У Гомелі прайшлі масавыя звальненні прапагандыстаў
На Гомельскім тэлебачанні адбыліся масавыя звальненні супрацоўнікаў. Сярод звольненых — прапагандыст са стажам, адзначае выданне «Фл*гшток».
У канцы 2022 года на Гомельскім тэлебачанні звольнілі адразу восем работнікаў. Як паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй, праверкі на тэлебачанні
пачаліся пасля таго, як прайшлі чысткі на радыё 107.4 FM у Гомелі. У
кастрычніку 2022 года там звольнілі траіх работнікаў праз згадку расійскага блогера Юрыя Дудзя ў прамым эфіры.
Выданню вядома, што сярод звольненых быў і гомельскі
прапагандыст Станіслаў Галкоўскі. На гомельскім тэлебачанні ён вёў перадачу «Думкі». Таксама яго імя знікла са старонкі «Аўтары» на
сайце газеты «Гомельскія ведамасці» — там ён займаў пасаду намесніка
галоўнага рэдактара з канца 2021 года. Галкоўскі шмат гадоў працаваў на дзяржпрапаганду.
Што стала прычынай звальненняў на гомельскім тэлебачанні,
невядома.
Нагадаем, Юрый Дудзь, які ў 2020 годзе падтрымаў беларускія пратэсты, аказаўся прычынай праблем у прапагандыстаў летась у кастрычніку.
Праз узгадку яго прозвішча на «Гомельскім гарадскім радыё» звольнілі некалькі чалавек.
Тады ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў з'явіўся пост, дзе нібыта адзін з падпісчыкаў паскардзіўся на радыё 107.4 FM у Гомелі, заснавальнік якога — мясцовы выканкам. У эфіры, па словах слухача, «так распісваюць вартасці нейкага Дудзя, распавядаюць, які ён паспяховы, знакаміты і ўвесь з сябе класны», а ён, на думку аўтара допісу, «утоптваў у бруд нашу краіну». Абурыла яго і тое, што вядучы павіншаваў расійскага журналіста з днём нараджэння.
Пасля гэтага з «Гомельскага гарадскога радыё» звольнілі як мінімум двух радыёвядучых. Па словах крыніцы, знаёмай з сітуацыяй, страцілі працоўнае месца і іншыя работнікі, а ў калектывах іншых гомельскіх дзяржСМІ пачаліся праверкі.
Пасля падобная сітуацыя адбылася на тэлеканале «Гродна Плюс». Інжынер відэамантажу пусціла ў ранішні эфір архіўны запіс 2019 года рубрыкі «Асоба дня», дзе гаворка ішла пра Юрыя Дудзя. Гэта рубрыка распавядае аб асобах, якія нарадзіліся ў пэўны дзень.
У выніку гродзенскім тэлевізійшчыкам прыйшлося выпусціць «пакаяльны» прэс-рэліз.
«З 2020 года ў гэтай рубрыцы ідзе гаворка толькі пра
савецкіх і беларускіх акцёраў, музыкаў і пісьменнікаў, якія не маюць дачынення
да антыдзяржаўных поглядаў. Інжынер відэамантажу, якая дапусціла такое ў эфір,
пакарана. Рэдакцыя тэлеканала прыносіць прабачэнні тым гледачам, каго магла
пакрыўдзіць дадзеная інфармацыя ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала. Рэдакцыя не
падзяляе поглядаў дадзенага героя, якія ярка праявіліся ў дачыненні да нашай
краіны пасля 2020 года», — гаворыцца ў заяве.
Там таксама выказалі падзяку тэлегледачам «за пільнасць» і адзначылі, што «падобнай інфармацыі не месца ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала».