Эканоміка вайны. Як мабілізацыя ўдарыць па Расіі і Беларусі

Лукашэнка на сустрэчы ў Сочы ці відавочна радаваўся, ці проста мякка «патроліў» Уладзіміра Пуціна. Зразумела, беларускага кіраўніка радуе, што ён не адзін аказаўся ў сітуацыі «ўцечкі мазгоў». Яго, несумненна, пацешыла, што людзі збягаюць не толькі з «краіны для жыцця», але і з Расіі.

12726655.jpg

Ён нават паспрабаваў суцешыць Пуціна: маўляў, збягаюць «не яго» людзі. «Добра, хай уцяклі 30 тысяч, ну, 50 тысяч. А калі б яны тут засталіся, яны што, нашымі людзьмі б былі? Хай бягуць. Я не ведаю, як вы да гэтага ставіцеся, а я асабліва не перажываў, калі ў 2020 годзе некалькі тысяч выехалі», — перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.

Канешне, Лукашэнка, мякка кажучы, «крыху пераменшыў», а кажучы цвёрда — схлусіў у абодвух выпадках. З Беларусі выехалі не «некалькі тысяч», а сотні. Па звестках Еўрастата, у 2020 годзе 60 тысяч грамадзян Беларусі атрымалі від на жыхарства ў краінах Еўрасаюза, а ў 2021 годзе гэтая лічба склала 149 тысяч.  А ёсць яшчэ і не-еўрапейскія і безвізавыя краіны, такія як Грузія, Казахстан, Турцыя… Даныя Еўрастата, думаю, можна смела павялічыць удвая.

Што ж да Расіі, то ўжо ў нядзелю, 25 верасня «Новая газета. Еўропа» прыводзіла лічбу ў 261 тысячу збеглых ад мабілізацыі. Відавочна, што з кожным днём гэтая колькасць расце. І пра 300 тысяч па стане на аўторак, 26 верасня, можна казаць смела.

Што стаіць за гэтым патокам мігрантаў? Адмыслоўцы лічаць, што «частковая мабілізацыя» можа справакаваць глыбокі крызіс у эканоміцы Расіі — нават нашмат больш глыбокі, чым той, што выклікалі санкцыі, уведзеныя супраць Расіі краінамі Захаду.


Давайце разбірацца

Паглядзім, у якім стане расійская і беларуская эканомікі падышлі да гэтага лёсавызначальнага рашэння Уладзіміра Пуціна.

Да абвяшчэння мабілізацыі Мінэканамразвіцця Расіі чакала падзення ВУП на 4,2% у гэтым годзе і вяртання да дакрызіснага ўзроўню ў 2025 годзе. Такі ж прагноз давалі і аналітыкі, апытаныя Цэнтрабанкам Расіі.

У ліпені Расстат апублікаваў звесткі, з якіх вынікала, што ВУП Расіі ўпаў ужо больш за прагноз — да 4,3%, а прамысловая вытворчасць, якая заўсёды паказвала падобную дынаміку, нечакана скарацілася ўсяго на 0,5%. Bloomberg патлумачыў гэта выбуховым ростам вытворчасці «гатовых металічных вырабаў», куды, акрамя лыжак і відэльцаў, уваходзяць бомбы і стралковая зброя.

У цэлым усе афіцыйныя прагнозы Расіі кажуць пра спад прыкладна на 3-5% і доўгае аднаўленне. Унутраная справаздача расійскага ўрада, якую перад мабілізацыяй здабыў Bloomberg, малюе больш песімістычны сцэнар: максімальны правал у 8,3% у 2023 годзе і вяртанне да мінімальнага росту ў 2028-м.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі па выніках васьмі месяцаў (студзень-жнівень) знізіўся на 4,9%. Па выніках сямі месяцаў скарачэнне ВУП складала 5,2%, і на замаруджванне гэтага падзення паўплывала «бітва за ўраджай». Але гэтая бітва скончаная, і, імаверна ВУП працягне каціцца ўніз. Прынамсі, усе галіны эканомікі, апроч сельскай гаспадаркі і ІТ, у жніўні валіліся. Глыбіня падзення ў сферы транспарту склала ўжо 16,6%, будаўніцтва — мінус 12,6%, апрацоўчая прамысловасць, унёсак якой у ВУП каля чвэрці, упала на 7,9%, гандаль — мінус 9,7%.

З гэтым Беларусь і Расія падышлі да «частковай мабілізацыі».


Падзенне будзе большым, чым планавалася

Паводле прагнозаў расійскіх экспертаў, выдадзеных тады, калі казалі пра 300 тысяч мабілізаваных (а не пра мільён, як потым), мабілізацыя закране парадку 1% мужчын ва ўзросце ад 20 да 55 гадоў і 0,5% працоўнай сілы. Так казаў ВВС эканаміст Bloomberg Аляксандр Ісакаў. Менавіта гэтыя ўзроставыя групы максімальна ўключаны ў эканамічнае жыццё — у ім удзельнічаюць каля 95% маладых мужчын, адзначаў ён.

5c74c6cd64a88f28a7f8e6c59f544e5b.jpg

Наколькі балючым стане для эканомікі «выпадзенне» гэтай групы, сказаць складана: пакуль тут занадта шмат невядомых. У прыватнасці, ці моцна прызыў закране людзей з рэдкімі навыкамі. Чым мацней, тым сур'ёзней будзе ўплыў на эканамічны рост.

