Сястра палітвязня Паўла Шпетнага: Баялася, што згублю брата
У сакавіку будзе год, як палітвязень Павел Шпетны пад следствам. Ён праходзіць па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» разам з групай брэсцкіх анархістаў, а таксама праваабаронцамі Марфай Рабковай і Андрэем Чапюком. Ці падтрымлівае хлопец анархічныя погляды, невядома, але вядома, што яго вінавацяць па двух крымінальных артыкулах.
Працаваў і вучыўся, але МУС назвала «дармаедам»
З родных у Паўла Шпетнага — толькі старэйшая сястра і яе сям'я. Распавесці гісторыю брата Інэсу прымусіла хлусня, якую яна ўбачыла ў адным з артыкулаў пра затрыманне Паўла і іншых фігурантаў справы.
— Тая інфармацыя, што падаецца пра гэтых хлопчыкаў, не адпавядае рэчаіснасці. Калі майго брата затрымалі, выйшаў артыкул, што гэтыя берасцейскія хлопчыкі — дармаеды, яны нідзе не працуюць і не вучацца. Ну як яны могуць нідзе не вучыцца, калі ім 16 гадоў? Я хачу, каб усе даведаліся: мой брат і іншыя — звычайныя хлопцы, якія вучыліся, працавалі, у іх былі жаданні і памкненні, яны хацелі чагосьці дасягнуць і прынесці гэтай краіне нешта новае, — пачынае аповед Інэса.
Сапраўды, калі напачатку сакавіка 2021 года ГУБАЗіК затрымаў шэраг жыхароў Берасцейшчыны, прэс-служба МУС сцвярджала, што ўсе яны — маладзёны ад 16 да 35 гадоў — уваходзілі ў арганізацыю «Рэвалюцыйнае дзеянне» і нідзе не працавалі.
Інэса старэйшая за брата на 12 гадоў, ён рос на яе вачах і яна ведала пра ўсе яго справы.
— З самага маленькага ўзросту ён быў вельмі добрым, чулым, спакойным хлопчыкам. У яго не было сітуацый, калі б ён сур'ёзна правініўся ці нашкодзіў. Вучыўся вельмі добра, заняў другое месца на абласной алімпіядзе па фізіцы, — распавядае сястра палітвязня.
Дарэчы, пра «дармаедаў», якія нідзе не працавалі і не вучыліся: на момант затрымання ў сакавіку мінулага года Павел Шпетны адначасова працаваў на газаапараце і вучыўся на эканамічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Апроч таго, хлопец захапляўся праграмаваннем і збіраўся далей развівацца ў гэтай галіне, паглыблена займаўся з рэпетытарам англійскай мовай. Павел вельмі хацеў вандраваць, а яшчэ ў яго было вялізнае жаданне развівацца.
У 16 гадоў стаў сіратой
— Калі не стала нашай мамы, высветлілася, што ў яго няма і бацькі, — працягвае сястра палітвязня. — У нас таты розныя, і з яго татам мама развялася, калі Пашка быў зусім маленькі. На момант смерці мамы Пашу было 16 гадоў, у нас ужо не было бабуль і дзядуляў, і быў патрэбны апякун. Палічылі, што я на той момант была для гэтага малаватая, і хацелі знайсці бацьку. Але калі сталі падымаць дакументы, аказалася, што яго тата павесіўся яшчэ раней, чым памерла нашая мама. Брат быў афіцыйна прызнаны сіратой.
Брат і сястра выраслі ў вёсцы, але на момант, калі памерла іх маці, Інэса ўжо выйшла замуж, нарадзіла дзетак і жыла з мужам і яго бацькамі ў Брэсце. Яна забрала брата да сябе.
— Тады ў яго быў вельмі складаны перыяд, далёкія сваякі ніяк нас не падтрымалі, толькі мае свякроў са свёкрам дапамагалі. Брат паступіў у будаўнічы каледж, вучыўся добра, але асаблівага жадання не было. Потым паступіў у палітэх на будаўнічую спецыяльнасць, але не давучыўся год, цішком ад мяне забраў дакументы. Я на яго сварылася, казала, што ён зрабіў памылку. А ён казаў, што які сэнс з вучобы, калі ён не да канца разумее і купляе кантрольныя, якім ён будзе спецыялістам? Ён вельмі сур'ёзна да гэтага ставіўся.
