Як дэмаграфія і палітэміграцыя «дабіваюць» беларускую эканоміку

У Беларусі імкліва зніжаецца колькасць працуючага насельніцтва. Па словах эканамістаў, справа не толькі ў дэмаграфіі, але і ў эміграцыі, а таксама масавых звальненнях па палітычных матывах.

_samalety___turyzm____belavia__fota_lzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__16__logo.jpg


За апошні год у Беларусі паскорыліся тэмпы падзення колькасці людзей, занятых у эканоміцы. Па даных сайта infobank.by, за 11 месяцаў 2021 года колькасць працуючых у краіне стала менш на 54,6 тыс чалавек, гэта азначае падзенне на 1,3%. Як вынік — колькасць занятых у эканоміцы дасягнула гістарычнага мінімуму ў 4 млн 255,2 тыс чалавек. Чаму так адбылося і чым гэта пагражае беларускай эканоміцы — у матэрыяле DW.

Рабочая сіла ў Беларусі скарачаецца ўжо на працягу 10 гадоў

Сітуацыя са скарачэннем рабочай сілы ў Беларусі далёка не новая, гэта адбывалася паслядоўна на працягу апошніх дзесяці гадоў. Як тлумачаць беларускія эканамісты, адна з галоўных прычын гэтай сітуацыі менавіта дэмаграфічная. "У нас адбываецца старэнне насельніцтва. Груба кажучы, выходзіць на пенсію або памірае ў працаздольным узросце больш, чым маладых прыходзіць на рынак працы", — тлумачыць старэйшы аналітык кампаніі "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.
Дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова акрамя дэмаграфіі таксама адзначае эканамічную эміграцыю. "Прычым не абавязкова сталую эміграцыю, беларусы таксама ездзілі ў маятнікавую міграцыю працаваць на сезон — у Расію ці Польшчу, дзе былі максімальна камфортныя ўмовы. Таму апошнія дзесяць гадоў рабочая сіла ў нас пастаянна скарачалася", — кажа эксперт.

Скачок у 2021 годзе абумоўлены ў тым ліку палітычным фактарам

Зрэшты, у 2021 годзе тэмпы скарачэння працоўнага насельніцтва значна паскорыліся, стаўшы самымі высокімі за апошнія 5 гадоў (-1,3%) і нават вышэй, чым у "пандэмійным" 2020 годзе (-0,4%). Прычына — дадаўся палітычны фактар. "Па-першае, павялічылася эміграцыя не толькі па эканамічных, але і па палітычных прычынах. Па-другое, мы назіраем дзеянні па свядомым звальненні грамадзян, якія былі заўважаныя ва ўдзеле ў нейкіх акцыях ці не за тых галасавалі ў 2020 годзе, — гэта тычыцца бюджэтных і дзяржпрадпрыемстваў. Гэта і прывяло да скачка скарачэння занятасці ў 2021 годзе", — адзначае Вадзім Іосуб.

Масавыя звальненні па палітычных матывах больш закранулі рэгіёны

Да фактару масавых палітычных звальненняў, аб якіх часта ў апошні час паведамляюць беларускія СМІ, эканаміст Барнукова ставіцца асцярожна. "Калі мы чуем пра палітычна абгрунтаваныя звальненні, гаворка ідзе аб дзяржаўных прамысловых прадпрыемствах не ў Мінску. Але ў прамысловасці, па статыстыцы, занятасць трохі вырасла, што нядзіўна, улічваючы бурны рост у 2021 годзе. У Мінску занятасць скарацілася больш, чым у рэгіёнах, хоць звальненні — гэта больш пра рэгіёны", — кажа эканаміст. Таму, па словах Барнуковай, нельга сказаць, што масавыя палітычныя звальненні не згулялі ролі, але наўрад ці гэта асноўная прычына зніжэння занятасці ў 2021 годзе.
У сваю чаргу больш істотным фактарам Барнукова называе палітычную эміграцыю: "Людзі з'язджалі не толькі таму, што іх звольнілі. Яны перасталі адчуваць сябе бяспечна ў краіне". Акрамя таго, беларусы, якія з'ехалі, становяцца праваднікамі для іншых, бо ў эміграцыі вельмі важныя сеткавыя эфекты. "Калі ў пэўны горад з'ехала некалькі сотняў чалавек, астатнім беларусам становіцца прасцей, людзі лягчэй прымаюць пастанову аб аб'ездзе, калі ў іх ёсць знаёмыя з такім досведам", — адзначае Барнукова.
Яшчэ адзін фактар акрамя палітыкі, на думку Кацярыны Барнуковай — гэта паступовае адкрыццё межаў пасля пандэміі: "Калі ў 2020 годзе беларусам было фізічна складана з'ехаць у Польшчу ці Расію, то ў 2021 годзе з'явіліся такія магчымасці".

