Сталі вядомыя штодзённыя выдаткі Расіі на вайну

Расія нясе каласальныя фінансавыя страты, але працягвае разбураць украінскія гарады

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg

Адзін з самых маленькіх артыкулаў выдаткаў РФ у вайне — гэта заробкі вайскоўцам, якіх адправілі ваяваць ва Украіну. Тэхніка каштуе значна даражэй за чалавечыя жыцці, адзначае  korrespondent.net

Штодня краіна-агрэсар выдаткоўвае на ваенныя дзеянні ва Украіне каля 400 мільёнаў долараў. Пра гэта піша Forbes.

У артыкуле сказана, што вайскоўцы абыходзяцца Крамлю найбольш танна. Кантрактнікам у Расіі прапануюць заробак ад 200 000 да 300 000 рублёў у месяц і дадатковыя выплаты ($53 сутачных і выплата баявых).

«У сярэднім на аднаго салдата, які ўдзельнічае ў вайне, траціцца каля $ 200 у дзень. Прыкладная колькасць расійскіх вайскоўцаў — 100 000 чалавек. Гэта значыць, сутачныя выдаткі на аплату войскі складаюць каля $ 20 мільёнаў у дзень. Гэта значна менш за суму кампенсацый, якая павінна выплачвацца загінулым і параненым», — падлічылі аўтары матэрыялу.

Сказана, што паводле даных Генштаба УСУ, у сярэднім штодня ва Украіне гінуць 270 расійскіх вайскоўцаў. За кожнага з іх сям'я вайскоўца павінна была б атрымаць 7,4 млн рублёў, або каля $ 110 000.

Колькасць параненых прыкладна ўдвая большая — каля 500 салдат у дзень. У гэтым выпадку сума кампенсацый складае 3 млн рублёў.

«Такім чынам, на кампенсацыі за параненых і забітых ваенных бюджэт РФ павінен марнаваць каля $ 50 мільёнаў у дзень», — удакладняецца ў артыкуле.

У той жа час, на снарады і ракеты Расія выдаткоўвае больш. «У суткі расійскія войскі выкарыстоўваюць да 50 000 снарадаў коштам каля $ 1000 (сярэдняя цана савецкага калібру)», — удакладняюць аўтары.

Акрамя таго, Расія б'е ракетамі — каля 20 ракет у дзень. «Іх кошт вагаецца ад некалькіх сотняў тысяч долараў да $ 10 млн і больш. Але часцей ФР выкарыстоўвае ракеты комплексаў “Іскандэр” па $3 млн кожная, “Калібр” па $ 6,5 млн.», — падлічылі эксперты.

Плюс для падтрымання арміі неабходныя рэгулярныя пастаўкі амуніцыі (патроны, гранаты, бронекамізэлькі, адзенне і г.д.) і матэрыялы забеспячэння войскаў (паліва, прадукты, запчасткі).

Таксама Расія губляе тэхніку. У сярэднім за дзень вайны — авіяцыі на суму $ 60 млн, а танкаў і браняваных машын — на $ 40 млн.

Паводле даных Генштаба УСУ, Расія ўжо страціла ва Украіне больш за 1650 танкаў. Кошт аднаго вагаецца ад $ 0,5 млн у выпадку старой немадэрнізаванай савецкай адзінкі да $ 3–5 млн за больш сучасныя Т-80 і Т-90.

Даражэй за ўсё каштуюць авіяцыя і флот. Цана старэнькага штурмавіка Су-25 — каля $ 11 млн., а новы Су-35 каштуе $ 100 млн. Сярэдні кошт аднаго збітага самалёта каля $ 25 млн.

Самым дарагім дасягненнем УСУ з'яўляецца патоплены крэйсер Масква коштам $ 750 млн.

У цэлым жа Украіна патапіла расійскага флоту на суму звыш $1 млрд за ўвесь час вайны.

Акрамя непасрэдных выдаткаў на войска, Расія нясе значныя апасродкаваныя выдаткі: фінансаванне акупацыйных адміністрацый, дадатковыя выплаты Расгвардыі за працу на акупаваных тэрыторыях, фінансаванне наймітаў, сярод якіх так званая група Вагнера. Таксама Крэмль траціцца на лагістыку і дастаўку тэхнікі на фронт, яе аднаўленне і зняцце з захоўвання, падрыхтоўку і адпачынак рэзервовых сіл, лячэнне параненых. Арыенціровачныя выдаткі на падтрымку тылу складаюць $ 50-100 млн у дзень.

Агулам Расія выдаткавала на вайну блізу $ 55 млрд з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Акрамя ваенных выдаткаў РФ нясе важкія страты ў эканоміцы, якія звычайна маюць значна больш працяглы тэрмін дзеяння.