Кліпы Dymna Lotva і сайт Савета Еўропы трапілі ў «экстрэмісцкі» спіс. Хронікі рэпрэсій 8 снежня

Беларускія ўлады чарговы раз пашырылі «экстрэмісцкі» спіс: туды трапілі кліпы гурта Dymna Lotva, сайт Савета Еўропы, некалькі медыя і акаўнты ў сацсетках. Паралельна суды па ўсёй краіне працягваюць выносіць прысуды па «экстрэмісцкіх» артыкулах.

1_1097_1.png

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» кліпы гурта Dymna Lotva і сайт Савета Еўропы

У Беларусі ў чарговы раз пашырылі «экстрэмісцкі» спіс. Туды трапілі некалькі кліпаў гурта Dymna Lotva — «Смерць цалуе ў вочы», «Buried Alive (live at Prophecy Fest 2023)», «Адышоушым (acoustic live at Radio Wnet)», «Перемен! (Кино cover)», «Мяне больш няма (Halloween Live)», «Жыві! (Live!) (Official Music Video)», а таксама яшчэ адна версія «Смерць цалуе ў вочы». Усе гэтыя відэа размешчаныя на YouTube.

«Экстрэмісцкі» спіс папоўнілі рэсурс «mogilev.mеdia», відэаролікі «Это не я, МЫ ЗА МИР! ЛУКАШЕНКО В ЗАЛЕ ООН УСТРОИЛ РАЗНОС. Довел до шока даже Путина», «Лукашенко хочет вернуть легитимность», «Агент ВАЛЕТ. Хто такий ЛУКАШЕНКО? ГРИГОРIЙ ОМЕЛЬЧЕНКО», «ЛАТУШКО. СЫН ЛУКАШЕНКО ПРОПАЛ!? Семья диктатора ГОТОВИТ ПОБЕГ из страны», Instagram-старонку палітвязня andreikudzik, а таксама буйны расійскі YouTube-канал Sotavision (больш за 650 тысяч падпісантаў).

Акрамя таго, Партызанскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый (CINGO) — у судовым рашэнні ён пазначаны як афіцыйны сайт Савета Еўропы.

На 3 гады зняволення асудзілі палітзняволеную мастачку Аксану Шаляпіну за дапамогу палітвязням

Аксана Шаляпіна была затрымана ў чэрвені 2025 года і змешчана ў СІЗА-1. Суд над ёй распачаўся ў лістападзе, а сёння быў агучаны прысуд — тры гады зняволення, паведамляе dissidentby. Жанчыну асудзілі за тое, што яна дапамагла некалькім дзясяткам палітзняволеных, калі яны былі пад вартай. 

Аксана Шаляпіна скончыла архітэктурны факультэт і з 2009 года займаецца алейным жывапісам; напрамак яе работ — экспрэсіянізм. Работы Аксаны Шаляпінай знаходзяцца ў прыватных калекцыях Амерыкі, Германіі, Казахстана, Расіі, Грузіі, Беларусі, Люксембурга, Фінляндыі, Італіі, а таксама ў галерэі Larus (USA). 

У Гомелі асудзілі прадпрымальніка з Камарына

Гомельскі абласны суд вынес прысуд 30-гадоваму жыхару Камарына Канстанціну Кабурнееву, якога абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Існуе верагоднасць, што яму прызначылі «хімію» або пазбаўленне волі.

Кабурнеев быў індывідуальным прадпрымальнікам у сферы лесанарыхтовак і, паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», мог займацца дрэваапрацоўчай вытворчасцю.

Уцякачку з Лісічанска асудзілі за “садзейнічанне экстрэмізму”

Гомельскі абласны суд асудзіў 34-гадовую жыхарку Мазыра Анастасію Кашчыну па тых жа артыкулах — ч. 1 і ч. 2 арт. 361–4 КК. Паводле ўскосных звестак, ёй таксама маглі прызначыць «хімію» або пазбаўленне волі.

Да 2014 года Кашчына разам з мужам жыла ў Лісічанску (Луганская вобласць). Пасля пачатку баявых дзеянняў сям'я пераехала ў Мазыр. Там Анастасія займалася рамесніцтвам — вырабам дэкаратыўнага мыла, піша «Гомельская Вясна».

Фізік з Акадэміі навук пераехаў у Польшчу — і быў арыштаваны ў Беларусі падчас візіту

40-гадовы фізік Павел Шпак, які раней працаваў у НАН Беларусі, у 2023 годзе пераехаў у Варшаву і ўладкаваўся ў прыватны сектар, у кампанію OEM Tech LLC. Ён меў польскі працоўны ВНЖ, вучыў мову і час ад часу прыязджаў у Беларусь.

Паводле «Нашай Нівы», падчас аднаго з візітаў яго затрымалі. Суд у Мінску прызнаў яго вінаватым паводле двух артыкулаў КК:

— ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак);

— ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці).