Палітолаг: Размовы пра пастаўкі зброі для Расіі праз Беларусь — інсцэніроўка Пекіна

Інфармацыю аб магчымых пастаўках зброі для Масквы праз Беларусь, на думку палітолага і публіцыста Андрэя Піянткоўскага, ініцыюе сам Пекін, разлічваючы выкарыстоўваць гэта як інструмент вялікага гандлю з Вашынгтонам. А што з гэтага разлічвае атрымаць кіраўнік Беларусі?

Кітайскі танк ZTZ 96b. Фота з Twitter.

Кітайскі танк ZTZ 96b. Фота з Twitter.


— У Лукашэнкі ёсць свой інтарэс у Кітаі, — кажа Піянткоўскі ў эфіры канала FREEДOM, — ён апошнім часам дамагаецца ад таварыша Cі той жа формулы, якую той вымавіў у дачыненні да тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Казахстана. Лукашэнка вельмі хацелася б, каб Сі гэтак жа выказаўся і ў дачыненні да Беларусі.

(У верасні мінулага года ў час візіту ў Казахстан Сі Цзіньпін сказаў: «Як бы ні змянялася міжнародная кан'юнктура, мы будзем і надалей рашуча падтрымліваць Казахстан у абароне незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, цвёрда падтрымліваць рэформы, якія праводзяцца вамі па забеспячэнні стабільнасці і развіцця, катэгарычна выступаць супраць ўмяшання якіх-небудзь сіл ва ўнутраныя справы вашай краіны» — НЧ.)

Ён жа ўжо амаль 30 гадоў ухіляецца ад імкнення — не толькі Пуціна, да яго і Ельцын гэтым займаўся, — ператварыць яго ў «сакратара Мінскага абкама партыі “Адзіная Расія”». На гэта Лукашэнка катэгарычна не згодны.

Адзіны раз, калі вы памятаеце, ён гатовы быў здаць незалежнасць Беларусі — гэта быў перыяд у першай палове 1999-га, калі рэйтынг Ельцына быў настолькі нізкі, што ў Лукашэнкі ўзнікла надзея балатавацца на пасаду прэзідэнта РФ, ён нават накіраваўся ў асабістае турнэ па гарадах Сібіры. Гэта значыць, на шапку Манамаха ён бы суверэнітэт беларускі прамяняў — але ні на што іншае.

Што тычыцца магчымых паставак кітайскага ўзбраення ў абыход санкцый, мяркуе палітолаг «ёсць маса іншых, больш зручных краін», праз якія было б прасцей закамуфляваць працэс.

— Да прыкладу, праз якую-небудзь блізкую Кітаю афрыканскую дзяржаву або Эміраты. Праз Беларусь? Так, гэта магчыма. Але маё меркаванне, што ўсе гэтыя размовы інсцэнуе сам Кітай, як інструмент вялікага гандлю з ЗША. Гэта дзве дзяржавы — сіямскія блізняты ў эканоміцы, і ў якасці інструмента ціску ў маштабных перамовах Кітай, магчыма, выкарыстоўвае такую пагрозу: не пагадзіцеся на нашы ўмовы — мы гатовыя перадаваць зброю РФ.


У рэальнасці ж — дзеля чаго? Дзеля выратавання жыцця расійскага дыктатара? А што гэта мяняе для Кітая? Адносіны яго з Расіяй на бліжэйшыя дзесяцігоддзі ўжо вызначыліся.

Пры любым зыходзе вайны для РФ, будзе ва ўладзе Пуцін ці іншыя людзі, Расія стане не проста малодшым партнёрам, а зусім васалам Кітая. Таму ісці на значныя эканамічна рызыкі (а ЗША паказалі, што настроеныя вельмі сур'ёзна) проста няма да чаго, і я б вельмі здзівіўся, калі б Кітай пачаў забяспечваць Расію зброяй.

У цэлым, падкрэслівае Андрэй Піянткоўскі, ад самага пачатку вайны ва Украіне пазіцыя Кітая не была прарасійскай або любой іншай, а толькі пракітайскай.

— Пры любым зыходзе вайны выйгрыш Кітая будзе каласальным, таму паведамленні пра тое, што таварыш Сі, маўляў, быў вельмі абураны тым, што Пуцін яго падмануў і не праінфармаваў яго аб пачатку «спецыяльнай аперацыі» — ні пра што. Усе яго праінфармавалі, і Кітай блаславіў Крэмль.

Уявіце, калі б, як планавалі расійскія стратэгі, Кіеў упаў за пяць дзён пры поўнай бездапаможнасці Захаду? Гэта быў бы такі жахлівы ўдар па рэпутацыі ЗША ў далёкаўсходнім рэгіёне, што ўсе патэнцыйныя саюзнікі — Японія, Індыя, Аўстралія, Паўднёвая Карэя, — адхіснуліся, а тайванцы самі прынеслі б ключы ад сваёй выспы ў Пекін, таму што няма на каго больш спадзявацца.

А ў выпадку паразы Расіі — Кітай атрымлівае абсалютна пакорлівую яму краіну з фактычным валоданнем Сібірру. Ці захоча ён аформіць юрыдычна тыя велічэзныя тэрыторыі «ад Уладзівастока да Паўночнага мора», якія былі адабраны царскімі дамовамі ў XIX стагоддзі, ці не захоча — эканамічна і палітычна гэта будзе зона яго выключнага ўплыву. Так што, па запаветах старажытнай кітайскай стратэгіі Сунь-цзы, таварыш Сі сеў у крэсле на беразе ракі і чакае, труп якога ворага праплыве пад ім першым.