Праз крызіс у Кітаі падаюць сусветныя цэны на нафту
Гэты тыдзень пачаўся са значнага падзеньня сусьветных цэнаў на нафту. Інвэстараў напалохалі паведамленьні аб дрэнных паказьніках кітайскай эканомікі.
У панядзелак на закрыцьці Лёнданскай фондавай біржы барэль эўрапейскай нафты маркі Brent каштавала $94,55, страціўшы 3,7 працэнта адносна да цаны напрыканцы папярэдняй сэсіі, піша «Св*бода» са спасылкай на Gazeta Wyborcza. А на Нью-Ёркскай фондавай біржы барэль амэрыканскай нафты маркі WTI каштаваў 88,77 даляра, патаньнеўшы на 3,6 працэнта.
Падчас першай сэсіі гэтага тыдня цэны нафты на абедзьвюх
біржах упалі ажно на 5%.
Цэны на нафту на мінулым тыдні зьнізілі асьцярогі глябальнай
рэцэсіі. Цяпер інвэстараў напалохалі навіны аб дрэнным стане кітайскай
эканомікі.
У панядзелак Нацыянальнае бюро статыстыкі Кітая абвясьціла,
што прамысловая вытворчасьць у ліпені вырасла на 3,8 працэнта. У гадавым
вылічэньні — гэта на 0,1 працэнтнага пункта менш, чым у чэрвені. А спажывецкія
выдаткі вырасьлі ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага года на 2,7
працэнта. Гэта азначае далейшае запаволеньне кітайскай эканомікі і рост страху
кітайцаў выдаткоўваць грошы.
У асноўным гэта зьвязана з крэдытным крызісам на будаўнічым
рынку. Пасьля некалькіх гадоў буму кітайскія дэвэлаперы пачалі банкрутаваць пад
цяжарам даўгоў, выклікаючы фінансавыя праблемы таксама ў будаўнічых кампаній і
іх партнэраў.