Праз год Павел зноў паступіў ва ўніверсітэт, ужо на эканамічны факультэт. Тады ён сказаў сястры, што яна мела рацыю, і ён сапраўды згубіў час. Таму за кароткі тэрмін ён імкнуўся захапіць многае, будаваў планы.
— Цяпер, знаходзячыся там (у СІЗА. — НЧ), ён просіць дасылаць яму раздрукоўкі англійскай мовы і займаецца па іх. Таксама ён чытае вельмі шмат кніг, у асноўным на англійскай мове. Гаворыць, што кніг у бібліятэцы СІЗА не хапае, іх хутка разбіраюць і па іх утвараецца чарга — гэта сведчыць пра тое, якія людзі там знаходзяцца, — дзеліцца Інэса.
«Людзі, якія любяць жывёл, не могуць быць злымі»
Яна не перастае паўтараць, які яе брат добры. У яго ў халадзільніку заўсёды былі пакуначкі з кормам для бяздомных жывёл, часта ён браў гадаванцаў на ператрымку і дапамагаў знайсці ім дом.
— У яго вельмі шмат дабрыні і чуласці, нават больш, чым у мяне. Можа быць, таму, што мы раслі ў вёсцы, дзе была вялікая гаспадарка, і ён заўжды даглядаў за свойскай жывёлай.
Па гаспадарцы Павел заўсёды дапамагаў без лішніх размоў, і да любой працы падыходзіў адказна. Але аднойчы здарыўся выпадак, калі хлопец прымусіў панервавацца не тое што ўсю сваю сям'ю — усю вёску.
— Памятаю, калі Паша быў зусім маленькі, гады 3-4, быў у нас сабака, якога ён вельмі любіў. Аднойчы тэлефануе мне мама і кажа, што ператрэслі ўвесь двор — знік Паша. І па вёсцы бегалі шукаць — ніхто не бачыў. Прабегаўшы палову дня, мама вярнулася ў двор, села і заплакала. Раптам пачула: «Хі-хі» — і цішыня. Адкуль гук — незразумела. Потым — зноў. Стала хадзіць, зноў глядзець паўсюль. Чуе — у будцы з сабакам нейкі шоргат. Зазірае — а там Пашка абдымае сабаку, той пачаў яго лізаць, а малы — хіхікаць. Сядзеў там, загуляўся і не чуў, як яго шукалі, настолькі ён любіў жывёл. Мне здаецца, людзі, якія любяць жывёл, проста не могуць быць злымі па сваёй прыродзе, — зазначае Інэса.
«Засвяціўся» ў базах сілавікоў
Як Павел трапіў пад крымінальны пераслед, сястра палітвязня толкам не ведае. Распавядае, што спачатку затрымалі яго сябра. Потым — брата, яму нічога не прад'явілі, забралі «для разбіральніцтва». Па якой справе — невядома. Інэса не магла яго знайсці, аб’ездзіла ўсе РАУСы і СІЗА Брэста, нідзе ніхто нічога не мог сказаць.
Толькі на наступны дзень ёй патэлефанавалі з Мінска і сказалі, што брат затрыманы.
— Для мяне гэта было вялізным шокам, — прызнаецца Інэса.
Яна мяркуе, брата затрымалі таму, што ён ужо «засвяціўся» ў базах сілавікоў.
— Пяць гадоў таму яго затрымлівалі, абвінавачвалі ў тым, што ён закідваў чымсьці міліцэйскі пост. Але я тады тлумачыла — і гэта праўда — што брат не мог гэтага рабіць, калі гэта здарылася, ён быў дома і рыхтаваўся да паступлення. Прасіла паказаць мне фота і відэа, каб я сказала, ёсць там мой брат ці не. Але мне адказалі: паколькі ідзе следства, мне не маюць права нічога паказваць. У выніку справу закрылі і брату даслалі афіцыйны дакумент, дзе было сказана, што на відэа быў не ён.
