Рэжым стварыў камісію па вяртанні беларусаў, якія ўцяклі ад рэжыму

«І трэба глядзець не толькі збеглых. Нехта з-пад плінтуса вылезе — яны ж разумеюць, што мы іх усё роўна знойдзем. Хтосьці звернецца ў камісію. Вы ў камісіі ўжо разберацеся», — паведаміў Лукашэнка.

Фота: avangard-n.by 

Фота: avangard-n.by 

Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні камісіі для працы з ахвочымі вярнуцца на радзіму. Аб гэтым ён заявіў, прымаючы з дакладам генеральнага пракурора Андрэя Шведа.
«Адно з істотных пытанняў. Я сёння падпісаў указ, падрыхтаваны групай спецыялістаў на чале з вамі, аб разглядзе зваротаў грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў. Гэта якраз тое пытанне, якое мы абмяркоўвалі напярэдадні. Я паглядзеў і склад камісіі, і іншае. Калі мы нешта тут ва ўказе не прадугледзелі, дастаткова ўлады ў генеральнага пракурора для таго, каб задзейнічаць увесь дзяржаўны апарат, дзяржслужачых для таго, каб вырашыць гэтую праблему з тымі збеглымі», — сказаў Лукашэнка.
«І трэба глядзець не толькі збеглых. Нехта з-пад плінтуса вылезе — яны ж разумеюць, што мы іх усё роўна знойдзем. Хтосьці звернецца ў камісію. Вы ў камісіі ўжо разберацеся», — дадаў ён.Паводле яго слоў, у склад камісіі ўвайшлі людзі, «якія апынуліся ў ліку пацярпелых у выніку здзейсненых правапарушэнняў».


«Тады грамадства будзе разумець, што рашэнні прымаюць не Лукашэнка, Швед і іншыя — людзі, надзеленыя ўладай. Натуральна, што мы гэта павінны арганізаваць і быць галоўнымі дзеючымі асобамі. Але і тыя, якія бачылі, што адбывалася, і цярпелі, супраць якіх здзяйсняліся нейкія акты гвалту ці ж правапарушэння. Указ падпісаны. Я папрашу толькі, каб вы самым дэталёвым чынам людзям растлумачылі яшчэ раз, у чым сутнасць», — сказаў Лукашэнка.

Што прапануе рэжым

«Мы ў бліжэйшы час вырашым арганізацыйна-тэхнічныя пытанні, звязаныя з тым, што ў СМІ будуць пазначаны паштовыя і электронныя адрасы, па якіх чалавек зможа ў электронным выглядзе ці ў пісьмовым накіраваць сваю заяву ў камісію. Да гэтай заявы, як мне падаецца, трэба будзе прыкласці копію свайго пашпарта, які пацвярджае грамадзянства Рэспублікі Беларусь.
У заяве выкласці абставіны, звязаныя са знаходжаннем гэтай асобы за мяжой. Далей звесткі, якія ён мае наконт таго, што нібыта да яго могуць быць нейкія прэтэнзіі, і яго запэўненні ў тым, што ён законапаслухмяны грамадзянін або ў далейшым будзе законапаслухмяным грамадзянінам, ніколі не парушыць беларускі закон, будзе паважаць нашу Канстытуцыю, наша права і жыць па законах Рэспублікі Беларусь. Адпаведна, гэты зварот будзе разгледжаны ў найкарацейшыя тэрміны камісіяй і будуць прынятыя рашэнні», — распавядаў Андрэй Швед.
У выніку чалавек атрымае ад камісіі пісьмовы адказ, дзе яму растлумачаць, ці ёсць на ім «крыміналкі», па якіх артыкулах і што рабіць далей.

Увага

Нам застаецца толькі папярэдзіць беларусаў, каб яны не верылі прапагандзе і не рабілі рызыкоўных спроб «пакаяцца». Вядомыя шматлікія выпадкі затрыманняў. Будзьце ўважлівыя!