Расія пакуль не абмяркоўвае зніжкі на С-400 для Беларусі

Кіраўнік Федэральнай службы вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва РФ Дзмітрый Шугаеў пацвярджае магчымасць пастаўкі ЗРК С-400 Беларусі, але не гатовы абмяркоўваць зніжкі.

c_400.jpg


«Я не бачу ніякіх перашкод для патэнцыйных паставак у Беларусь сістэмы С-400, урэшце, у адной Саюзнай дзяржаве жывём. Але казаць загадзя пра нейкія зніжкі або пра фінальны кошт здзелкі як мінімум некарэктна. Будзем зыходзіць з патрэб беларускага боку і з нашых магчымасцей», — цытуе Шугаева REFORM.by са спасылкай на РБК.

Паводле слоў Шугаева, зніжкі і бонусы просяць усе пакупнікі расійскай зброі. Ён ухіліўся ад адказу на пытанне, ці паступалі з Мінска канкрэтныя прапановы па цэнавых умовах.

«Мы вам паведамім, калі прыступім да канкрэтных перамоў (смяецца). Што тычыцца аб'ёму патэнцыйнай пастаўкі, то ён будзе вызначаны ў адпаведных кантрактных дакументах», — сказаў ён.

Лукашэнка ў гэтым годзе не раз гаварыў пра жаданне закупіць зброю ў Расіі. Ён дэклараваў гатоўнасць выдаткаваць на яе 1 млрд. долараў. Пры гэтым дапускаў, што сродкі могуць быць адшуканыя з рэшты крэдыту на АЭС.