«Міліцыянт сказаў, што не бачыць ува мне раскаяння». Таццяна Батура распавяла пра 46 сутак на Акрэсціна

Мінчанка Таццяна Батура распавяла DW, што ёй давялося перажыць за жаданне прысутнічаць на судзе над палітвязнем.

batura2201.jpg

Таццяну Батура затрымалі 15 лістапада, перад судом над палітвязнем Вольгай Залатар. Батуру тройчы судзілі за «дробнае хуліганства», у агульнай складанасці яна правяла на Акрэсціна паўтара месяца, з іх 20 дзён у карцары, 13 — трымала галадоўку на знак пратэсту супраць умоў утрымання. Напярэдадні чацвёртага суда Таццяна даведалася пра смерць бацькі, пасяджэнне перанеслі з 31 снежня на 3 студзеня. Жанчына змагла трапіць на пахаванне, а пасля з'ехала з Беларусі.

— Таццяна, вам растлумачылі, за што вас затрымалі?

— Не, ні тады, ні пазней нічога не тлумачылі. Я амаль паўтара года ў якасці валанцёра прыходжу на суды да палітвязняў. Маё прозвішча праверылі па нейкім спісе, і, мабыць, яно там апынулася. Людзі ў цывільным, якія не прад'явілі ніякіх дакументаў, папрасілі прайсці з імі для высвятлення нейкіх абставінаў.

Мяне прывезлі ў РУУС, сказалі супрацоўнікам «гэта наша, яе па поўнай праграме». Пасля таго, як мне паведамілі, што я затрыманая, я папрасіла выклікаць адваката, з якім раней была заключаная дамова.

Са словамі «вось табе, а не адвакат» мяне ўдарылі ў твар, я стукнулася галавой аб металічны сейф. Потым зрабілі асабісты дагляд — усе рэчы з майго заплечніка выкінулі на падлогу. Папрасілі разблакаваць і выключыць тэлефон, я адмовілася зрабіць. Пару гадзін на мяне наогул ніхто не звяртаў увагі, потым, калі рабілі вопіс рэчаў, былі пагрозы і хамства. Я не стала знаёміцца з пратаколам затрымання.

— Як праходзіў суд, у чым вас абвінавачвалі?

— Я знаходзілася ў РУУС, суд праходзіў праз скайп. Мне ставілася ў віну дробнае хуліганства. Нібыта я, знаходзячыся на 4-м паверсе Мінскага гарадскога суда, «паводзіла сябе агрэсіўна і абуральна», размахвала рукамі, лаялася матам, парушыла дзейнасць суда.

Адвакат заяўляў хадайніцтвы, у тым ліку і пра тое, каб далі запісы з відэакамер — там ёсць тры камеры, якія паказваюць месца падзей, але суд адмовіў. Дапыталі нейкага сведку, які распавёў практычна тое ж, што было ў пратаколе. Мне далі 15 сутак.

— У якіх умовах вы знаходзіліся ў ізалятары на Акрэсціна?

— Спачатку мяне змясцілі ў звычайную двухмесную камеру для палітычных, я была сёмай. Ні матрацаў, нічога іншага не было, мы ляжалі на голай падлозе.

Там я правяла менш за суткі, пасля мяне адправілі ў карцар, у тую ж ноч да мяне падсялілі бяздомную жанчыну Алу Ільінічну. У карцары таксама нічога не было, вада — толькі халодная, спалі на бетоннай падлозе.

— За што вас адправілі ў карцар?

— Я нічога не пыталася і наогул даведалася, куды мяне вядуць, толькі калі перада мной адчыніліся дзверы, зразумела, што гэта карцар. Пазней раздатчыца ежы спытала ў ахоўніка, за што я там знаходжуся, ён сказаў, што «за перамены».

— Як сябе паводзілі ахоўнікі на Акрэсціна?

— Па-рознаму, але там ніхто ні за што не адказвае. У аховы можна папрасіць толькі туалетную паперу і мыла, больш нічога не давалі. Калі мяне перавялі з карцара ў камеру, з-за перанаселенасці там было вельмі душна. Мы прасілі адкрываць «кармушку» (акенца для падачы ежы), каб хоць чымсьці можна было дыхаць, але на такія просьбы часцей за ўсё чулі мат.

— Як вас перазатрымлівалі?

— Мяне павінны былі адпусціць 30 лістапада ў 14.20, але толькі каля 19.00 адвялі на першы паверх ЦІП, аддалі рэчы. Унізе ўжо чакаў міліцыянт, які адвёз мяне ў Фрунзенскае РУУС. Так мне стала зразумела, што гэта перазатрыманне.

У РУУС прыехаў Сяргей Дзяшко, які складаў ўсе мае чатыры пратаколы, мы з ім спакойна паразмаўлялі на абстрактныя тэмы. Ён сказаў, што не бачыць ува мне раскаяння.

Здавалася, гутарка прайшла добра, аднак мяне адвялі на ноч у камеру, раніцай адбыўся суд, дзе я даведалася, што зноў «хуліганіла», толькі на гэты раз у Фрунзенскім РУУС: лаялася матам, адмаўлялася падпісваць пратакол гутаркі, якую са мной хацелі правесці, і менавіта, нібыта, для гэтага мяне прывезлі ў РУУС. Зноў — 15 сутак.

— У якіх умовах вы былі гэтым разам?

— Мяне вярнулі ў той жа карцар, дзе я правяла яшчэ каля тыдня. У карцары была яшчэ адна дзяўчына па «палітычным» артыкуле, трое бяздомных і жанчына, якую затрымалі за прастытуцыю. Ва ўсіх бяздомных былі вошы. Мы з Наташай (сукамерніца Таццяны, якая сядзела па «палітычным» артыкуле) паспрабавалі неяк паўплываць на ўсё гэта і адмовіліся ад ежы.

Праз пару дзён усіх бяздомных, акрамя Алы Ільінічны, забралі. Але галадоўку я трымала 13 сутак — да наступнага перезатрымання. Яно, дарэчы, амаль нічым не адрознівалася ад папярэдняга.

— Калі вы даведаліся аб смерці бацькі і як вырашыліся з'ехаць?

— Бацька памёр 29 снежня. Мяне павінны былі выпусціць 30, я ўвесь дзень прасядзела ў РУУС. Калі ўжо вялі на ноч у камеру, пачула мамчын голас, мне дазволілі падысці і даведацца, што здарылася. Мама была ўся ў слязах, прасіла, каб мяне адпусцілі, сказала, што бацькі не стала. Ёй, вядома, адмовілі. 31 снежня адбыўся суд, дзе адвакат падаў хадайніцтва, каб мяне адпусцілі на пахаванне, суддзя перанесла пасяджэнне на 3 студзеня.

Былі выходныя, з'явілася магчымасць з'ехаць. Гэта было вельмі складанае рашэнне, але я даведалася, што ў дачыненні да мяне можа быць распачатая крымінальная справа. Цяпер я ва Украіне.

Не ведаю, ці спрабавалі мяне знайсці па месцы прапіскі перад судом, але завочна далі 15 сутак. Знаёмая сказала, што на гэты раз, згодна з пратаколам, я «разбіла кубак аб сцяну і абліла кагосьці з супрацоўнікаў вадой».