Больш за 60 тысяч беларусаў атрымалі від на жыхарства ў ЕС у 2020 годзе

Летась 63 520 грамадзян Беларусі атрымалі першы від на жыхарства ў краінах Еўрасаюза. Пра гэта паведамляе Еўрастат. Больш за ўсё нашых суграмадзян атабарылася ў Польшчы.

13668.jpg


Тут было выдадзена 50 923 відаў на жыхарства. У Літве атрымалі дазвол на пражыванне 7455 чалавек. Таксама ў першую пяцёрку краін, якія летась прымалі беларусаў увайшлі Чэхія (913), Германія (835) і Латвія (481). 60% ВНЖ, атрыманых грамадзянамі нашай краіны, былі выдадзены ў сувязі з працай, паведамляе REFORM.by.

Колькасць першых відаў на жыхарства, выдадзеных у мінулым годзе беларусам, скарацілася на 9,4%, або больш чым на 6,5 тыс. у параўнанні з 2019 годам.

Агульная колькасць першых ВНЖ, выдадзеных у мінулым годзе краінамі Еўрасаюза, скарацілася ў параўнанні з 2019-м на 24%. Усяго замежнікі атрымалі ў ЕС 2,247 млн. відаў на жыхарства. На 38% зменшылася колькасць ВНЖ, выдадзеных для навучанне, на 25% — атрыманых у сувязі з працай, на 13% — па сямейных абставінах.

Больш за ўсё ВНЖ у мінулым годзе выдала Польшча — амаль 600 тыс., на другім месцы — Германія — 313 тыс, а на трэцім — Іспанія з 312 тыс. відаў на жыхарства.

Літва стала адзінай краінай, якая ў 2020 годзе выдала больш відаў на жыхарства, чым у 2019-м. Іх колькасць павялічылася на 5%. Пры гэтым на долю беларусаў прыйшлося каля траціны ВНЖ. Усяго за мінулы год Літва выдала 22,5 тыс. ВНЖ.

Больш за ўсё відаў на жыхарства ў ЕС у мінулым годзе атрымалі грамадзяне Украіны — больш за 601 тыс.