Чым гэта пагражае беларускай эканоміцы?

Зніжэнне колькасці працуючага насельніцтва стане дадатковым фактарам, які будзе перашкаджаць росту эканомікі, кажа Вадзім Іосуб. "ВУП краіны прама прапарцыйны колькасці занятых у эканоміцы. Тут простая арыфметыка: ВУП — гэта сярэдняя прадукцыйнасць працы, памножаная на колькасць занятых у эканоміцы. Калі прадукцыйнасць працы не расце, або расце павольней, чым скарачаецца рабочая сіла, гэта прыводзіць да зніжэння ВУП у абсалютным выражэнні", — тлумачыць эксперт.

Скарачэнне колькасці занятых у выніку вядзе да запаволення росту ВУП

Пра гэта ж кажа і Барнукова: "Эканамісты груба кажуць, што людзі — гэта адзін з фактараў вытворчасці. Мы бярэм людзей, складаем іх з капіталам і на выхадзе атрымліваем наш ВУП. Гэты адзін працэнт скарачэння занятасці, калі ацэньваць вельмі груба, і ёсць адзін працэнт росту ВУП, які мы недаатрымалі ў 2021 годзе".
З пазітыўных момантаў Кацярына Барнукова адзначае рост заробкаў. "Калі скарачаецца рабочая сіла, працадаўцу становіцца цяжэй знайсці работніка на новае месца, што змушае яго падымаць зарплаты, — адзначае яна. — Але з іншага боку, калі ў краіне скарачаецца колькасць насельніцтва працаздольнага ўзросту, значыць менш людзей будуць плаціць падаткі, у тым ліку ФСАН, таму ўладам будзе складаней выплачваць пенсіі, дапамогі і падтрымліваць бюджэт". Гэтая сітуацыя, па словах эканаміста, выклік для эканамічнага росту і магчымасці дзяржавы выконваць свае сацыяльныя абавязацельствы.
Акрамя таго, Вадзім Іосуб адзначае, што працэсы, звязаныя з палітычнымі звальненнямі і палітэміграцыяй закранаюць у першую чаргу кваліфікаваных работнікаў, бо дрэнныя лекары і настаўнікі наўрад ці знойдуць працу за мяжой. "Страта самых кваліфікаваных рэальна адаб'ецца на доўгатэрміновым гарызонце і прывядзе да зніжэння чалавечага капіталу, высокім узроўнем якога так любілі ганарыцца беларускія ўлады", — рэзюмуе эксперт.

Без палітычных і эканамічных зменаў сітуацыя не палепшыцца

Гаворачы пра будучыню, беларускія эканамісты прагназуюць толькі пагаршэнне сітуацыі і далейшае скарачэнне працоўнага насельніцтва ў Беларусі. "Палітычны фактар ніколі не быў такім маштабным на макраўзроўні — як мінімум, мы гаворым пра дзясяткі тысяч эміграваўшых. Таксама пагаршаецца эканоміка: нават у паспяховым 2021 годзе мы нарасцілі адставанне ад Польшчы. Гэта значыць, што праца ў Польшчы на зборы трускаўкі становіцца ўсё больш прывабнай, а наша адставанне будзе толькі расці", — мяркуе Кацярына Барнукова.

Нягледзячы на недахоп спецыялістаў, эксперты не прагназуюць рост заробкаў у Беларусі ў бліжэйшы час

Вярнуць назад лічбы занятых у эканоміцы наўрад ці атрымаецца. "Павінен адбыцца, напрыклад, дэмаграфічны выбух, але ён проста так не адбываецца. Для таго, каб вярнулася эканамічная эміграцыя, патрэбны значны рост заробкаў тут, але гэтага мы не чакаем. Каб вярнуліся палітэмігранты, патрэбныя сур'ёзныя палітычныя змены. Калі гэтага не будзе, то тэндэнцыя па скарачэнні занятых у эканоміцы будзе працягвацца", — кажа Іосуб.
Тэзіс аб неабходнасці структурных змяненняў у Беларусі падтрымлівае і Кацярына Барнукова: "Каб тэмпы адтоку занятых у эканоміцы зменшыліся, патрэбны вялікі разварот унутры Беларусі ва ўсіх сэнсах: і палітычным — у плане спынення рэпрэсій, і эканамічным — у выглядзе ўпэўненага эканамічнага росту. Павінны з'явіцца магчымасці для развіцця, для кар'еры, каб людзі задумаліся пра тое, каб не з'язджаць або вярнуцца".