Зранку грошы — увечары крэслы. АПК прапануе ўладам першымі зрабіць «крок насустрач»
Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Гарбунова прапануе беларускім уладам зрабіць першы крок і вызваліць частку палітвязняў у знак таго, што ўлада сапраўды гатовая «дараваць тым, хто памыліўся».
«Сёння мы бачым, што рэжым нібыта гатовы прабачаць "тым, хто памыліўся". Варта нагадаць, як сотні людзей напісалі лісты на памілаванне (гэта няпросты маральны выбар), а вызваленыя былі толькі адзінкі, прычым праігнараваныя былі запыты нават ад людзей з інваліднасцю і людзей сталага веку. Мы бачым, як рэжым заяўляе пра гатоўнасць пусціць у краіну былых удзельнікаў пратэсту, якія "пакаяліся", але ў рэальнасці мы ведаем, што мноства людзей затрымліваюць на мяжы з Беларуссю па надуманых абвінавачаннях. Пакуль мы бачым, што рэжым гаворыць роўна супрацьлеглае таму, што робіць у цёмным куце. І, як заўжды, пры гэтым стараецца выглядаць дабрадзеем», — адзначыла Гарбунова.
«У нас ёсць прапанова: праваабаронцамі падрыхтаваны "гуманітарны спіс палітвязняў", куды ўваходзяць людзі з інваліднасцю, цяжкімі захворваннямі, пенсіянеры, непаўнагадовыя, шматдзетныя бацькі, жанчыны, — усе яны не павінны знаходзіцца за кратамі з меркаванняў гуманнасці. Выпусціце гэтых людзей і пакажыце, што вы на самой справе гатовыя "зрабіць крок насустрач"», — заявіла яна.
Нагадаем, што ўчора падчас нарады Лукашэнка прапанаваў стварыць камісію, якая паспрыяе «беглым» вярнуцца ў Беларусь. Але гэта тычыцца выключна тых, хто з'ехаў, але потым «раскаяўся» — патрэбны індывідуальны падыход, каб не дапусціць вяртання «ворагаў».
Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў не даць сябе падмануць, адзначыўшы, што ў мінулым годзе 52 чалавекі, якія вярнуліся ў краіну з вымушанай эміграцыі, былі затрыманы. Стварэнне камісіі яна патлумачыла тым, што з-за ад’езду беларусаў з краіны ў рэжыму не хапае працоўных: сёння дэфіцыт кадраў у краіне — прыкладна ў 100 тысяч чалавек.
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман таксама скептычна ацаніў прапановы рэжыму: «Хтосьці ў сілавых структурах зразумеў, што больш практычна будзе выкарыстоўваць тысячы нябедных людзей як дойную карову, пагражаючы ім арыштам, чым спрабаваць арыштаваць іх усіх адначасова, рызыкуючы проста выцесніць большасць у эміграцыю. З палітуцекачамі такая ж логіка: прасцей абкласці іх падаткам, чым пакідаць у эміграцыі і не мець з гэтага нічога... Па вялікім рахунку, нішто не перашкаджае завабіць у краіну дзясяткі ці сотні эмігрантаў у роспачы, прымусіць іх выканаць зневажальныя ўмовы, а потым кінуць».