Пасля гэтага Паўла Шпетнага затрымалі яшчэ раз, на Дзень Волі. Тады яго проста патрымалі і адпусцілі, не патлумачыўшы прычыны.
Цяпер, па інфармацыі праваабаронцаў, Паўлу Шпетнаму прад'яўлены абвінавачанні па арт. 342 («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і па ч. 2 арт. 339 КК («Хуліганства, учыненае паўторна або групай асоб»). Па словах Інэсы, брат нічога не распавядае пра гэтыя абвінавачанні ні ў лістах, ні падчас спатканняў. Абмяркоўваюць, у асноўным, бытавыя справы.
Перажыў дэпрэсію і стаў вегетарыянцам
— Першае спатканне ў нас было вельмі эмацыйнае, я на ім настаяла. У адзін дзень ад брата прыйшлі настолькі дэпрэсіўныя лісты, што я баялася, што згублю яго. У лістах прасочвалася, што ён не бачыць сэнсу ў жыцці, у яго знікла жаданне жыць. Я так зразумела, яму навязвалася, што ён ужо не выйдзе адтуль. У лістах ён прасіў у мяне прабачэння і, такое адчуванне, што развітваўся.
Інэса забіла трывогу і змагла выпатрабаваць у следчага спатканне з Паўлам.
— Яны не ведаюць, што ідуць на спатканне, ім нічога не кажуць. Калі брат мяне ўбачыў, ён быў у дзікім шоку, не мог гаварыць. Адзінае, што ён здолеў выціснуць: «Як ты гэта змагла?». Я не магла стрымаць слёз, яны самі цяклі. Калі я стала крыху прыходзіць у сябе, убачыла, што людзі вакол мяне таксама ўсхліпваюць, не адна я такая.
Інэса распавядае, што ў брата заўжды былі густыя валасы, а калі яна ўбачыла яго на спатканні, ён быў фактычна лысы — ад стрэсу валасы моцна выпалі.
Сястра як магла суцяшала і падбадзёрвала брата, запэўнівала, што гэта выпрабаванне, якое трэба годна пераадолець, і ён крыху супакоіўся.
У СІЗА Павел стаў вегетарыянцам.
— Ён не есць мяса і нават рыбу, бо вельмі любіць жывёл і гаворыць, што ў свеце і так надта шмат зла, — тлумачыць сястра.
Другое спатканне з братам у Інэсы было нядаўна, перад Новым годам. Яна заўважыла, што Павел трошкі паправіўся і нават жартаваў. Лісты ад яго таксама сталі прыходзіць пазітыўныя. Інэса гаворыць, што быў перыяд, калі 1,5 месяца Павел нічога не пісаў — у яго была дэпрэсія. Цяпер яму таксама несалодка, але ён імкнецца знаходзіць станоўчыя моманты. І, што вельмі радуе Інэсу, у лістах усё часцей сталі з'яўляцца словы «Да хуткай сустрэчы!», «Мы хутка ўбачымся!».
Цяпер Паўлу пішуць лісты яго маленькія пляменніцы, дочкі Інэсы: яны распавядаюць яму пра свае справы, дасылаюць розныя заданні са школьнай праграмы і рэбусы. Спачатку ім не казалі, дзе Павел, але яны самі спыталі наўпрост у лоб: ён у турме? Ім сказалі, што так, і што яго трэба падтрымліваць, што дзяўчаткі і робяць.
— Я не ўмешваюся, бо гэта іх асабістая перапіска, але калі яны захочуць, то распавядаюць. Так, нядаўна Паша ім напісаў, што на Новы год яны з сурвэтак зрабілі елачку, — дзеліцца Інэса.
Яна, як і сам Павел, спадзяецца, што цёмная паласа ў іх жыцці скончыцца, і брат будзе дома. Што б ні было — трэба ўставаць з каленяў і ісці далей.
Падтрымаць Паўла Шпетнага лістамі можна па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1.