Журналіст Павел Падабед не выйшаў на волю пасля 72 гадзін у няволі
Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання відэааператара Паўла Падабеда, які пры загадкавых абставінах «знік» удзень 20 студзеня. Пра гэта піша БАЖ.
Паводле наяўных звестак, у мінулую пятніцу Павел Падабед выправіўся на пошту, каб аплаціць «плацёжкі» за навучанне сына.
Пасля было запланавана наведванне яшчэ аднаго адраса, але
туды ўжо ён не патрапіў — проста раптам перастаў выходзіць на сувязь.
З улікам таго, што на пошце паспеў аформіць толькі адзін плацёж,
высокая верагоднасць, што затрымалі яго менавіта там.
Прынамсі сам факт затрымання Павел пацвердзіў у
тэлефанаванні сваякам — праўда, без удакладненняў, што канкрэтна яму
інкрымінавалі. Толькі паспеў паведаміць, што ў кватэры адбыўся ператрус.
З вонкавага агляду жылля родзічы зрабілі выснову, што знік
камп’ютар і, відавочна, іншыя носьбіты інфармацыі — уключна з тэлефонам, які ў
Паўла Падабеда быў пры сабе.
Нягледзячы на тое, што ў панядзелак 23 студзеня мінулі 72
гадзіны ад моманту папярэдняга затрымання, на волю журналіст так і не выйшаў.
Сваякі збіраюцца перадаць яму перадачу 25 студзеня, аднак да канца не
разумеюць, дзе яго на гэты момант утрымліваюць.
Такім чынам, прычыны цікавасці з боку сілавікоў да
43-гадовага відэааператара, які раней супрацоўнічаў з шэрагам незалежных
медыяў, пакуль невядомыя. Прынамсі ці звязаны арышт з колішняй прафесійнай
дзейнасцю.
Для Паўла Падабеда гэта не першае знаёмства з праваахоўнай
сістэмай. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і наступнай пратэснай актыўнасці
грамадства журналіста разам з іншымі калегамі неаднаразова дастаўлялі ў
аддзяленні міліцыі — як, напрыклад, за асвятленне «маўклівых шэсцяў» 2011-га ў
межах акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» альбо перфомансаў падчас
датэрміновага галасавання ў «парламент» ад кампаніі «Гавары праўду».
Тады ўсё збольшага заканчвалася «прафілактычнымі гутаркамі» з
міліцыянтамі ды загадамі на выдаленне адзнятага матэрыялу — нават без складання
пратакола.
Увосень 2020 года, калі Беларусь ахапілі масавыя пратэсты
супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і наступнага гвалту
сілавікоў, Паўла Падабеда таксама затрымлівалі за прафесійную дзейнасць пасля
адной з акцый пратэсту. У выніку ўсё скончылася без адчувальных наступстваў.
Але цяпер сітуацыя кардынальна іншая — за кратамі ўжо нямала
тых, хто фіксаваў драматычныя падзеі 2020-га. Гаворка перадусім пра
відэааператараў Аляксандра Любенчука, асуджанага на тры гады калоніі агульнага
рэжыму за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні», і Івана Мураўёва, які атрымаў на
паўгода меней на падставе аналагічнага абвінавачання.