Рудкоўскі: Роля Лукашэнкі можа палягаць у дапамозе Кітаю пастаўляць зброю Расіі

Пакуль незразумела, чаго Пекін дамагаецца сваім «мірным планам», цяжка сказаць, якая роля адведзена Лукашэнку. 28 лютага — 2 сакавіка Лукашэнка наведае з дзяржаўным візітам КНР. І якраз напярэдадні Кітай апублікаваў свой «мірны план» па Украіне, які цяжка назваць сцэнаром урэгулявання вайны.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Ці звязана паездка Лукашэнкі з «мірным планам» Кітая? Якую ролю Пекін прыгатаваў для Лукашэнкі?«Новы Час» пагутарыў з акадэмічным дырэктарам BISS Пятром Рудкоўскім.
— Думаю, што так, звязана. І як матывы абвяшчэння вось гэтага «мірнага плана» няясныя, так і запрашэнне Лукашэнкі ў Пекін. Што да матываў «мірнага плана», у мяне тут дзве версіі. Першая: Пекін жадае прыспешыць заканчэнне вайны, з-за якой ён нясе эканамічныя і рэпутацыйныя страты, і паступова вярнуцца да сітуацыі, якая была да 24 лютага 2022 года.
Другая: Пекін вырашыў, што вайна — надоўга, таму настаў час падумаць, якую выгаду вайна яму можа прынесці. У гэтым кантэксце магла паўстаць наступная канцэпцыя: пачынаем прадаваць Расіі ўзбраенне — за грошы або ў крэдыт. Дзякуючы гэтаму Пекін, з аднаго боку, узалежнівае Расію ад сябе, з другога боку — падразае крылы Захаду, які толькі-толькі прыйшоў да кансэнсусу наконт пастаўкі Украіне цяжкага ўзбраення і дальнабойных сістэм. Кітай не зацікаўлены ў безагаворачнай перамозе Украіны, бо гэта ўзмоцніць імідж Захаду і яшчэ прасуне яго ліберальны парадак светаўладкавання. Роля «мірнага плана» ў гэтай версіі можа быць прыблізна такой жа, што і патрабаванні Расіі са снежня 2021 года: маўляў, мы далі ім шанец, а яны адмовіліся.  
Паколькі няма яснасці наконт матываў Пекіна, складана сказаць, у чым можа заключацца роля Лукашэнкі. Калі прыняць першую (аптымістычную) версію, то сустрэча з Лукашэнкам можа быць своеасаблівым ціскам на Крэмль. Бо Пекін з лёгкасцю зможа, калі захоча, кампенсаваць Лукашэнку ўсе страты і прадухіліць усе рызыкі, звязаныя з паслабленнем адносін з Крамлём. У прынцыпе, узмацненне курсу на незалежнасць (ад Масквы) цэнтральнаазіяцкіх краін стала магчымым дзякуючы кітайскаму фактару. Можа быць, запрашэнне Лукашэнкі — працяг трэнду на ўцягванне Кітаем у сваю арбіту ўплыву ўчорашніх саюзнікаў Крамля.
Але калі прыняць другую (песімістычную) версію, то роля Лукашэнкі можа палягаць у дапамозе Кітаю абыходзіць санкцыі, звязаныя з пастаўкамі зброі Расіі. Канешне, магчымая схема па абыходзе санкцый будзе кароткачасовай, бо яе выкрыццё — справа часу. На перспектыву Пекіну прыйшлося б вызначыцца — або адкрыта выступіць на баку Расіі, або абмежавацца толькі «дробнымі гадасцямі».
— Трохі раней Лукашэнка анансаваў візіт у Іран, запланаваны на сярэдзіну сакавіка. Працяглы візіт у Кітай, затым візіт у Іран. Абедзве краіны падтрымліваюць Расію, але пры гэтым не жадаюць афішаваць свае кантакты з Крамлём. «Пуцінская кааліцыя» выкарыстоўвае Лукашэнку ў якасці міжнароднага кур’ера, бо ён трохі менш таксічны за Пуціна? Выглядае прымітыўна, але такое ўражанне складваецца.
— Тут справа не ў таксічнасці Лукашэнкі — гэта менш статусны гулец, таму, калі нешта не спрацуе, ягоны «сюзерэн» захоўвае твар.  
— Многія аналітыкі кажуць, што Лукашэнка ў асобе Кітая, таго ж Ірана, краін «дальняй дугі» шукае процівагу Пуціну, крамлёўскаму ўплыву. Ці здольныя Кітай і Іран стаць процівагай Крамлю?
— Найперш адзначым, што Кітай і Іран — гэта зусім розныя велічыні. Іран на дадзены момант — гэта пагружаная ў глыбокі ўнутраны крызіс тэакратычная дыктатура. Яшчэ да крызісу рэпутацыя Ірана была вельмі кепскай, нават у мусульманскім свеце, а эканоміка, калі параўноўваць з кітайскай, у дзясяткі разоў меншая. Іранскі рэжым змагаецца цяпер за выжыванне — гэта тэма для яго больш актуальная, чым для лукашэнкаўскага рэжыму (які пасля 2020 года таксама на хісткіх пазіцыях).  
Так што Іран процівагай Крамлю стаць няздольны. А Кітай — так, канешне, здольны. Думаю, Лукашэнка даўно быў бы рады хаця б пяціхвіліннай сустрэчы з Сі Цьзіньпінам. А тут цэлыя тры дні на размовы з вышэйшым кіраўніцтвам Кітая, уключна з Сі. Ці можа гэта азначаць знаходжанне процівагі Крамлю? Пакуль што рана казаць, бо матывы Пекіна дужа няясныя. Але, калі прыняць маю першую версію, пра якую я казаў, то такое цалкам магчыма.  
— Якую палітычную і геапалітычную выгаду займее Лукашэнка ад паездак у Пекін і Тэгеран?
— Паездка ў Пекін — гэта для Лукашэнкі і ягонай прапаганды сапраўдны прарыў. Гэта вам не Зімбабвэ, калі прапагандыстам трэба было шмат папацець, каб прадставіць гэта як цвёрды доказ міжнароднага прызнання. Тэгеран таксама прынясе Лукашэнку іміджавыя выгады, прынамсі, унутрыпалітычныя. Канешне, ні першае, ні другое само па сабе не вырашыць глыбінных праблем: легітымнасць і пераадоленне эканамічных праблем.  
— Як паўплывае збліжэнне афіцыйнага Мінска з Кітаем і Іранам на перспектывы дыялогу з Захадам?
— Пакуль што рана казаць пра збліжэнне. Гэта могуць быць аднаразовыя тэставыя акцыі, без рэальнага працягу. Але калі і будзе працяг, то крайне складана прадказаць, як ён будзе выглядаць. Таму пра ўплыў на адносіны з Захадам тут можна толькі абстрактна меркаваць.