Ці стануць беларусы народам, які знікае са свету?
Часам у аналітычных аглядах і прагнозах на перспектыву трапляюцца цікавыя лічбы. Зроблены эканамістамі даследчага цэнтра BEROC (Кіеў) Львом Львоўскім і Кацярынай Барнуковай план рэформы пенсійнай сістэмы — якраз з такіх. Паводле іх прагнозаў, праз 80 гадоў беларусаў стане менш удвая.
Як беларусы «падпалі пад скарачэнне»
Разлічваючы пенсійную нагрузку ў будучыні, эканамісты экстрапаліравалі дэмаграфічныя сцэнары для нашай краіны. Па адным з іх у 2100 годзе беларусаў застанецца прыкладна 4,2 — 4,3 мільёны. Па больш аптымістычным прагнозе — 6,19 мільёнаў чалавек.
Прычым (наўскідку) прыкладна траціну гэтага насельніцтва будуць складаць пенсіянеры.
Насельніцтва Беларусі ў 4,2 мільёны чалавек — гэта, падаецца, неверагодна малая лічба. На 1 студзеня гэтага года насельніцтва Беларусі (паводле Белстата) складала 9,2 мільёнаў чалавек.
4 мільёны 244,6 тысяч чалавек на пачатак 2022 года — гэта «эканамічна актыўнае насельніцтва Беларусі», то-бок занятае ў эканоміцы.
Прагноз эканамістаў азначае, што ў 2100 годзе ўсё насельніцтва краіны будзе складаць столькі чалавек, колькі цяпер — проста занятых у эканоміцы. І скароціцца больш чым удвая!
Такі прагноз выклікае крыху шокавую рэакцыю. Цяжка ўявіць, як, напрыклад, два мільёны «эканамічна актыўнага насельніцтва» будуць трымаць усю прамысловасць краіны («прамысловасць» у шырокім сэнсе гэтага слова, уключаючы сельскую гаспадарку, сферу паслуг, гандаль і гэтак далей). І пры гэтым з тых двух мільёнаў трэба выключыць «бюджэтнікаў» з войска, міліцыі, настаўнікаў, урачоў і кіраўнікоў розных узроўняў.
Падаецца, што (ізноў жа, калі экстрапаліраваць на будучыню сучасны стан Беларусі) у краіне проста не застанецца рэальна працоўных.
Ніякіх фокусаў — толькі Белстат
Таму мы і звярнуліся да аднаго з распрацоўшчыкаў канцэпцыі пенсійнай рэформы Льва Львоўскага з пытаннем: а ці няма тут нейкай памылкі?
«Гэтыя лічбы атрымаліся наступным чынам. Апошнія даныя па ўзроставай структуры насельніцтва, нараджальнасці і трэнды па смяротнасці Белстат публікаваў у 2019 годзе. Мы ўзялі гэтыя трэнды і паглядзелі, што будзе, калі смяротнасць застанецца такой жа, як у 2019-м, і нараджальнасць, як у 2019-м. І, калі экстрапаліраваць гэтыя трэнды 2019 года, атрымліваецца вось так», — патлумачыў Львоўскі.
Пры гэтым сцэнары колькасць беларусаў у 2100 годзе складзе 4,3 мільёны.
Другая мадэль, крыху менш аптымістычная, улічвае масавую эміграцыю беларусаў у 2020-2022 гадах. Прычым, па словах Львоўскага, гэта нават не прагноз, а сімуляцыя. Эканамісты спыніліся на тым, што на сёння з краіны з’ехала прыкладна 200 тысяч беларусаў. «Таму што праўдзівых і пацверджаных лічбаў таго, колькі людзей з’ехала з краіны, у нас няма. Па розных ацэнках, у перыяд паміж 2020 годам і пачаткам расійска-ўкраінскай вайны 24 лютага 2022 года з’ехала паміж 100 і 200 тысячамі. Таму 200 тысяч можна лічыць верхняй мяжою колькасці людзей, якія з’ехалі да пачатку вайны», — адзначыў Львоўскі.
Пры гэтым лічба такіх «дэмаграфічных уцёкаў» у 200 тысяч зніжае ў перспектыве насельніцтва Беларусі да 4,2 мільёнаў.
І самы аптымістычны сцэнар, пры якім насельніцтва Беларусі складзе ў 2100 годзе 6,19 мільёнаў чалавек. Як адзначаецца ў дакуменце, для гэтага спатрэбіцца рост нараджальнасці — прычым такі рост, які адпавядае 10-гадоваму максімуму нараджальнасці ў Беларусі.
