У Іране памілавалі ўдзельнікаў пратэстаў. Але не ўсіх — і толькі тых, хто пакаяўся

Таталітарныя рэжымы імкнуцца наладзіць жыццё ў расколатым грамадстве. Але нешта не так з умовамі гэтага  працэсу. 

Фота: Stefano Montesi - Corbis

Фота: Stefano Montesi - Corbis

Улады Ірана паведамілі, што вярхоўны лідар краіны аятала Алі Хаменеі памілаваў «дзясяткі тысяч» зняволеных, у тым ліку многіх з тых, хто атрымаў прыгавор у сувязі з антыўрадавымі пратэстамі. Аднак памілаванне суправаджаецца некалькімі ўмовамі, у тым ліку пісьмовым пакаяннем.
Памілаванне прымеркавана да гадавіны ісламскай рэвалюцыі, якая завяршылася 11 лютага 1979 года выгнаннем шаха і абвяшчэннем у Іране ісламскай рэспублікі.
Аятала Хаменеі прымае ўсе канчатковыя рашэнні ў краіне. Ён адзначыў, што арыштаваныя за ўдзел у беспарадках будуць памілаваны або іх пакаранне стане больш мяккім толькі ў тым выпадку, калі яны не «здзяйснялі шпіянажу на карысць іншаземцаў і не мелі прамога кантакту з агентамі замежных спецслужбаў».
Акрамя таго, памілаванню падлягаюць і тыя ўдзельнікі пратэстаў, якія не здзяйснілі забойстваў, не прычынілі  наўмысных калецтваў і не нанеслі шкоды вайскоўцам, дзяржаўным і грамадскім аб'ектам.
Пры гэтым памілаванне не будзе распаўсюджвацца на затрыманых з двайным грамадзянствам.
Дзяржаўныя СМІ Ірана паведамляюць, што Хаменеі вырашыў памілаваць частку арыштаваных пасля ліста кіраўніка судовай улады краіны Голяма Хасейна Махсені-Эджэі, у якім было сказана, што многія ўдзельнікі пратэстаў — гэта маладыя людзі, якіх «збіла са шляху замежная прапаганда». У ім жа сцвярджалася, што многія затрыманыя ўжо выказалі шкадаванне і папрасілі прабачэння за свае правіны.

Фота: «Reuters»

Фота: «Reuters»

Згодна з артыкулам 110 Канстытуцыі Ірана, вярхоўны лідар краіны мае права на «памілаванне або змякчэнне прыгавораў асуджаных у рамках ісламскіх правілаў, пасля адпаведнага хадайніцтва кіраўніка судовай улады».
Паводле паведамлення іранскага інфармацыйнага агенцтва «Mizan», звязанага з судовай сістэмай краіны, дадатковымі ўмовамі памілавання з'яўляюцца «адсутнасць членства або прыналежнасці да варожых і падрыўных груповак, наяўнасць не больш як дзвюх судзімасцей, згода на кампенсацыю ўрону, калі такое патрабаванне паступіць ад прыватнай асобы, а таксама заява аб раскаянні і пісьмовае абавязацельства не паўтараць аналагічных наўмысных злачынстваў».
З верасня мінулага года Іран перажывае адзін з самых працяглых перыядаў грамадзянскіх пратэстаў у гісторыі. Яны пачаліся пасля смерці 22-гадовай Махсы Аміні, якая памерла пасля затрымання Шарыяцкай гвардыяй — іранскай паліцыяй нораваў.

Фота: Safin Hamed

Фота: Safin Hamed

Улады працягваюць сцвярджаць, што Аміні памерла ад сардэчнага прыступу. Але многія іранцы лічаць, што прычынай яе гібелі былі збіванні пасля таго, як паліцыя нораваў арыштавала дзяўчыну за, як было заяўлена, няправільнае нашэнне хіджаба.
Урад жорстка расправіўся з пратэстоўцамі, якія заклікалі да змены рэжыму і ўсталявання свецкай дэмакратыі.
Праваабарончыя арганізацыі кажуць, што больш за 500 дэманстрантаў былі забіты, у тым ліку 70 непаўналетніх, і каля 20 тыс. арыштаваны.
Афіцыйна Іран паведамляў аб 200 смерцях падчас пратэстаў, уключыўшы ў гэты лік і супрацоўнікаў сіл бяспекі. Ён таксама заявіў, што беспарадкі былі справакаваны замежнымі разведкамі.
Пакуль улады краіны не выказалі гатоўнасці пайсці на якія б там ні было істотныя кампрамісы з пратэстоўцамі.
У апошнія дні ў шэрагу заходніх краін разглядаецца магчымасць прылічэння Корпуса Вартавых Ісламскай Рэвалюцыі, самага магутнага крыла апарата дзяржаўнай бяспекі Ірана, да тэрарыстычных арганізацый.
Паводле bbc.com