Пры самым песімістычным сцэнары ВУП па выніках 2022 года з-за мабілізацыі можа дадаткова знізіцца на 0,25%, ацэньваў Ісакаў. У яго ўласным базавым сцэнары гэта будзе азначаць агульнае падзенне на 3,75%.

Калі дадаць сюды мінімум 300 тысяч з’ехаўшых, падзенне па «базавым сцэнары» Ісакава, будзе ў 4%.

І гэта, канешне, калі прызавуць 300 тысяч, а не мільён, і калі «сыход з Расіі» спыніцца, на што наўрад ці варта разлічваць.


Што азначае падзенне ВУП?

Сыход на фронт нават 300 тысяч маладых людзей акажацца ўдарам для эканомікі — знізіцца выпуск прадукцыі і спажыванне. Калі ж частка з іх будзе забітая ці сур'ёзна параненая, то гэта будзе і ўдарам па дэмаграфіі.

Асобна трэба будзе ацэньваць выдаткі, звязаныя з мабілізацыяй. Па прыблізнай ацэнцы ўкраінскага Forbes, у сярэднім на ўтрыманне аднаго салдата Расія выдаткоўвае каля 200 долараў у дзень. Гэта значыць кожны дзень мабілізаваныя 300 тысяч чалавек на фронце будуць каштаваць 60 млн долараў (блізу 3,5 млрд расійскіх рублёў).


Гэта вялікія грошы для Расіі, якая ўпершыню за шмат гадоў скончыць 2022 год з дэфіцытам 1,6 трлн рублёў. Бюджэт на наступныя гады — таксама дэфіцытны. Па плане ўрада, у 2023 годзе дэфіцыт складзе 3 трлн рублёў або 2% ВУП. Памер Фонду нацыянальнага дабрабыту, з якога могуць пакрывацца дадатковыя выдаткі, звязаныя з вайной ва Украіне, — крыху менш за 12 трлн рублёў.

«Гэта вельмі рызыкоўная гульня. Рэзервы праядаюць са страшнай хуткасцю», — папярэджваюць эканамісты.

Плюс — непазбежная паніка ў фінансавым сектары. Па даных Цэнтрабанка Расіі за 22 верасня грамадзяне і арганізацыі знялі са сваіх рахункаў у банках 132 млрд рублёў, 23 верасня — больш за 114 млрд рублёў. Гэта самы вялікі паказчык з пачатку сакавіка, які сведчыць аб паніцы сярод насельніцтва, справакаваную мабілізацыяй. Людзі забіраюць грошы «на выпадак эвакуацыі», і частка гэтых грошай у эканоміку Расіі больш не вернецца.

Вайна такім чынам штурхае Расію ў яшчэ больш цяжкі эканамічны крызіс, які немінуча прывядзе да падзення ўзроўню жыцця.


А што ж Беларусь?

Зразумела, што Беларусь цяпер шчыльна завязаная на расійскай эканоміцы. І крызіс у Расіі непазбежна адаб’ецца на нашай краіне. Першыя «посвісты» гэтага, дарэчы, ужо чуваць.

Яшчэ да абвяшчэння мабілізацыі эканамістам даследчага цэнтру BEROC (Кіеў) пад час аднаго з брыфінгаў задалі пытанне: што можа спыніць эканамічны спад у Беларусі. Адказ быў: нішто, апроч як «Пуцін раптоўна дасць Лукашэнку 8 мільярдаў долараў».

Канешне, 8 мільярдаў долараў Пуцін не дасць, але Расія ўжо пераглядае ранейшыя дамоўленасці. Прынамсі, у эфіры беларускага тэлебачання пасол Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты сказаў, што ў Сочы Лукашэнка і Пуцін павінны былі «канчаткова ўзгадніць умовы фінансавання імпартазамяшчальных праектаў». Па яго словах, «існуюць розныя варыянты фінансавых умоў, і па працэнтнай стаўцы, і тэрміну дзеяння гэтага пагаднення». То-бок, гэта будуць не «грошы на імпартазамяшчэнне», а звычайны крэдыт. Цікава, праўда?

Менш грошай у Расіі — менш грошай у Беларусі. Падзенне попыту ў Расіі, якое прагназуюць эксперты ў выніку мабілізацыі, непазбежна і наўпрост будзе тычыцца і беларускага экспарту, — прычым, нават больш, чым нам падаецца. Лукашэнка ў свой час шмат увагі надаваў наўпроставаму эканамічнаму ўзаемадзеянню з расійскімі рэгіёнамі. Тактыка, канешне, слушная, але менавіта з рэгіёнаў цяпер будуць грэсці народ на вайну. А значыць, беларускія тавары (у тым ліку) застануцца незапатрабаванымі.

Не выключана, што частку «мабілізаваных» працоўных паспрабуюць замясціць «гастарбайтэрамі» з беларускімі пашпартамі — найперш у лагістыцы і будаўніцтве. Гэта яшчэ больш пагоршыць і так не вельмі прыемную сітуацыю з працоўнай сілай у Беларусі — а значыць, з падаткамі, унёскамі ў фонд сацабароны і спажываннем у РБ.

Карацей, наступствы пуцінскай мабілізацыі Беларусь адчуе таксама. Не адразу, пакрысе, але наш узровень дабрабыту і сацыяльнай абароны будзе падаць услед за расійскім.