Што з беларускім футболам? Гульцы масава з’язджаюць з краіны

Чэмпіянат Беларусі пакідаюць як легіянеры, так і айчынныя футбалісты.

1584011815.jpg


Пачатак новага футбольнага сезону яшчэ за гарамі, але яго галоўны трэнд ужо, бадай, акрэсліўся. Чэмпіянат Беларусі не будзе ранейшым, бо зімовае міжсезонне актыўна вымывае з яго гучных гульцоў. Футбалісты банальна з'язджаюць за мяжу. У самых розных кірунках — Поўдзень, Поўнач, Захад, Усход. Працэс набыў такія формы, што падобны ўжо на нейкую хвалю працоўнай эміграцыі.
Статыстыкі яшчэ не палічылі імёны-прозвішчы, аднак і без таго відавочна: такога масавага зыходу наш футбол не памятае вельмі шмат гадоў. Калі нешта падобнае ўвогуле раней мела месца.
Возьмем для прыкладу БАТЭ — некалі найлепшы клуб Беларусі, які ведалі, паважалі і месцамі баяліся ў Еўропе. З Барысава футбалісты даюць лататы асабліва порстка. Нападаючы Мікалай Сігневіч цяпер будзе гуляць у Грэцыі. Іншы форвард Дзмітрый Юсаў з’ехаў у адэскі «Чарнаморац». Паўабаронца Валерый Грамыка вярнуўся ў Расію. У Ніжні Ноўгарад перабраўся Павел Карасёў, ва «Уфу» — варатар Антон Чычкан, у «Хімкі» — абаронца Захар Волкаў, на Кіпр вострыць лыжы апорнік Яўген Яблонскі… Ужо страчаны сямёра гульцоў, а калі дадаць Паўла Няхайчыка, што раптам завяршыў кар'еру, відавочны попыт на Дзяніса Шчарбіцкага і Аляксандара Філіпавіча, то збіраецца амаль цэлы склад. І гэта толькі на экватары зімовага трансфернага перыяду.
Ці ўзяць брэсцкі «Рух», той самы, якім валодае бізнесовец Аляксандр Зайцаў. Тут рэлакацыя мае таксама лавінападобны характар. Беларусы Кірыл Пячэнін, Дзяніс Лапцеў, Арцём Рахманаў, Павел Паўлючэнка, Арцём Канцавы стартанулі хто ў Расію, хто ў Казахстан, хто ў Польшчу альбо Чэхію. Легіянеры Аляксандр Наёк, Давід Тве, Эліс Бакай, Габі Кікі абралі іншыя кірункі — Малдова, Кіпр, Ізраіль…
Цэнтрабежныя працэсы назіраюцца і ў мацнейшым беларускім клубе апошняга часу — салігорскім «Шахцёры». Радзеюць шэрагі чэмпіёнаў: Юліюс Сзоке адправіўся ў Ізраіль, Джоржэ Іванавіч абраў славенскі «Марыбор», Юрый Кендыш паехаў гуляць у «Рыгу», не выключана, што за мяжу накіруецца і лепшы бамбардзір Дэмба Дарба. А тут яшчэ ў медыя з'явіліся навіны пра тое, што няма ў камандзе будучыні ў траіх ветэранаў — Ігара Стасевіча, Аляксандра Гутара Аляксандра Сачыўкі. Наўрад ці яны ў сталым узросце паспрабуюць загуляць за мяжой, але ж у трэнд хай напалову, аднак патрапляюць.
Пяцёра гульцоў перасеклі беларускую мяжу, узяўшы курс з мінскага «Дынама» — Расія, Украіна, Венгрыя, Егіпет. З'язджаюць хлопцы з Гомеля, брэсцкага «Дынама», «Слуцка», жодзінскага «Тарпеда». Абы куды: часам у далёкі-далёкі Хабараўск, адкуль можна даплюнуць да Японіі, ці ў Грузію, куды б яшчэ пару гадоў таму нават не паглядзелі б. Але часы мяняюцца, і людзі мяняюцца разам з імі.

