З-пад палкі ні карова не доіцца, ні хлеб не расце

Падзенне эканомікі за студзень-ліпень склала 5,2%: ВУП у бягучых цэнах склаў 104,6 мільярда рублёў у параўнанні з мінулым годам. Абвешчанае сцісканне эканомікі на 5,2% выглядае занадта нізкім, лічаць эканамісты. А прызнацца ў падзенні ВУП больш чым на 7-8% улады не асмеляцца.

_elektarat___bomz___ljudzi___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Прамысловая вытворчасць у краіне і зусім знізілася на 6,2%. Але яшчэ горш адчувала сябе апрацоўчая прамысловасць — падзенне на 7,1%.

Рознічны тавараабарот у студзені-ліпені таксама прадэманстраваў падзенне на 1,5%.

А вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў бягучых цэнах склала 12,2 мільярда рублёў, або ў супастаўных цэнах 89,6% да аналагічнага перыяду мінулага года. Такім чынам, падзенне склала 10,4%. Хоць менавіта на сельскую гаспадарку рабіла стаўку беларускае кіраўніцтва: агракомплексу ставілі задачу і нарасціць экспарт, і быць лакаматывам для ВУП, які абвальваўся…

Наколькі рэалістычнымі выглядаюць ацэнкі "сціскання" эканомікі і чаго чакаць да канца года? «СН плюс» спытаў у эканамістаў.

Віктар Цярэшчанка: рэальнае падзенне значна глыбейшае

Кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка лічыць, што падзенне ВУП за сем месяцаў на 5,2% — крытычны паказчык.

— Але і ён будзе пагаршацца. У гэтым годзе па інерцыі захавалі ўсе, што змаглі. А далей улады будуць рапартаваць пра светлую будучыню.

Эканаміст кажа, што падзенне ВУП адбылося з-за разрыву вытворчых адносін (скарачэння аб'ёмаў імпарту) і страты рынкаў збыту, якія згубленыя з-за санкцый.

Разам з тым афіцыйна абвешчаныя лічбы не выклікаюць даверу. Бо гаворка ідзе пра аб'ёмы выпушчанай прадукцыі, а рэалізаваная яна ці не — нікога не хвалюе. Замяніць пастаўшчыкоў камплектуючых і знайсці новыя рынкі збыту да раніцы немагчыма, і за месяц нельга, — адзначае Віктар Цярэшчанка. — Можна прарывацца і на афрыканскі кантынент, і ў краіны Лацінскай Амерыкі, але ж беларуская прадукцыя не ў стане канкураваць з кітайскай, напрыклад.

Паводле яго прагнозаў, па выніках года сітуацыя значна ўскладніцца:

— Улады могуць паказаць усё, што заўгодна: могуць выпусціць максімум прадукцыі і паслуг. У выніку абвесцяць зніжэнне ВУП на 7–8% (больш не асмеляцца). І пры гэтым пачнуць спасылацца на казырныя карты, якія нібыта схаваныя ў рукаве. Але я цяпер таксама 5-7 разоў на дзень купаюся ў рэчцы, толькі гэта ж не азначае, што я жыву як у Бога ў раю і што мой халадзільнік забіты пад завязку, праўда?

Мікалай Лысенкаў: Можна, вядома, выдаць указ, каб каровы даіліся больш, але ж малако ўзяць?

Былы старшыня калгаса Мікалай Лысенкаў адзначае, што статыстыка па вёсцы за сем месяцаў у першую чаргу ўключае ў сябе жывёлагадоўчую галіну:

— У мінулым годзе недабралі збожжа, значыць, у гэтым атрымалі менш мяса і надаілі менш малака. Усё заканамерна. Але, з іншага боку, у мінулым годзе ўборка была больш ранняя: можна прыбраць асноўную частку збожжа ўжо ў ліпені, а можна, як цяпер, у жніўні толькі прыступіць да ўборкі.

Мікалай Лысенкаў адзначае, што падзенне ў 10,2% — занадта шмат:

— Калі кіраўніцтва краіны заяўляе, што сельская гаспадарка стане лакаматывам для ВУП – гэта голы папулізм. Пакуль на зямлі не будзе гаспадара, агракомплекс застанецца стратным: з-пад палкі ні карова не доіцца, ні хлеб не расце. Можна, вядома, выдаць указ, каб каровы даіліся больш, але ж малако ўзяць? А потым ладзіць разбор палётаў, чаму ўказ не выконваецца.

Паводле www.sn-plus.com