Фальшывыя грошы як паказчык «сяброўства» Беларусі і Расіі

Тэлеграм-канал «Нашы грошы» паглядзеў на статыстыку Нацбанка па выяўленых на тэрыторыі краіны фальшывых грашах. І з гэтай інфармацыі можна зрабіць пэўныя высновы наконт адносін Беларусі і Расіі ў фінансавай дый у іншых сферах.

img_5ed2208cad9c2_e1590829233893.jpeg


Нацбанк апублікаваў свежыя звесткі аб выяўленых на тэрыторыі нашай краіны падробленых купюрах у рознай валюце. Гэтая, здавалася б, абстрактная інфармацыя можа расказаць нам пра цікавыя змены ў эканоміцы краіны. За першае паўгоддзе, нягледзячы на ізаляцыю нашай эканомікі ад знешняга свету, падробленых долараў у краіне было выяўлена на 60% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У той жа час, здаецца, праігнараваўшы факт усё большага збліжэння эканомік дзвюх краін, фальшывых расійскіх рублёў стала, наадварот, на 60% менш.

У чым прычына гэтых нелагічных, на першы погляд, з'яў?

Мяркуючы па ўсім, падробленыя долары ў вялікім аб'ёме прыйшлі з тэрыторыі, адкуль да нас траплялі і раней — з Расіі. Адбылося гэта пасля таго, як у суседняй краіне, якая знаходзіцца пад больш жорсткімі санкцыямі, узнікла сітуацыя, пры якой яе грамадзянам стала выгадна ехаць у Беларусь, напрыклад, «на закупкі». Мала таго, напэўна, паміж расійцамі і беларусамі, якія яшчэ маюць доступ да некаторых еўрапейскіх вытворцаў, пачасцілася колькасць здзелак у «шэрай зоне» эканомікі. А менавіта адтуль фальшывыя грошы могуць выплысці ў абарачэнне з найбольш высокай верагоднасцю.

І тут, здавалася б, узнікае слушнае пытанне: чаму тады не вырас прыток расійскіх рублёў, а разам з ім і падробленых купюр гэтай валюты? Справа ў тым, што цяперашні курс куплі долара за расійскі рубель у Беларусі вельмі нявыгадны.

І адбываецца гэта невыпадкова: беларускія банкі (са згоды, а верагодна, і адабрэння Нацбанка) выстаўляюць так званы «забаронны» курс, мэта якога — стварыць умовы, пры якіх адбіраць з Беларусі валюту за расійскія рублі будзе нявыгадна. Усё зроблена для таго, каб расійцы, як і ўсе замежнікі, прыязджаючы да нас, везлі долары і мянялі ў абменніках на беларускія рублі ў першую чаргу іх.

Таму, верагодна, са студзеня па чэрвень у Беларусі было выяўлена ўсяго 29 фальшывых банкнот расійскага рубля наміналам у 5000 (самых папулярных у фальшываманетчыкаў). За аналагічны перыяд мінулага года іх знайшлі ў тры разы больш — 101 купюру.

Для паўнаты карціны можна дадаць, што фальшывыя банкноты еўра ў Беларусі як былі рэдкасцю, так і засталіся. Іх стала менш банальна таму, што межы з Еўрасаюзам становяцца закрытымі для ўсё большай колькасці нашых грамадзян, а расійцы ў еўра ўкладваліся менш, таму да нас іх і не вязуць.

Ну а падрабляць беларускія рублі фальшываманетчыкі вырашаюць у выключных выпадках.

Два словы аб геаграфіі фальшывак. Большасць падробленых купюр выявілі ў Мінску (каля 65%), астатнія фальшыўкі досыць раўнамерна размеркаваліся па рэгіёнах краіны — ад 3,6% да 8,2% па розных абласцях. Усяго падробкі былі знойдзены ў 36 населеных пунктах.

І яшчэ некалькі цікавых фактаў. У асноўным, вядома, знаходзілі падробленыя доларавыя купюры наміналам $50 і $100. Так было і ў мінулыя гады. Але ў гэтым адметнай рысай стала яшчэ і тое, што з'явіліся фальшыўкі наміналам у $5 і нават у $1 (такая выяўлена наогул упершыню за апошні час).

І нарэшце — у катэгорыі «іншыя валюты» ў нашым графіку размяшчаецца толькі адна купюра ў мінулым годзе і адна ў цяперашнім. Мы рызыкнём выказаць здагадку, што, хутчэй за ўсё, гэта юані або фунты стэрлінгаў — менавіта гэтыя валюты фігуравалі ў спісе фальшывак у папярэднія гады.