «ў прынцыпе ўзгоднены»? Улічваючы тое, што гэтага крэдыту Беларусь чакае ці не з пачатку года, а цяпер ужо кастрычнік, то, можа, не варта адназначна казаць пра тое, што Расія выдасць гэты крэдыт? А можа, і варта казаць — Авярчук жа нічога не сказаў, КАЛІ Расія яго дасць…

Ці, напрыклад, Галоўчанка сустрэўся са старшынёй праўлення Еўразійскага банка развіцця Мікалаем Падгузавым. Па выніках сустрэчы было адрапартавана, што ЕАБР таксама выдасць Беларусі грошы ў памеры 1,5 мільярда долараў. Але неяк не акцэнтуецца ўвага на тым, што гэтыя 1,5 мільярда, як адзначыў Падгузаў, па-першае, выдаюцца Беларусі як удзельніку ЕАБР у звязку з «краінавай стратэгіяй» фонду, а па-другое, на працягу пяці гадоў, да 2026 года.

То-бок, насамрэч, гэта ніякі не прарыў — грошы далі б так і так. І да таго ж, 1,5 мільярда — гучыць прыгожа. Больш прыгожа, чым 300 мільёнаў на год, якія зусім «не выратуюць гіганта думкі і бацьку рускай дэмакратыі».

Дый вельмі цікавае супадзенне: два крэдыты з аднолькавай лічбай… Ці не станецца так, што гэта будзе, насамрэч, толькі адзін крэдыт, бо якраз Расія грае «першую скрыпку» ў ЕАБР?

Але давайце паглядзім на само наша «імпартазамяшчэнне». Як было зразумела з прамоў Лукашэнкі і Пуціна, першачарговая іх задача — «замясціць» мікраэлектроніку, якую цяпер адрэзалі заходнія санкцыі. І вось днямі было апублікавана пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі «ў галіне развіцця мікраэлектронных тэхналогій, праектавання і вытворчасці электроннай кампанентнай базы і электроннага машынабудавання».

Калі яго чытаць уважліва, атрымліваецца фенаменальная рэч. Бакі дамовіліся развіваць супрацоўніцтва ў сферы мікраэлектронікі ў форме планавання і рэалізацыі сумесных праграм і праектаў. Таксама яны будуць весці абмен навуковай і тэхнічнай інфармацыяй, адмысловымі ведамі, эксперыментальнымі данымі і матэрыяламі ў розных галінах радыёэлектроннай, электратэхнічнай і оптыка-механічнай прамысловасці. Будуць распрацоўвацца і рэалізоўвацца сумесныя праекты, а таксама праводзіцца кірмашы і выставы прамысловай прадукцыі, бізнес-форумы.

Пагадненне прадугледжвае правядзенне перыядычных кансультацый з мэтай абмену вопытам работы ў вытворчым сектары, выяўлення прыярытэтаў і аб'яднання намаганняў у развіцці кааперацыйных сувязяў, забеспячэння ўмоў для больш плённага супрацоўніцтва. Пры неабходнасці могуць стварацца рабочыя групы і распрацоўвацца сумесныя планы мерапрыемстваў, арганізоўвацца сумесная праца падведамных прадпрыемстваў.

Ну і гэтак далей. Па факце мы бачым, што «бакі» дамовіліся пра «бла-бла-бла». «Супрацоўніцтва ў форме планавання» — цікавая форма супрацоўніцтва. «Перыядычныя кансультацыі», «рабочыя групы», «абмен навуковай і тэхнічнай інфармацыяй» (без пагаднення, праз навуковыя і профільныя часопісы гэта не робіцца?), «выставы прамысловай прадукцыі і бізнес-форумы» (галоўнай іх часткай будзе з’яўляцца фуршэт, я правільна разумею?).

Але ў прынцыпе сітуацыя зразумелая — што яшчэ можна было напісаць? Што Расія, што Беларусь не з’яўляюцца якімі-кольвек лідарамі ў галіне мікраэлектронікі. Увогуле, мы адсталі ад сусветнай мікраэлектронікі назаўсёды яшчэ тады, калі ў 1950-х у СССР кібернетыку абвясцілі «ілжэнавукай». З тых часоў мы ўсё імкнёмся «дагнаць і перагнаць Амерыку», але сусветны досвед сягнуў настолькі далёка, што нам толькі і застаецца «супрацоўнічаць у форме планавання».

Дарэчы, пра СССР. Сусветны банк выдаў новы прагноз эканамічнага развіцця Беларусі, у якім палепшыў планаваныя паказчыкі краіны на гэты год (спад ВУП у 6,2% замест вясновага прагнозу ў мінус 6,5%), але пагоршыў на наступны год (спад ВУП на 2,3% замест росту ў 1,5%). Але галоўнае ў высновах аналітыкаў — зноў жа не ў асноўных лічбах. Эксперты банка пішуць, што «імпартазамяшчальная палітыка ў першую чаргу сканцэнтравана на машынабудаванні, для яе рэалізацыі хочуць прыцягнуць расійскія сродкі. Аднак такі падыход не вырашыць усе праблемы скарачэння прапановы на спажывецкім рынку. Стымулявальная грашова-крэдытная палітыка можа стрымаць маштабы эканамічнага спаду, але павялічвае рызыкі для фінансавай і макраэканамічнай стабільнасці ў будучыні».

Гэта менавіта тое, на чым «пракалоўся» СССР. Краіна, якая выдатна рабіла танкі ды касмічныя караблі, не магла забяспечыць сваіх грамадзян якаснай вопраткай ды іншымі звычайнымі таварамі (памятаеце такое слова — «дэфіцыт»?). «Праблемы скарачэння прапановы на спажывецкім рынку» ў выніку і загналі СССР у магілу.

А паколькі машынабудаванне — толькі частка, і не асабліва значная, беларускай эканомікі, Сусветны банк чакае падзення рэальных даходаў насельніцтва ў 2022-2023 гадах.

Але больш істотнае іншае. Усе гэтыя «імпартазамяшчэнні» і «па шляху СССР» — гэта шлях у мінулае, а не ў будучыню. Гэта капсуляванне сітуацыі, а не развіццё. І колькі грошай ты не ўкідвай у шлях назад — ззаду ты і застанешся.