Масавыя атручэнні школьніц у Іране. Вінаваты фундаменталісты?

Бацькі баяцца адпраўляць сваіх дачок у школу і заклікаюць перайсці на анлайн-навучанне.

Фотаздымкі школьніц, якія здымаюць хусткі ў знак непадпарадкавання рэжыму, разышліся па інтэрнэце. Фота з сацсетак

Фотаздымкі школьніц, якія здымаюць хусткі ў знак непадпарадкавання рэжыму, разышліся па інтэрнэце. Фота з сацсетак

Не менш за 650 школьніц у Іране атруціліся невядомым таксічным газам. Высокапастаўлены ўрадавы чыноўнік паведаміў, што дзяўчынкі сталі аб'ектам наўмыснага нападу, піша «ВВС».

У выніку атручэння ніхто не загінуў, аднак дзясяткі школьніц трапілі ў бальніцы з рэспіраторнымі праблемамі, млоснасцю, пачашчаным сэрцабіццём і здранцвеннем рук і ног.

«Відавочна, некаторым хочацца бачыць школы закрытымі, асабліва школы для дзяўчынак», — сказаў намеснік міністра аховы здароўя Ірана Юнес Панахі на прэс-канферэнцыі 26 лютага. 

20 лютага генеральны пракурор Махамад Джафар Мантазэры распарадзіўся правесці крымінальнае расследаванне выпадкаў атручэння ў сярэдніх школах для дзяўчынак у горадзе Кум.

У лісце мясцовым судовым чыноўнікам ён адзначыў, што ўжо атрыманая інфармацыя паказвае на «магчымасць злачынных і наўмысных дзеянняў».


Пакуль гэта адзіная афіцыйная заява прадстаўніка ўлад, з якой можна зрабіць выснову, што атручванні маглі быць наўмыснымі.

«Выкарыстаныя хімікаты не з'яўляюцца ваеннымі па прызначэнні і знаходзяцца ў адкрытым доступе, — сказаў Панахі. — Школьніцы не маюць патрэбы ў інвазійным лячэнні, неабходна захоўваць спакой».

Аднак пазней міністр заявіў, што яго словы былі «няправільна вытлумачаны» і трактаваны як прыкмета расколу ўнутры іранскіх улад, якія пакуль яшчэ не вырашылі, як рэагаваць на тое, што адбылося.

Старшыня парламенцкага камітэта па адукацыі Алірэза Манадзі ў інтэрв'ю «Student News Network» заўважыў, што, магчыма, да гэтых інцыдэнтаў датычны контррэвалюцыйныя групы, аднак ніякіх падрабязнасцей не прывёў.

З ягоных слоў, пасля няўдачы нядаўніх пратэстаў гэтыя групы, магчыма, наважыліся «парушыць працэс навучання дзяўчынак» у краіне.

Манадзі меў на ўвазе масавыя пратэсты, якія ўзрушылі Іран пасля смерці ў паліцэйскім участку курдскай дзяўчыны Махсы Аміні ў сярэдзіне верасня 2022 года. Дэманстрацыі хутка перараслі ў пратэсты супраць рэжыму, у іх узялі ўдзел сотні тысяч чалавек, у тым ліку жанчын і нават дзяўчат. Сацыяльныя сеткі былі наводнены выявамі школьніц, якія зрываюць у сябе з галавы хусткі.


Масавыя атручэнні

Усяго ад атручэння газам пацярпелі школьніцы ў васьмі іранскіх гарадах, але больш за ўсё выпадкаў адбылося ў горадзе Кум.

Першае атручэнне адбылося 30 лістапада 2022 года, калі 18 студэнтак з тэхнічнага вучылішча «Нур» у Куме былі дастаўлены ў бальніцу.

На гэты момант зарэгістраваны чатыры выпадкі атручэння ў сярэдніх школах для дзяўчынак у горадзе Баджнурд на паўночным усходзе краіны. Пяцьдзясят вучаніц сярэдняй школы трапілі ў бальніцу 26 лютага, усяго праз дзень пасля атручэння 44 вучаніц іншай школы.

Па паведамленні агенцтва «Mehr News Agency», у выніку двух папярэдніх інцыдэнтаў 21 і 22 лютага ў школах Баджнурда атруціліся яшчэ 82 навучэнкі.

У сярэдзіне лютага каля ста чалавек правялі акцыю пратэсту ля офіса губернатара ў Куме.

«Вы абавязаны забяспечыць бяспеку маіх дзяцей! — крычаў адзін з бацькоў на відэа, якое шырока разышлося ў сацыяльных сетках. — У мяне дзве дачкі, і ўсё, што я магу зрабіць, гэта не пускаць іх у школу».

«Гэта вайна! — сказала адна жанчына на тым жа сходзе. — Яны хочуць, каб дзяўчынкі сядзелі дома!»

Некаторыя бацькі сцвярджаюць, што іх дзеці хварэлі на працягу некалькіх тыдняў пасля атручэння.