Шрайбман: «Нішто не перашкаджае завабіць у краіну эмігрантаў, а потым іх кінуць»

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у калонцы на «Л*стэрку» ацаніў стварэнне Лукашэнкам камісіі па вяртанні на радзіму палітычных уцекачоў.

1576600177_ruchnaya_klad.jpg

«Год таму Лукашэнка прапанаваў палітэмігрантам, якіх ён называе «збеглымі», вярнуцца ў краіну — на каленях, пакаяўшыся, — піша Арцём Шрайбман. — Ужо тады зайшла гаворка пра нейкую камісію на чале з генпракурорам Шведам і прапагандыстам Азаронкам, якая будзе вырашаць, хто з тых, што з’ехалі, можа вярнуцца і на якіх умовах.

Праз год улада, здаецца, падышла да рэалізацыі ідэі. Усё той жа Швед пасля нарады ў Лукашэнкі заявіў, што найбліжэйшым часам з’явіцца міжведамасная камісія, якая будзе расказваць тым, хто хоча вярнуцца, якія да іх прэтэнзіі і якія ўмовы трэба выканаць для вяртання.

Я вымушаны карыстацца агаворкамі накшталт «здаецца», таму што і год таму гэтая заява, а затым не менш сенсацыйная ініцыятыва амністыі для палітвязняў аказаліся пшыкам. Няма ніякай гарантыі, што і цяпер улада не спыніцца на фазе анонсаў ці не выставіць такія ўмовы для вяртання, якія не будуць мець сэнсу. У стылі «прыязджайце, адсядзіце, аддайце ўсе вашыя грошы і заставайцеся ў краіне».

Але калі за чарговымі абяцаннямі будзе стаяць нешта сур’ёзнейшае, чым звычайна, то ўзнікае пытанне: навошта ўладзе гэтыя гульні ў міласэрнасць? Ідзе вайна, ворагі не дрэмлюць, сам Лукашэнка ўвесь час кажа, што расслабляцца нельга. Дык у чым праблема пакінуць усё як ёсць?

Першы завочна асуджаны «экстрэміст» і па сумяшчальніцтве адзін з самых паспяховых беларускіх медыяменеджараў Дзмітрый Навоша вельмі трапна адзначыў, што рыторыка пра «збеглых» (як і іншыя любімыя слоўцы Лукашэнкі накшталт «нахіліць») узялася з турэмнага лексікону.

«Збеглымі» бываюць у першую чаргу зэкі, якія ўцякаюць з лагера. У турэмнай этыцы, ды і па законе большасці краін, у такіх людзей можна страляць падчас спробы ўцёкаў, калі не ўдаецца іх затрымаць. А калі ўдаецца, пакаранне ім робяць больш жорсткім. Віна перад грамадствам і пагроза ад канкрэтнага чалавека нібыта вырастае, калі ён спрабуе пазбегнуць пакарання.

Лукашэнка ж са Шведам прапануюць гэтую логіку развіць. Калі б палітуцякач трапіўся ў рукі ГУБАЗіКа ў Беларусі, яму б свяціла «поўнае» пакаранне. А цяпер жа, прынамсі на словах, перамовы з нейкай фільтрацыйнай камісіяй могуць даць шанец на «індывідуальны падыход» і змякчэнне кары.

Зразумела, што сярод такіх умоваў будуць нейкія фінансавыя санкцыі (чаго дабру прападаць) і абавязанне «сядзець пад плінтусам». Магчыма, папросяць і пакаяцца на камеру для пераканаўчасці або зняцца ў чарговым фільме БТ пра тое, як цудоўна жывецца тым, хто вярнуўся, пасля таго, як даводзілася спаць пад польскімі мастамі і есці літоўскіх пацукоў.

Але калі прытрымлівацца логікі, схема з вяртаннем будзе мець шанцы пераканаць хоць кагосьці ёй скарыстацца, калі па прыездзе палітэмігранту будзе свяціць нейкая морква, то-бок нешта менш суровае, чым калі б чалавек прыехаў проста так, без усялякіх прыніжэнняў і перамоваў.

Ёсць тры магчымыя матывы для такога кроку ўлады, калі за словамі гэтым разам будуць справы. Гэтыя матывы не супярэчаць адзін аднаму і, хутчэй за ўсё, працуюць кожны са свайго боку, маючы значэнне для розных ведамстваў і груп у беларускай уладзе.

Па-першае, прагматыка — жаданне вярнуць у краіну хоць нейкіх спецыялістаў на фоне ўцечкі мазгоў і працоўных рук, дэфіцыту кадраў адразу ў некалькіх сектарах. У дадатак з гэтых людзей можна садраць штрафы або «кампенсацыю шкоды» за права вярнуцца і не быць арыштаваным.