5o3auu_hxh8.jpg


Чаму так адбываецца? Пытанне адно і галоўны адказ таксама адзін: у беларускім футболе рэзка паменела грошай. А раз так, то, як той казаў, трэба рваць кіпцюры. Бо вядома ж: рыба шукае, дзе глыбей, чалавек, дзе лепей, футбаліст — дзе болей плацяць.
З якой нагоды фінансаванне скарачаецца, адным сказам не акрэсліш. Прычын тут цэлы комплекс, хаця так ці інакш яны паміж сабой карэлююць.
Па-першае, у кожнай каманды свае праблемы. БАТЭ паслядоўна бяднее ўжо не першы год, і тут можна сказаць словамі класіка: скажы дзякуй, што жывы. «Шахцёр» сілкуецца ад руднікоў «Беларуськалія», а той пад санкцыямі, і хто ведае, як яно будзе далей. Пад міжнароднымі санкцыямі і прарэжымны прадпрымальнік Аляксандр Зайцаў, то з чаго ён будзе песціць гульцоў свайго «Руха»?
Па-другое, агульная сітуацыя ў краіне вытрасае грошы з футбольных бюджэтаў. Высокая інфляцыя, кепскія прагнозы, тыя ж санкцыі… Самы час, як кажуць, зацягваць паясы, футбол тут ці не першы ў чарзе на раскулачванне. Бо не ствараюць гэтыя хлопцы з мячыкам і ў буцах аніякай дабаўленай вартасці. Жывуць строга на датацыях, то можна ў адпаведнасці з вучэннем Карла Маркса забраць лішкі.
Па-трэцяе, у чорнае цела нацыянальны футбол загнала нацыянальная федэрацыя. І ладна яшчэ, што забараняе рыхтавацца да чэмпіянату на замежных зборах (маўляў, на клапатлівай радзіме створаны ўсе ўмовы) — не першую зіму ўжо гэткі рэжым, можна і дома снег памясіць, калі так справа павярнулася. Куды горш тое, што адмысловым рашэннем спартыўных стратэгаў у рэгламентах быў укаранёны спецыяльны пункт аб столі заробкаў. І ўжо не могуць айчынныя майстры разлічваць больш чым на 8000 (восем тысяч) рублёў штомесяц. Так, на першы погляд сума і так падаецца астранамічнай па мерках беларускай эканомікі, але ж лепшыя футбалісты прывыклі да больш каларыйных рацыёнаў, таму цяпер і незадаволеныя, і з'язджаюць у замежжа, дзе могуць плаціць болей.
Усяго бягучай зімой вышэйшая ліга Беларусі страціла ўжо недзе пад паўсотню футбалістаў (беларусаў у спісе дзясятка паўтара). На іх месца зоркі неяк не пад'ехалі, таму ўжо зараз можна казаць, што ўзровень нацыянальнага чэмпіянату сёлета адчувальна пагоршыцца. У спартыўнай прэсе пра гэта пішуць як пра негатыўную з'яву з дрэннымі наступствамі, аднак не ўсё так адназначна.

1534.jpg


Узровень, канешне, упадзе — аднак ці не ў тыя нізіны, якіх мы заслугоўваем? Нізіны спартыўныя, эканамічныя, сацыяльныя… З якога пяруна, прабачце, павінен атрымліваць тысячы і тысячы долараў прафесіянал, які вылятае ў першым жа раўндзе еўракубкаў і на гульню якога праходзяць паглядзець плюс-мінус пяцьсот заўзятараў? Чаму велізарны заробак яму, а не, напрыклад, артыстам філармоніі, якія спраўна збіраюць поўныя залі?
Вечнае пытанне беларускага футбола (і заадно хакея і некаторых іншых відаў): па якой-такой вышэйшай справядлівасці гульцы, якіх нават не пазнаюць на вуліцах, атрымліваюць аграмадныя грошы, а, скажам, дасведчаныя хірургі, штодзень ратуючы жыцці, мусяць суцяшацца сярэднімі лічбамі па краіне? Пытанне вечнае, і за гэтае пытанне спартсменаў-гульнявікоў недалюбліваюць у народзе. Праз гэтае пытанне злосна каменцяць іх гламурныя фотачкі з адпачынку на Мальдзівах ці ў Дамінікане. Праз яго ж — і таксама з'едліва — глядзяць потым на панылыя паразы ў міжнародных матчах. Вылятаць у першым еўракубкавым раўндзе можна і з заробкам у 10 тысяч долараў, і ў адну тысячу рублёў. Розніца толькі ў тым, што ў другім выпадку будзе добрая эканомія для рэспубліканскага бюджэту.
Адсюль і наша выснова датычна апошніх футбольных трэндаў у краіне: што ні робіцца, усё да лепшага. Няма чаго забіраць грошы ў лекараў і педагогаў, у рабочых ды кіроўцаў — і аддаваць у спорт, які не ў стане ні перамагчы, ні стварыць папулярнае відовішча. На добры толк, тым жа футбалістам варта плаціць менавіта на ўзроўні сярэдніх заробкаў у айчыннай эканоміцы.
А калі камусьці мала, хтосьці хоча болей, то вось жа — шлях да канчатковага дабрабыту даўно прыдуманы. Руш за мяжу — туды, дзе футбол існуе на цвёрдай рынкавай аснове, альбо ў ім проста круцяцца нафтадолары. Там і зарабляй, але і канкурэнцыю трывай, і ўзровень трымай, і будзь нарэшце сапраўдным, самадастатковым профі. Ад таго і зборнай, дарэчы, карысці будзе больш.
Менавіта да гэтага і штурхае «аранжарэйных» нашых футбалістаў цяперашняя суровая рэчаіснасць. Хіба адзінае, што крыху бянтэжыць: на гэты шлях беларускі футбол павінен быў стаць нейкім іншым чынам, а не кіраўнічым валюнтарызмам спартыўных уладаў. Але хай хоць так — цераз дырэктыўныя абмежаванні, паколькі ўжо жыццё прымусіла. А там, магчыма, і ўся наша гаспадарка аднойчы зможа аздаравіцца. І не толькі футбольная, і не толькі спартыўная.
Фота ФК «Шахцёр», ФК БАТЭ.