Абвінавачвання дагэтуль няма. Дырэктар выдання «Беларусы і рынак» Канстанцін Залатых чакае суда

Больш за сем месяцаў застаецца за кратамі палітвязень, дырэктар тыднёвіка «Беларусы і рынак» Канстанцін Залатых. Беларуская асацыяцыя журналістаў даведалася, з якім настроем ён сустрэў Новы год у няволі і якія перспектывы праглядаюцца.

zolotyh_02.jpg

Наталля Залатых, жонка палітвязня, адзначыла, што мужу дагэтуль не выстаўлена ўцямнага абвінавачвання, таму перспектывы судовага працэсу досыць размытыя. 

«Наконт Косцiных спраў за гэтыя сем з паловай месяцаў, дык амаль што нічога новага. Афіцыйнага абвiнавачвання так і няма. Магчыма (але толькі магчыма), у студзені, а то нават і ў лютым, будзе суд. Але гэта яшчэ няпэўна, чакаем. Трымаецца ён, па словах адваката, добра. Прынамсі не схуднеў, пачуцця гумару не страціў. Спадзяюся, у пачатку году хаця б будуць здольныя сфармуляваць, чаго яны ад яго хочуць, і што будзе суд», — падзялілася Наталля Залатых.

18 мая 2022 года супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі затрымалі дырэктара найстарэйшай эканамічнай газеты краіны «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно.

Пасля допыту Александровіча і Кахно адпусцілі, а Залатых толькі праз некалькі дзён знайшоўся ў жодзінскім следчым ізалятары. У чым канкрэтна яго вінавацяць, невядома дагэтуль. Аднак, мяркуючы са зместу пратакола, папярэдняя прычына нібыта ў «распальванні варожасці» (арт. 130 КК).

Санкцыя артыкула прадугледжвае шырокі спектр пакарання — ад штрафу, што ў палітычных судах амаль не практыкуецца, да абмежавання волі (так званая «хімія») ці рэальнага зняволення тэрмінам ад 3 гадоў. 

У пачатку чэрвеня праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным зняволеным.

У жніўні палітвязня перавялі з Жодзіна ў СІЗА №1 Мінска, там ён утрымліваецца дагэтуль. 

«Лісты ад Косці прыходзяць, як і раней, толькі сваякам і, адпаведна, ад нас яму. А каб зразумець, ці даходзіць карэспандэнцыя, пішам як у афіцыйным ліставанні: адказваю табе на ліст ад такога дня маім — ад такога», — расказала Наталля Залатых пра нюансы сувязі мужа з вонкавым светам. 

Ужо ў няволі Канстанцін Залатых стаў адным з герояў кнігі свайго даўняга сябра, аднакласніка, журналіста Змітра Бартосіка. Дакументальны збор пад незвычайнай назвай «Забіць упалмінзага» заснаваны на выпадкова знойдзеных дакументах пра антысавецкі супраціў у Беларусі. Сярод  непрыдуманых гісторый ёсць і біяграфічны эпізод з удзелам цяперашняга палітзняволенага Канстанціна Залатых.

«Зайздрошчу ягоным сукамэрнікам», — лаканічна сказаў падчас віленскай прэзентацыі аўтар, асабліва адзначаючы выдатнае пачуццё гумару свайго найбліжэйшага сябра.

Канстанцін Залатых — дасведчаны медыйны менеджар і вытворчы  адміністратар, супрацоўнічаў з вядучымі незалежнымі СМІ і буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі. 

Апошнім месцам працы была газета «Беларусы і рынак» — адно з рэдкіх выданняў, якое здолела захавацца пасля масавых рэпрэсій супраць недзяржаўных рэдакцый.

Летась 23 ліпеня доступ да сайту газеты ў Беларусі быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі «з прычыны распаўсюду гіперспасылак на матэрыялы, прызнаныя судом экстрэмісцкімі». А на пачатку снежня пасля 32 гадоў дзейнасці рэдакцыя абвясціла, што праз складаныя фінансавыя і палітычныя ўмовы прыпыняе выхад як друкаванай, так і электроннай pdf-версіі. Выдання няма ў каталогу «Белпошты» на першую палову 2023-га.

Пры гэтым літаральна следам Міністэрства інфармацыі нечакана выдала распараджэнне аб аднаўленні доступу да сайту — тут кантэнт абнаўляецца.