Хронікі рэпрэсій за 24 студзеня. Новыя затрыманні і папаўненне «экстрэмісцкага» спісу

Паводле матэрыялаў праваабаронцаў і СМІ сабралі асноўныя факты пераследу беларусаў за 24 студзеня

marsz_adzinstva_6__19__logo_1.jpg

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Не выключэнне — і сённяшні дзень, 24 студзеня.

Трох удзельнікаў гурта Tor Band — Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка — перавялі ў гомельскае СІЗА. Гэта значыць, што супраць іх усіх заведзеная крымінальная справа. Па якім артыкуле — дакладна не вядома. 16 студзеня гурт Tor band быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».

Таксама крымінальныя справы завялі на рэпэтытара Яўгена Лівянта, ягоную жонку Юлію Лівянт, дачку Ганну і калегу, саўладальніка адукацыйнага цэнтра «100 баллов» Аляксея Іванова. Іх перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Паводле якога артыкуле — пакуль невядома.

У Ваўкавыску разам з усёй сям'ёй затрымалі прадпрымальніка.

На прыватным прадпрыемстве «Мегамоц» разам з супрацоўнікамі кампаніі і роднымі затрымалі прадпрымальніка Дзмітрыя Марозава. Вядома, што яго сям'я знаходзіцца на волі. Сам Дзмітрый, меркавана, утрымліваецца ў Гродна.

Затрыманні ў Кобрыне.

У Кобрыне затрыманы за тэлеграм-каментары мясцовы жыхар. Паводле сілавікоў, яму пагражае крымінальная справа. Мяркуючы па «палонным відэа», супраць Міхаіла Кухарчука распачалі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК). Падставай для гэтага, меркавана, стаў каментар пра тое, што Лукашэнка прызнаў запуск ракет па Украіне з тэрыторыі Беларусі. Усяго сілавікі налічылі 860 пратэсных каментароў Міхаіла.

Яшчэ адно затрыманне ў Кобрыне — па даносе з чат-рулеткі. Чарговай ахвярай чатрулетчыка Юрыя Комара стаў жыхар Кобрына Сяргей Церашкоў. Мужчыне 44 гады, ён родам з расійскага Арэнбургу. Ён сказаў, што калі яго прымусяць ваяваць, ён не будзе забіваць украінцаў і паверне зброю супраць акупантаў.

У відэа, выкладзеным на канале ГУБАЗіК, прыводзіцца ўрывак з гутаркі мужчыны з правакатарам Комарам. Сяргей кажа, што ніколі не пойдзе забіваць украінцаў, а калі яго прызавуць, то будзе «страляць у сваіх».

Пасля вяртання з-за мяжы затрымалі маці дваіх дзяцей.

З канала сілавікоў стала вядома, што затрымалі 40-гадовую мінчанку Наталлю Ілліч. Яна маці дваіх дзяцей, працавала бухгалтарам у сферы грузаперавозак.

Наталлю затрымалі за тое, што яна ў 2020 годзе нібыта пакідала паведамленні ў дваровых чатах. Мяркуючы па скрыншотах з каналаў сілавікоў, гэта рэпосты з розных каналаў і эмацыйныя паведамленні.

Журналіст Павел Падабед не выйшаў на волю пасля 72 гадзін пасля затрымання

БАЖ сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці затрымання відэааператара Паўла Падабеда, які пры загадкавых абставінах «знік» удзень 20 студзеня.

Папярэдне, у мінулую пятніцу Павел выправіўся на пошту, каб аплаціць «плацёжкі» за навучанне сына. Пасля было запланавана наведванне яшчэ аднаго адраса, але туды ўжо ён не патрапіў — проста раптам перастаў выходзіць на сувязь.

З улікам, што на пошце паспеў аформіць толькі адзін плацёж, высокая верагоднасць, што затрымалі яго менавіта там.

У Мінску затрыманая Ладарыя Кузняцова.

Вядома, што дзяўчына — педагагіня па вакале, яе затрымалі з самай раніцы. Папярэдне, Ладарыі інкрымінаваная ч.1 арт. 342 КК ("Удзел ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Затрыманага экс-выкладчыка БДУІР Мікалая Банькова арыштавалі на 15 сутак.

Праваабаронцам таксама вядома, што разам з мужчынам затрымалі і ягоную жонку — Святлану. Ёй таксама прызначылі 15 сутак арышту.

Паводле папярэдняй інфармацыі, справу Баньковых у панядзелак разглядаў суд Першамайскага раёну Мінска — Мікалаю і Святлане інкрымінавалі «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП РБ).

Папаўненне ў "экстрэмісцкім" спісе

Інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала «Осторожно Вирус» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне прынятае 18 студзеня судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну.

Аляксандр Фядута нядаўна выйшаў з турэмнай бальніцы Магілёўскай калоніі. Таму што ў палітвязня абвастрыліся праблемы з сэрцам, з’явіліся ацёкі. Цяпер вязень крыху ачуняў і плануе пісаць за кратамі кінасцэнарый. Пра гэта ён распавёў у лісце да жонкі.

Затрыманні ў Магілёве і Фаніпалі

У Магілёве ГУБАЗіК затрымаў інжынера «Магілёўэнерга» і музыку Іллю Сазонава. Папярэдне, у віну мужчыну паставілі «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», аднак падрабязнасці ўдакладняюцца. Паводле некаторых звестак, затрыманы — сын былога рэктара БРУ Ігара Сазонава.

Сёння ў Фаніпалі былі затрыманыя Мікалай і Наталля Губіны, а таксама Таццяна Залатар. Падрабязнасці затрымання невядомыя.