Ці можна школьнікаў прымусова пасылаць на «бульбу»? Мінадукацыі раней тлумачыла, што — не

Нядаўна на нарадзе, прысвечанай разгляду кадравых пытанняў, Аляксандр Лукашэнка нечакана заявіў, што на сельгаспрацы ў гэтай уборачнай кампаніі трэба «мабілізаваць усіх», у тым ліку, школьнікаў. Партал petitionsby.site, чаму гэта немагчыма.

fota_lzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__13__logo.jpg


Нядаўна на нарадзе, прысвечанай разгляду кадравых пытанняў, Аляксандр Лукашэнка нечакана заявіў, што на сельгаспрацы ў гэтай уборачнай кампаніі трэба «мабілізаваць усіх», у тым ліку, школьнікаў.
Лукашэнку далажылі, што ў некаторых школах забаронена прыцягваць вучняў да такіх работ, і яго гэта абурыла. Паводле яго слоў, большай дзікасці і ўявіць нельга: «калі чалавек пойдзе 5-6 гадзін папрацуе — і бацькам у радасць, і дзіцяці добрая фізічная падрыхтоўка. Мы ўсе, і вы (я — дакладна) працавалі. Не працавалі, а працавалі, і дай бог як».
Нагадаем, што школьнікаў у Беларусі перасталі прыцягваць на сельскагаспадарчыя работы пасля таго, як пад Маладзечнам падчас уборкі бульбы загінула 13-гадовая школьніца. Трагедыя здарылася 29 верасня падчас выканання сельскагаспадарчых працаў у СВК «Усход-агра»: вучаніца 8-га класа сярэдняй школы № 11 Маладзечна, 13-гадовая Вікторыя Папчэня загінула пад коламі грузавіка. Была распачата крымінальная справа. Кіроўцу асудзілі да 3 гадоў абмежавання волі. А двух настаўнікаў школы за недагляд — да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Акрамя таго, паводле рашэння суда, сям'і Папчэня павінны былі выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды: прадпрыемства «Хоўхлава», дзе працаваў кіроўца грузавіка, — 35 тысяч рублёў, а школа № 11 — яшчэ 15 тысяч.

Трагічная падзея атрымала вялікі рэзананс, улічваючы, што на такія працы ў прынцыпе забаронена прыцягваць дзяцей да 14 гадоў, ды і старэйшых — толькі з пісьмовага дазволу бацькоў.
Адразу пасля гэтага практыка паездак на бульбу школьнікаў спынілася ў многіх школах краіны.
Партал згадвае, што ў сувязі з гэтымі падзеямі на партале была размешчана петыцыя «забараніць прымусовую працу школьнікаў», аўтар якой выказаў думку аб недапушчальнасці існавання практыкі прымусовай працы, які не мае дачынення да вучэбнай праграмы, будзь гэтая праца нават дэкларатыўна «добраахвотным».
Складальнік звароту папрасіў «выключыць грамадска-карысную працу як абавязковую частку адукацыйнага працэсу, паколькі мы лічым, што ўстановы адукацыі не павінны займацца нічым іншым, як прадастаўленнем адукацыйных паслуг.
Ускладанне задач выхавання, у тым ліку і працай, на грамадства (школу, калектыў) і, у роўнай меры, вызваленне ад гэтай задачы сям'і і бацькоў дзіцяці — у духу камуністычнай ідэалогіі — зжыла сябе і недастасоўна для сучаснага грамадства ў еўрапейскай дзяржаве».
Петыцыя была накіраваная ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства адукацыі. Адказ прыйшоў толькі з Мінадукацыі, прычым — цалкам канкрэтны. Намеснік міністра ў афіцыйным адказе напісаў, што прыцягненне вучняў да сельскагаспадарчых работ у рамках грамадска-карыснай працы супярэчыць заканадаўству.

11ef9f517a6deabd6d84b914d269a349_715x1024.jpg


Памятаеце пра гэта, калі вашага дзіцяці захочуць «мабілізаваць».