За паўгода эканоміка Беларусі згубіла Слуцк

Белстат паказаў новую інфармацыю па працоўнай занятасці ў Беларусі. Як любую іншую статыстыку, яе можна паказаць «прыгожа», а можна паглядзець праўдзе ў вочы. Тэлеграм-канал «Нашы грошы» робіць гэта адразу двума спосабамі — каб было зразумела, у чым паміж імі розніца.

wr_960_24.webp


Такім чынам, «прыгожа»: зніжэнне занятасці на беларускім рынку працы замарудзілася. Гэта значыць, што ў ліпені занятасць, як розніца прынятых і звольненых, знізілася ўсяго на 3347 чалавек, у той час як у чэрвені лічба была значна вышэйшай — тады сышло на 11471 чалавек больш, чым прыйшло. У траўні сітуацыя была яшчэ горшай: мінус 16767 працоўных месцаў.

Паглядзеўшы на гэту статыстыку, мы можам канстатаваць: сапраўды, зніжэнне занятасці замарудзілася, мы ўсё яшчэ ляцім уніз, але ўжо не так хутка! Добрая навіна? На фоне многіх іншых, якія тычацца беларускай эканомікі, яна можа прагучаць як нядрэнная.

Увогуле ж гэта адзіны і вельмі павярхоўны «пазітыў». А цяпер паглядзім, што адбываецца рэальна і паспрабуем сапраўды разабрацца, што ёсць.

Агульная карціна наступная: за 7 месяцаў беларуская эканоміка звольніла людзей на 58700 больш, чым прыняла на працу. Па колькасці насельніцтва гэта прыкладна такі горад, як Слуцк.

І вось гэта ўжо — пагрозлівая лічба, асабліва з улікам «поспехаў» мінулых гадоў. Для параўнання: за аналагічны перыяд пандэмійнага 2021 года мы таксама сышлі ў мінус на 49,9 тысяч чалавек, у пандэмійным 2020-м — мінус 38,4 тысяч чалавек. Выходзіць, людзей, занятых у беларускай эканоміцы, з кожным годам становіцца ўсё менш, прычым хуткасць адтоку ўсё павялічваецца.

Але чаму адток рабочых рук зменшыўся ў ліпені? Справа ў тым, што ўлетку вырасла колькасць сезонных вакансій у сельскай гаспадарцы (прынята на 3,5 тысяч чалавек больш, чым звольнена). Лагічна выцякае з папярэдняга, што на тысячу новых працоўных месцаў вырас і рынак працы ў сферы вытворчасці прадуктаў харчавання (бо сабраны ўраджай трэба перапрацаваць). І, нарэшце, па ланцужку, дадаў крыху і гандаль, праўда — усяго на 42 чалавекі, але ўлічвайце, што месяцам раней гандаль страціў каля 3,4 тысяч чалавек!

Тут вельмі важна разумець, што ў значнай меры гэта — часовыя працоўныя месцы, якія будуць актуальныя яшчэ пару месяцаў і знікнуць да наступнай «вялікай бітвы за ўраджай».

Акрамя таго, плюс паказала прамысловасць: яна ў ліпені наняла на 247 чалавек больш, чым звольніла. Але гэта таксама сезоннасць — у летні перыяд гэта сфера традыцыйна больш набірае працоўных, чым звальняе. Важна не цешыць сябе і трымаць у галаве: са студзеня гэтага года прамысловасць страціла ўжо больш за 10 тысяч чалавек.

А дзе ў апошнія месяцы людзі часцей за ўсё гублялі працу? Спад не толькі працягваецца, але і ўзмацняецца ў транспартнай сферы, дзе за ліпень звольнена на тысячу чалавек больш, чым прынята.

Працягваецца падзенне ў сферы ІТ — за ліпень яна страціла яшчэ 2095 чалавек.

Улічваючы, што сярэднестатыстычны айцішнік атрымлівае ў 3,8 разы больш, чым сярэднестатыстычны беларус, гэта — адчувальныя страты для эканомікі. Грошы, якія прадстаўнікі гэтай сферы выдаткоўвалі ў краіне, прасочваліся ў эканоміку і кармілі многія іншыя галіны.

Усяго за бягучы год сектар IT страціў больш за 10 тысяч чалавек, што супастаўна з беларускім штатам такой кампаніі, як EPAM або ў некалькі разоў перавышае кампанію ўзроўню Wargaming. І гэта ў два разы больш, чым рост колькасці супрацоўнікаў IT сферы за апошнія два гады, калі лічыць розніцу прынятых і звольненых.

Бачны адток па выніках сямі месяцаў і ў такіх важных з сацыяльнага пункту гледжання галінах, як адукацыя (мінус 2192 чалавекі) і ахова здароўя (мінус 1764 чалавекі). Але, дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што летам і восенню шэрагі медыкаў і педагогаў папаўняюць выпускнікі ВНУ, таму рэальную карціну мы ўбачым пазней.

Працягваецца «адмоўны рост» і ў сферы будаўніцтва. Так, звольненых у ліпені ўсяго на 102 чалавекі больш, чым прынятых (у чэрвені гэты мінус быў на парадак вышэйшы — мінус 1054 чалавекі). Але важна разумець, што ёсць вельмі сумная тэндэнцыя: са жніўня 2020-га года не было ні аднаго месяца, калі набор працоўных у галіне перавысіў бы звальненне…