За суткі краіны ЕС не ўпусцілі 695 мігрантаў з боку Беларусі
За мінулыя суткі краіны Еўрапейскага саюза не ўпусцілі 695 мігрантаў, якія мелі намер незаконна перасячы мяжу з боку Беларусі.
Памежная служба Польшчы ў «Твітары» паведаміла, што 1 лістапада было зафіксавана 684 спробы нелегальнага пераходу мяжы з беларускай тэрыторыі. Затрыманыя 16 чалавек — 15 грамадзян Ірака і грамадзянін Ірана. 24 замежнікі, якім удалося перайсці мяжу, былі прымушаныя пакінуць Польшчу, астатніх у краіну не пусцілі на подступах, пішуць naviny.online.
Акрамя таго, за дапамаганне ў нелегальнай міграцыі затрыманыя двое замежнікаў — грамадзяне Егіпта і Украіны.
Тэлерадыёкампанія LRT са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што за мінулыя суткі ў краіну не ўпусцілі 11 нелегальных мігрантаў з беларускай тэрыторыі. Нікога не затрымалі.
Сцвярджаецца, што недалёка ад мяжы ў Лаздзіяйскім раёне з беларускага боку прагучала некалькі стрэлаў.
Паводле звестак памежнай службы, з пачатку жніўня, калі была прынятая пастанова не затрымліваць нелегалаў, а разварочваць іх назад у Беларусь, у краіну не ўпусцілі 5.382 чалавекі. Пры гэтым з пачатку года беларуска-літоўскую мяжу незаконна перасеклі каля 4,2 тыс.мігрантаў.
Дзяржаўная памежная ахова Латвіі на сваім сайце паведаміла, што 1 лістапада незаконна перасячы латвійска-беларускую мяжу спрабавалі 10 чалавек. Нікога не затрымалі і ў краіну не ўпусцілі.
Падчас выступаў на 76-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 21 верасня прэзідэнты Польшчы Анджэй Дуда, Літвы Гітанас Наўседа і Латвіі Эгілс Левітс усклалі адказнасць за сітуацыю з нелегальнымі мігрантамі на ўсходніх межах ЕС на ўлады Беларусі. Яны асудзілі практыку выкарыстання замежных грамадзян ва ўразлівым становішчы для правядзення «гібрыднай атакі» і заклікалі краіны ААН разам вырашаць міграцыйныя праблемы.
Праз павелічэнне плыней нелегальнай міграцыі з беларускай тэрыторыі Літва абвясціла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча ўвялі надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.