Калі да гэтага дойдзе, то гэта будзе не першым рашэннем такога кшталту. Камерцыялізацыя рэпрэсіўнага рэсурсу ўжо выпрабаваная на айцішніках і, паводле некаторых звестак, работніках банкаў, якія данацілі на звязаныя з пратэстамі мэты.

Мабыць, хтосьці ў сілавых структурах зразумеў, што практычней будзе выкарыстоўваць тысячы нябедных людзей як дойную карову, пагражаючы ім арыштам, чым спрабаваць арыштаваць іх усіх адначасова, рызыкуючы проста выцесніць большасць у эміграцыю. З палітуцекачамі такая ж логіка: прасцей абкласці іх падаткам, чым пакідаць у эміграцыі і не мець з гэтага нічога.

aux_1598205355_1.jpg

Другі магчымы матыў — прапагандысцкі, каб задаволіць сваю прагу зняважыць ворага і паказаць сваёй аўдыторыі, што «збеглыя» прызнаюць грахі і гатовыя прымаць правілы гульні. Уласна, такой самай была мэта «пакаяльных» відэа, якія ГУБАЗіК штампаваў канвеерам. Часам здавалася, што менавіта для кадра на фоне дамаляваных дзвярэй чалавека і затрымлівалі.

Трапляючы пад каўпак спецслужбаў пасля вяртання, нядаўнія ўцекачы будуць уразлівыя для шматразовага выкарыстання ў прапагандысцкіх мэтах. Спатрэбіцца камусьці зняць яшчэ адзін фільм — паспрабуй адмовіцца.

Нарэшце, трэцяя прычына таго, каб неяк сістэматызаваць, паставіць на паток рэпатрыяцыю палітэмігрантаў, можа ляжаць у жаданні малой цаной зняць хоць нейкае напружанне ў грамадстве і паказаць прыхільнікам сваю лагоднасць і здольнасць дараваць. Гэта можа быць першай ластаўкай таго, што да ўладаў вяртаецца ўпэўненасць у сваім становішчы, якую яны страцілі летам 2020 года.

Разважаць пра перспектывы гэтай ініцыятывы пакуль складана, мы ведаем замала дэталяў. Лукашэнка не забыў панізіць планку надзей у тых, у каго яны маглі раптам з’явіцца, і заявіў, што «агулам ніхто нічога не павінен рабіць, бо мы страцім сваіх прыхільнікаў і законна страцім».

Гэтыя агаворкі даюць простую магчымасць забалбатаць чарговае абяцанне — гэтак жа, як у свой час амністыю, калі зменіцца настрой. Калі самі палітуцекачы не захочуць у хоць якіх значных колькасцях карыстацца новай «дарогай дадому», то можна будзе сказаць, што, параіўшыся з Азаронкам і Бондаравай, улада вырашыла на саступкі «збеглым» не ісці.

Але ў тэорыі мэтавая аўдыторыя сярод беларускай дыяспары ў такіх ініцыятыў можа быць. Сярод палітэмігрантаў ёсць нейкая доля людзей, якія не змаглі ўладкавацца на новым месцы і хочуць вярнуцца. А ўжо сярод іх можна паспрабаваць знайсці самых даверлівых, якія паддадуцца ўгаворам і, нягледзячы на выпадкі арыштаў тых, хто ввярнуўся пад гарантыі сілавікоў, накшталт Таццяны Курылінай, паедуць у Беларусь.

Але нават калі ўмовы будуць адносна «простымі», ключавая праблема для масавага выкарыстання гэтай прапановы ўсё роўна будзе ў адсутнасці даверу, што ўлада можа выконваць сваю частку ўгоды. Па вялікім рахунку, нішто не перашкаджае завабіць у краіну дзясяткі ці сотні эмігрантаў у роспачы, прымусіць іх выканаць зневажальныя ўмовы, а потым кінуць.

Прычым апошні ход неабавязкова мусіць рабіць вярхоўная ўлада. Які-небудзь маёр, што хоча стаць падпалкоўнікам, заўсёды можа прыйсці з ператрусам да «экс-збеглага», знайсці ў яго ў тэлефоне забароненае ці самому падпісаць яго на патрэбныя каналы і потым заявіць, што грамадзянін, які вярнуўся, сам парушыў умовы пагаднення, таму ўгода скасоўваецца.

Узвядзенне анархіі ў норму рана ці позна пачынае шкодзіць аўтарам: у іх проста не хапае пераканаўчых аргументаў, каб паказаць сваю здольнасць паводзіцца інакш, чым звычайна, прытрымлівацца нейкіх правілах і пагадненняў. Зламаць такі імідж можна толькі ўстойлівай зменай паводзін, напрыклад, мараторыем на новыя рэпрэсіі. Але на гэтым месцы ў галаву прыходзіць толькі прыказка пра тых, хто пілуе адзіны сук, на якім трэба сядзець».