Хто аўтар ідэі вярнуць тых, хто з'ехаў?

У экспертнай супольнасці Беларусі працягваецца абмеркаванне ініцыятывы Лукашэнкі і яго памагатых аб «вяртанні беглых». DW сабрала меркаванні некаторых аналітыкаў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз загаварыў пра вяртанне беларусаў, якія выехалі з краіны пасля падзей 2020 года. 24 студзеня 2023 года на нарадзе з чыноўнікамі і сілавікамі ён прапанаваў зрабіць «крок насустрач» тым, хто «спатыкнуўся і ўсвядоміў гэта». Але, каб вярнуцца дадому, яны павінны «стаць на шлях выпраўлення», перагледзець свае погляды і «загладзіць віну». Для ацэнкі гэтага ствараецца «міжведамасная камісія» на чале з генпракурорам Андрэем Шведам.

Між тым, паводле даных Дзяржпамежкамітэта, у 2022 годзе на мяжы «за экстрэмізм» затрымалі больш за 50 беларусаў, якія вярталіся на радзіму. Раней улады стварылі праграму «Дарога дадому», праз якую беларусам прапануецца нібыта бяспечнае вяртанне на радзіму. Адной з яе ахвяр стала адміністратарка сеткі пратэсных тэлеграм-каналаў «97%» 49-гадовая Таццяна Курыліна. Яна вярнулася ў Беларусь з Польшчы пасля ўгавораў знаёмага — верагодна, супрацоўніка беларускіх спецслужбаў. Жанчына нават дала інтэрв'ю дзяржСМІ, але гэта не дапамагло ёй пазбегнуць турмы. 28 снежня Курыліну пачалі судзіць, ёй прад'яўленыя абвінавачанні па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса і пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Для чаго ўлады завабліваюць назад беларусаў, якія выехалі? На каго разлічаны такія заклікі? Што чакае тых, хто ў іх паверыць?

Прагматычны падыход ці помста?

Палітычны аналітык, заснавальнік агенцтва «Sense Analytics» Арцём Шрайбман лічыць, што, заклікаючы беларусаў вяртацца на радзіму, улады могуць кіравацца некалькімі матывамі, у тым ліку, прагматычным разлікам і жаданнем спыніць адток людзей з Беларусі.

«Ёсць сектары, у якіх назіраецца недахоп кадраў, айцішнікі бягуць. Думаю, гэтыя працэсы ўлада хоча нейкім чынам развярнуць і, па магчымасці, яшчэ атрымаць з тых, хто вяртаецца, нейкую кампенсацыю "шкоды", якую ім налічаць», — адзначае Шрайбман у каментары DW.


Таксама аналітык мяркуе, што за заклікамі Лукашэнкі можа стаяць і жаданне адпомсціць — «зняважыць ворага, паказаць, што ён прызнаў сваю няправасць, што ён маральна раздушаны і раскайваецца». У той жа час Арцём Шрайбман не выключае, што ў кагосьці з прадстаўнікоў улады, наўрад ці ў самога Лукашэнкі, магло ўзнікнуць разуменне неабходнасці зняць грамадскае напружанне, а заадно і паўстаць перад сваімі прыхільнікамі «добрымі і здольнымі дараваць».

«Змогуць вярнуцца на ўмовах капітуляцыі»

У сваю чаргу, палітолаг Валерый Карбалевіч упэўнены, што Аляксандрам Лукашэнкам кіруе менавіта пачуццё помсты праціўнікам рэжыму. Карбалевіч звяртае ўвагу, што Лукашэнка прапануе беларусам не проста вярнуцца, а публічна пакаяцца і выступіць у падтрымку ўлады, лепш за ўсё — арганізаваць перад вяртаннем за мяжой нейкія акцыі пратэсту супраць санкцый у дачыненні да РБ.


