Віталь Цыганкоў: Пакуль Расія лічыць сябе «пакрыўджанай» — вайна будзе працягвацца

Напад Расіі на любога суседа на Захадзе, ва ўстрыманні шматлікіх расіян, — гэта не напад, гэта проста «абарона» Расіі ад ворага.

pakryudzanyja_logo.jpg

Расійская прапаганда асядлала заходні наратыў «прыгнёту» і «паліткарэктнасці». І калі вы раптам займаецеся такой наіўнай рэччу, як планаваннем уласнага жыцця – то вось вам мой невялікі прагноз. Нават не прагноз, а хутчэй, аналіз, ці развагі ўслых.

У той ці іншай форме вайна Расіі супраць Украіны будзе ісці даволі доўга. Як мінімум — столькі, колькі ва ўладзе знаходзіцца Пуцін.

Перш за ўсё таму, што гэта не столькі вайна Крамля супраць Украіны. Гэта вайна Расіі супраць усяго варожага Захаду, супраць няправільнага светаўладкавання. А паколькі так — то няма ніякай канкрэтнай кропкі, у якой Расія можа сказаць, што яна дасягнула сваёй мэты, «перамагла». Няма ніякай кропкі, у якой яны скажуць: «Вось цяпер мы задаволеныя, можна заканчваць». Адсюль такое рознагалоссе ў абвяшчэнні канчатковых мэтаў – адны мядзведзевы кажуць пра Кіеў, другія пра Львоў, трэція – пра Берлін.

Пабудаваная прапагандысцкая схема, якая нармальным людзям падаецца дзікай і алагічнай, але добра заходзіць, як выглядае, большасці цяперашніх расіян — «Мы не напалі, мы сябе абараняем». Бо вакол жа ворагі, якія рыхтуюцца Расію разваліць.

Таму напад Расіі на любога суседа на Захадзе — гэта не напад, гэта проста «абарона» Расіі ад ворага.

У гэтым сэнсе цікава, як не супадаюць унутраныя і знешнія тлумачэнні расійскай вайны. Ва Украіне і на Захадзе агрэсію Расіі тлумачаць выключна як праяву расійскага імперыялізму і новага каланіялізму.

Але ж самі расіяне — па ўсім відаць, шчыра — успрымаюць гэта зусім па-іншаму. Яны ўспрымаюць сябе несправядліва пакрыўджанымі і прыніжанымі, лічаць, што іх інтарэсы ігнаруюць «сильные мира сего», і яны, расіяне, проста хочуць вярнуць тое, што ім належала.

Пакрыўджанасць, рэсэнтымент. Вось асноўны матыў. Матыў, які добра «прадаецца» ў сённяшнім свеце. Матыў, якія мае «легітымнае» права на існаванне, да якога абавязаныя прыслухоўвацца, які нельга ганіць і ігнараваць.

Гістарычная, расавая, сацыяльная ці іншая крыўда — галоўны прынцып сённяшняй паліткарэктнасці, які расійская прапаганда з поспехам узяла сябе на ўзбраенне.

Пакрыўджаным і прыгнечаным усё можна. «Што, па-вашаму, добра ўмеюць белыя людзі?» — пытаюцца ў адным відэароліку. «Забіваць, гвалціць, красці, маніпуляваць, прысвойваць чужое», — адказваюць чарнаскурыя людзі ў гэтым роліку.

Гэтак публічна выказвацца — можна (але толькі пра белых, пра іншых — нельга). Бо больш няма ніякіх агульных правілаў, няма ніякага «два плюс два чатыры» — цяпер важна найперш тое, якой ты расы, пола і паходжання. Калі Black lives matter граміла амерыканскія гарады, рабавала крамы — то ў некаторых артыкулах у прэсе гучала, што яны маюць на гэта права, бо яны гістарычна прыгнечаныя.

