Уладзімір Пастухоў: Планетарная герантакратыя. Старыя бяруць гэта дзесяцігоддзе ў доўг у моладзі

«Тое, што адбываецца ў Расіі, з Расіяй і вакол Расіі ў цэлым не выпадае з уяўленняў пра тое, што адбываецца са светам наогул. Гэта пакаленчы афташок», — разважае ў сваім тэлеграм-канале доктар паліталогіі Уладзімір Пастухоў.

«Пакаленні, свядомасць якіх сфарміраваная рэаліямі 70–80-х гадоў мінулага стагоддзя (гэта цэлы пучок пакаленняў старэйшай узроставай групы), спрабуюць вярнуць сабе маладосць, аднавіўшы рэаліі, у якіх ім было (або здаецца, што было) добра. Увесь сённяшні права-кансерватыўны разварот — гэта ў значнай ступені вайна старэйшых пакаленняў супраць малодшых і праява іх дэмаграфічнага эгаізму. Рэнесанс старых добрых парадкаў адбываецца ў крэдыт. Старыя бяруць гэта дзесяцігоддзе ў доўг у моладзі, каб такім чынам пабудаваць сваю псеўдаабяцаную зямлю. Тое, што ў руху ўдзельнічае моладзь, не павінна нікога ўводзіць у зман: яна інструмент, але не бенефіцыяры эпохі рэстаўрацыі.

У аснове гэтай палітычнай і ідэалагічнай планетарнай герантакратыі ляжаць розныя фактары. Часткова тут і чыстая дэмаграфія: агульнае павелічэнне працягласці жыцця наогул і працягласці актыўнага жыцця з уключэннем у сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы ў прыватнасці. Часткова — і звязаная з такой дэмаграфічнай сітуацыяй эканоміка, калі значная частка рэсурсаў якой засяроджваецца ў руках кіраўнікоў сямействаў, якія старэюць, але не паміраюць. Ёсць і выключна палітычныя фактары: пры адсутнасці выразных адказаў на гістарычныя выклікі ў сучаснасці гэтыя адказы шукаюцца ў мінулым, у сувязі з чым значнасць носьбітаў, якія маюць адпаведны вопыт, узрастае.

Рэванш старэйшых пакаленняў адбываецца паўсюдна. Проста вопыт і мары ў кожнага свае. У Англіі ўспамінаюць пра астраўны суверэнітэт і адгароджваюцца ад Еўропы, а ў Расіі — пра кантынентальны (Еўразійскі) суверэнітэт і адгароджваюцца ад усяго свету. У кожнай рэстаўрацыі свой маштаб.

Гэта сумна, але ў гэтым ёсць і добрая навіна — носьбіты любога вопыту рана ці позна ўсё ж такі сыходзяць. На іх месца прыйдуць тыя, чый вопыт будзе ўключаць няпэўнасць, нявызначанасць і нестабільнасць, звязаныя са спробай павярнуць гісторыю назад.

На наступным этапе гісторыі пакаленні малодшай узроставай групы, хутчэй за ўсё, паспрабуюць вярнуць узятае ў іх у доўг дзесяцігоддзе з працэнтамі. Мяркую, гэта будзе рэзкі, штуршкападобны рух з моцным паскарэннем і агульным вектарам моцна налева. Галоўнае — не перавярнуцца пры рэзкім развароце».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: