«Чарговае дно». Амбасадар Украіны ўрэзаў прапагандыстам за ілжывы сюжэт на БТ

Пасольства Украіны ў Мінску накіравала ў МЗС Беларусі ноту пратэсту з-за паказанага ў эфіры дзяржтэлеканала «Беларусь 1» сюжэта з абвінавачваннямі ўкраінскіх дыпламатаў у «вярбоўцы замежных баевікоў». Аб гэтым паведаміў 17 студзеня пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім на сваёй старонцы ў Facebook.

ukh0d994fy58d57aq6ngfkguaj8sx473.jpg

Як распавяло раніцай 17 студзеня «Л*стэрка», у праграме «Кацюшын разлік», якую паказалі па тэлевізары 16 студзеня, распавядалася, што беларускія сілавікі затрымалі грамадзяніна Грузіі Георгія Зіракашвілі, які нібыта апынуўся ў Беларусі, каб далучыцца да ўкраінскай арміі і адправіцца на вайну. Аўтар сюжэта — Кацярына Ціхамірава, якая прыехала ў Беларусь у канцы 2019 года з Калінінграда — абвінаваціла пасольства Украіны ў Мінску ў «вярбоўцы замежных баевікоў».

Ігар Кізім назваў выпуск «чарговым дном беларускай прапаганды».

— Не буду пераказваць усё трызненне гэтага «сюжэта», яго лёгка знайсці на YouTube. Скажу адразу, амбасада накіравала адпаведную ноту пратэсту ў МЗС РБ. Сцісла сутнасць у тым, што гэты «аўтар» сцвярджае, што амбасада нібыта з'яўляецца «вярбовачным цэнтрам» для адпраўкі «наймітаў» ва Украіну. Для «пацвярджэння» гэтага ў сюжэце з'яўляецца нейкі грузін Георгій Заракішвілі, які з дапамогай амбасады спрабуе трапіць ва Украіну, каб «паваяваць» там, і распавядае пра гэта беларускім спецслужбам, якія затрымалі яго. Уласна словы грузіна аб яго жаданні, мабыць, адзіная праўда ў гэтым сюжэце. Усё астатняе — хлусня, маніпуляцыі і крывадушнасць, — напісаў амбасадар Украіны.

На думку Ігара Кізіма, паказаны сюжэт — «чарговы ўсплёск антыўкраінскай істэрыі на вядучым дзяржканале беларускага тэлебачання і пошук так званых кампраметавальных матэрыялаў для правакацый супраць пасольства і яго супрацоўнікаў».

— Пытанне: які сэнс ва ўсёй гэтай хлусні, маніпуляцыях і крывадушнасці для беларускага боку? Я яшчэ магу зразумець расійскі інтарэс, але беларускі... Як тут не ўспомніць аб леташняй кдбэшнай «аперацыі» па «выяўленні шпіёнаў» сярод супрацоўнікаў амбасады (прылічылі да іх нават нашых ахоўнікаў), у якой вельмі моцна тырчалі фсбэшныя «вушы», — напісаў пасол.

Ігар Кізім таксама падкрэсліў, што на беларускім дзяржаўным тэлебачанні «крывадушна» не паведамляюць аб ахвярах расійскай вайсковай агрэсіі.

— Чаму б не расказаць пра гібель 44 людзей (у тым ліку 5 дзяцей) ад аднаго ракетнага ўдару расійцаў па жылым доме ў Дняпры 14 студзеня? Навошта так «гучна» маўчаць пра гэтае злачынства? Паспрабую адказаць. Для гэтага трэба быць сумленным журналістам, а не прадажным «прапагандыстам» на падтанцоўках у сваіх расійскіх куратараў. А яшчэ думаць і добра ведаць матэрыял, — адзначыў пасол.