«Тут цэлая кампанія, разлічаная на тое, што праціўнікі Лукашэнкі прызнаюць сваю паразу, капітулююць і толькі на ўмовах капітуляцыі вернуцца. Гэта працяг той кампаніі "відэапакаянняў", калі арыштаваныя раскайваюцца і просяць прабачэння за ўдзел у пратэстах. Усё гэта вельмі падабаецца Лукашэнку». Ён, лічыць палітолаг, якраз такую лінію працягваў, гаворачы раней: «На каленях прыпаўзіце і прасіце прабачэння». Між тым Валерый Карбалевіч сумняецца, што шмат людзей захочуць вярнуцца ў Беларусь і быць арыштаванымі.

«Зручна затрымліваць беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы»

«У мяне няма аніякай веры ў тое, што беларуская ўлада хоча зрабіць нейкі гуманітарны калідор для вяртання людзей на радзіму», — прызнаецца намеснік кіраўніка «Беларускай асацыяцыі журналістаў» (БАЖ) Барыс Гарэцкі. Акрамя таго, ён адзначае, што ўлады працягваюць павышаць у грамадстве градус страху і рэпрэсій. «Думаю, большасць тых, хто выехалі, хацелі б вярнуцца ў Беларусь, але не ў тую, дзе ўзровень страху, узровень пагрозы настолькі вялікі, што нават у людзей, якія не траплялі пад рэпрэсіі, пачынаюцца сур'ёзныя псіхалагічныя праблемы», — адзначае Гарэцкі.

Прадстаўнік БАЖ лічыць, што прапагандысцкія наратывы пра вяртанне на радзіму разлічаныя на беларусаў, якія не лічаць сябе палітычнымі лідарамі або актывістамі, думаюць, што нідзе не засвяціліся і могуць, «перанёсшы прымальную псіхалагічную шкоду», вярнуцца ў РБ.


«На мой погляд, гэта абсалютна памылковае пачуццё. Менавіта на зацягванне такіх людзей унутр краіны ўлада і разлічвае. Вельмі зручна затрымліваць беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы, для следчых органаў такія людзі ўяўляюць лёгкую здабычу», — лічыць Гарэцкі.

«Настальгія — зручная тэма для прапаганды»

Беларускі гісторык Аляксандр Фрыдман адзначае, што ўлады ў РБ шмат у чым выкарыстоўваюць савецкія наратывы: тых, хто з'ехаў, лічаць здраднікамі, прапаганда паказвае «жахі» іх побыту. Адзінае адрозненне ад СССР — заклікі вярнуцца на радзіму. Хоць гісторык мяркуе, што гэта зусім не значыць, што рэжым змагаецца за вяртанне чалавечага капіталу або што Лукашэнка перастаў лічыць тых, хто з'ехаў, ворагамі.

«Няма гаворкі, што ў тых, хто вернецца, пачнецца новае жыццё. Улады кажуць: прыязджайце, а мы яшчэ паглядзім, хто вы такія, хтосьці адседзіць, хтосьці атрымае грашовы штраф, а кагосьці, магчыма, наогул не будзем чапаць. Калі ў турму не кінем, то тыя, хто вернецца, зразумеюць, куды трапілі, і будуць сядзець за плінтусам. Гэта па-ранейшаму навязванне наратыву, што яны (прадстаўнікі рэжыму. — Заўв. рэд.) "пераможцы" і "гаспадары жыцця"», — разважае Аляксандр Фрыдман.


Суразмоўца таксама звяртае ўвагу на тое, што некаторыя беларусы, якія з'ехалі пасля падзей 2020 года, сапраўды аказаліся не гатовымі да цяжкасцей эміграцыі, і дзяржпрапаганда выкарыстоўвае гэта і для таго, каб унесці разлад у эмігранцкае асяроддзе, і для ўздзеяння на ўнутраную аўдыторыю.

«Для прапагандыстаў гэтая настальгія, туга і дэпрэсія тых, хто з'ехаў, — вельмі зручная тэма. З аднаго боку, каб умацоўваць меркаванне, што ў Беларусі ўсё добра, і супакоіць тых, хто толькі думае з'язджаць, з другога — каб яшчэ больш кансалідаваць прыхільнікаў рэжыму», — кажа Аляксандр Фрыдман.