У Лунінцы разжалавалі старшыню суда, які пераследаваў незалежных журналістаў
У Лунінцы пазбаўлены пасады старшыня мясцовага суда Міхаіл Дзянісовіч. Пра гэта піша выданне «М*дыя-Палессе».
Міхаіл Дзянісовіч многія гады ўзначальваў орган дзяржаўнай
улады, які ажыццяўляе «правасуддзе». Але нядаўна ён быў пераведзены на пасаду шараговага суддзі.
Старшынёй суда прызначаная Кацярына Клеўжыц, якая раней працавала суддзёй. Інфармацыя аб перастанове размешчана на сайце Вярхоўнага
суда.
«М*дыя-Палессе» прыгадвае, што Міхаіл Дзянісовіч запомніўся правядзеннем шэрагу
адміністрацыйных працэсаў над выданнем. У 2021-2022 «МП» судзілі за
публікацыі пра каронавірус, пра Святлану Ціханоўскую і за артыкул пра падзеі ў Пінску пасля выбараў 2020 года.
Сайт прызнавалі вінаватым у пагрозе нацыянальным інтарэсам краіны і каралі
максімальна магчымымі штрафамі.
На адным з працэсаў, які вёў сам Міхаіл Дзянісовіч, ён, нават не ўдаляючыся для прыняцця рашэння ў дарадчы пакой, абвясціў гатовае рашэнне.
Таксама Дзянісовіч спрычыніўся да прызнання матэрыялаў і сацсетак «М*дыя-Палесся» ў 2022
годзе «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Прычына перастановак у лунінецкім судзе пакуль невядомая. Але вядома, што ў судова-прававой сістэме Лунінца прайшлі сур'ёзныя праверкі
пасля таго, як былі выкрытыя факты «крышавання» сілавікамі мясцовага аўтарытэту
і пакрывальніцтва злачынстваў яго сына.
Раней паведамлялася аб адстаўцы начальніка
Следчага камітэта Лунінца Андрэя Лукашэвіча, а таксама аб пераводзе намесніка
начальніка міліцыі ва ўчастковыя.
Таксама ў снежні стала вядома, што следчы па асабліва важных справах Лунінецкага раённага аддзела Следчага камітэта 45-гадовы Сяргей Пахолак з'ехаў з Беларусі з жонкай і дзецьмі. Прычын уцёкаў было некалькі.
Першая звязана з
крымінальным пераследам жонкі Пахолка. Яна працавала спецыялісткай
інжынерна-аэрадромнай службы вайсковай часткі, дзе базавалася расійская
авіятэхніка. Яе затрымлівалі за перадачу звестак сястры ў ЗША. Яна нібыта
паслала ёй нейкі фотаздымак.
Сяргей Пахолак
працаваў следчым з 2013 года. Крыніцы ў Лунінцы сведчылі, што незадоўга да ад’езду следчы падоўжыў кантракт на службе, за што атрымаў
грашовую кампенсацыю. Пасля таго як на яго жонку завялі крымінальную
справу, ён напісаў рапарт аб звальненні з прычыны стану здароўя, аднак выехаў
з краіны, так і не дачакаўшыся рашэння. Сама затрыманая жанчына нібыта была ў
мінскай лякарні, але змагла ўцячы адтуль, бо была без аховы.
У кватэры былога следчага правялі ператрус, сам ён цяпер у Амерыцы.