Памятаю, неяк з адным журналістам (мы з ім недзе з 2014 не кантактуем, бо ён стаў пуціністам) абмяркоўвалі паліткарэктнасць. Я казаў, што нельга мірыцца з гэтай цэнзурай, бо яна размывае паняцце «праўды», «справядлівасці», «рацыі ў канфлікце» — і пакідае толькі паняцце больш «прагрэсіўных» (бо «прыгнечаных») сацыяльных, расавых і гендарных груп, якія апрыёры ва ўсім маюць рацыю. А ён і кажа — «не, не трэба з паліткарэктнасцю змагацца, ёй трэба карыстацца».

І я бачу, як расійскае кіраўніцтва і прапаганда навучылася гэта рабіць. Яшчэ задоўга да вайны любую крытыку паводзінаў Масквы яны называлі «русафобіяй» — «вы нас не любіце за тое, што мы іншыя, не такія, як вы», «у нас проста свае каштоўнасці, а вы іх не хочаце іх успрымаць», «Захад нас разваліў і абрабаваў, мы маем права вярнуць сваё».

Часам людзі выказваюць здзіўленне, чаму сённяшняя расійская прапаганда на Захадзе, у адрозненні ад савецкіх часоў, мае пэўны ўплыў? Ды таму, што яны выкарыстоўваюць наратывы і тэмы ў рамках добра зразумелай на Захадзе ідэйнай каляіны паліткарэктнасці, «змагання за справядлівасць» і супраць «прыгнёту». Крэмль жа не кажа, што мы нешта заваёўваем, як пошлыя імперыялісты.

Крэмль кажа — мы вяртаем сваё, адабранае ў нас імперыялістамі ЗША, вызваляем людзей ад прыгнёту нацыяналістаў і алігархаў.

І гэта знаходзіць водгук у краінах глабальнага Поўдня, дзе людзі незадаволеныя панаваннем Захаду і адчуваюць сябе «прыгнечанымі» ім (а заходнія левыя ім пра гэта ўсе вушы пражужжалі).

Гэта знаходзіць водгук і ў тых колах і сацыяльных групах (у тым ліку кансерватары, прамысловыя рабочыя), якія таксама ўспрымаюць сябе «прыгнечанымі» цяперашнімі новымі гаспадарамі жыцця з іхнымі незразумелымі правіламі.

Вы ўжо можаце не памятаць, але калі пачалася агрэсія Расіі ў Данбасе ў 2014 годзе, то на Захадзе адбываліся мітынгі крайне левых, феміністак у падтрымку мірных грамадзянаў Данбаса, якіх прыгнятаюць украінскія нацыяналісты.

Дый цяпер, вясной 2022 года, было некалькі калектыўных лістоў нямецкіх левых інтэлектуалаў, якія заклікалі не прадаваць зброю Украіне і фактычна заклікалі яе здацца.

А ў ЗША супраць дапамогі Украіне выступаюць некаторыя кансерватары-рэспубліканцы, самыя недалёкія з якіх успрымаюць Пуціна як гэтакага барацьбіта з ліберальным парадкам.

Схема ж аднолькавая. Для кагосьці ўсе белыя — ворагі. Для кагосьці ўсе мужчыны проста як від — прыгнятальнікі і ворагі. А для кагосьці ўвесь Захад вораг — проста за факт свайго добрага стану. І «мы», як прыгнечаныя і пакрыўджаныя, маем права з імі змагацца — любымі сродкамі.

Заўважце, рускія ў масавай свядомасці не хочуць Захад неяк змяніць, «выправіць» — не, яны хочуць наступнага: «хутка Еўрасаюз разваліцца», «хутка ў ЗША будзе грамадзянская вайна», «канец долару». Карацей, «кирдык вашей Америке».

І пакуль расійская кіраўніцтва і грамадства жыве ў гэтых наратывах прыгнечанасці, пакрыўджанасці і жадання рэваншу — вайна будзе працягвацца.

СНплюс