ВУП Беларусі паскорыў падзенне. Сітуацыя горшая, чым прагназавалі ўлады

ВУП у Беларусі ў студзені — ліпені знізіўся на 5,2% да аналагічнага перыяду мінулага года. Пра гэта са спасылкай на Белстат паведамляе «Л*стэрка». Нагадаем, раней у Мінэканомікі заяўлялі, што мінус па выніках сямі месяцаў будзе на ўзроўні 5%.

5c4d8ccfe75bdc39d4c3470d08cf69f0.jpg

ВУП за сем месяцаў гэтага года склаў 104,6 млрд рублёў у бягучых коштах.

Па выніках студзеня — чэрвеня падзенне было на ўзроўні 4,2% да аналагічнага перыяду мінулага года.

На 2022 год быў запланаваны яго рост на 2,9% у адносінах да 2021-га. Гэта прадугледжана прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на гэты год. Аднак план вярстаўся ў канцы мінулага года да пачатку вайны ва Украіне і ўвядзення новых санкцый супраць Мінска з боку заходніх краін. Пры гэтым чыноўнікі яшчэ ў мінулым годзе прагназавалі падзенне ВУП, нягледзячы на абвешчаныя прагнозы па яго росце.

У Мінэканомікі раней заяўлялі, што скарачэнне росту эканомікі звязваюць з перабудовай экспартных паставак і зрухам тэрмінаў уборкі ўраджаю на 8-9 дзён. Рэальны сектар, па даных ведамства, працягвае адаптавацца да новых умоў, «што суправаджаецца "перакройваннем" дзелавых сувязяў і бізнес-працэсаў».