Цяпер каэфіцыент нараджальнасці, па базавым сцэнары 2019 года, у Беларусі — 1,38. То-бок на адну жанчыну прыходзіцца 1,38 дзіцёнка. Аптымістычны сцэнар прадугледжвае, што нараджальнасць павысіцца да 1,73 дзіцёнка на жанчыну — менавіта такі 10-гадовы максімум нараджальнасці. Але пакуль падстаў меркаваць, што колькасць насельніцтва ў Беларусі не знізіцца, не назіраецца.
Таму што нават аптымістычны сцэнар — гэта менш, чым узровень узнаўляльнасці насельніцтва, тлумачыць Леў Львоўскі. «Узровень узнаўляльнасці — гэта 2,1 дзіцёнка на жанчыну. Калі б у нас нараджальнасць у сярэднім была такой, у нас насельніцтва не памяншалася б, але і не павышалася б, заставалася стабільным. Адпаведна, калі гэтая лічба меншая, то насельніцтва змяншаецца, калі большая — насельніцтва павялічваецца», — кажа ён.
А што наконт мігрантаў у Беларусь? Ці могуць яны выправіць дэмаграфічную сітуацыю ў нашай краіне?
«Падставіць у гэтую мадэль можна ўсё што заўгодна. Але пакуль мы бачым па трэндах 2022 года, што эміграцыя з Беларусі павялічваецца, а іміграцыя ў Беларусь — не, і не прадпрымаецца ніякіх дзеянняў, каб яе павялічыць. Канешне, цяпер у нас наплыў расійцаў, якія хаваюцца ад мабілізацыі, але гэта несапраўдныя імігранты, яны не прыязджаюць у Беларусь жыць назаўсёды. Мы нічога не ведаем наконт нараджальнасці, таму што Белстат не публікуе даныя, але ёсць усе падставы меркаваць, што нараджальнасць у Беларусі ўпала яшчэ больш моцна, таму што яна ўпала ва ўсіх краінах, якія абкружаюць Беларусь», — зазначае спецыяліст.
Краіна, вольная ад людзей?
Праўда, наконт таго, што 4,2 мільёны беларусаў у 2100 годзе не «падымуць» гаспадарку краіны, Леў Львоўскі не пераймаецца. Па яго словах, ёсць дзяржавы, у якіх насельніцтва меншае, чым у Беларусі, напрыклад, Літва і Грузія. І нічога, яны жывуць сабе нармальна.Але справа ў тым, што і Літва, і Грузія, і краіны з насельніцтвам меншым, чым у Беларусі, адпаведна меншыя і па тэрыторыі. Насельніцтва Грузіі на 2021 год складала 3,7 мільёнаў чалавек, а Літвы — 2,7 мільёнаў. Але ў Беларусі можа змясціцца тры Літвы альбо Грузіі. І чатыры (альбо нават шэсць) мільёнаў чалавек на такую тэрыторыю — усё ж будзе малавата.
Зразумела, што дэмаграфічнае становішча не выпраўляецца так проста. Для гэтага трэба, найперш, нармальная і стабільная эканоміка. Каб у людзей былі заробкі, было жытло і была ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Тое, што адбываецца цяпер, калі ніхто не знае, якія рашэнні прыме наша кіраўніцтва і што будзе заўтра, зусім не спрыяе ўпэўненасці, а, хутчэй, наадварот. А развязаны ў краіне тэрор супраць іншадумцаў і ўдзел Беларусі ў расійскай спецаперацыі, наадварот, вымушаюць людзей з’язджаць.
За бягучы год толькі айцішнікаў у краіне стала менш на 12 тысяч чалавек. Дадамо сюды іх дзяцей і сужэнцаў — атрымаем 35 тысяч эмігрантаў. Гэта з улікам агаворак «як мінімум», «толькі айцішнікаў» і «год яшчэ не скончыўся».
У Беларусі толькі афіцыйна прызнаных палітычных зняволеных больш за 1300. Следчы камітэт казаў пра 11 тысяч крымінальных спраў, заведзеных у сувязі з пратэстамі-2020. Канешне, асуджаючы на турэмныя тэрміны шматдзетных маці, яны не думаюць пра дэмаграфію — і тым самым пазбаўляюць краіну будучыні.
Няма падстаў меркаваць, што з дэмаграфіяй нешта палепшылася ці палепшыцца ў бліжэйшай будучыні. Таму нават «базавы» сцэнар даследчыкаў можа ў будучыні стаць «вельмі аптымістычным». А пытанне ў загалоўку гэтага артыкула будзе пастаўлена рубам.