Што яны робяць з дзецьмі ў школе! Гартаем падручнік па гісторыі Беларусі

Старонкі, насычаныя хлусьнёй і прапагандай. Мы паглядзелі тое, з чым маюць справу 11-клясьнікі. Падручнік надрукаваны ў 2021 годзе, у ім асьветленыя і апошнія выбары прэзідэнта. Што ж чакае нашых дзяцей?

gistoriya_bel_xix_pachxxi_11kl_kasovich_bel_2021_1.jpg

Аўтары ў прадмове ў сур’ёзным тоне пішуць: «У 11 клясе вы павінны навучыцца аналізаваць, абагульняць і сістэматызаваць вывучаныя факты, самастойна рабіць высновы; крытычна ацэньваць інфармацыю, якая сустракаецца ў СМІ; даваць уласную аргументаваную ацэнку гістарычным фактам». Гучыць пераканаўча і слушна. Але што мы маем на самой справе?

У першых параграфах, якія разглядаюць падзеі ХІХ — пачатку ХХ ст. можна знайсьці тры партрэта дзеячоў, якія, як падаецца аўтарам падручніка, былі найбольш адметнымі ў гэтым перыядзе. Імі сталі: Мікіта Мураўёў, Фэлікс Дзяржынскі, і (выпадкова?) Цётка. Паміж імі яшчэ і дом РСДРП у Менску.

Узгаданы таксама і Адам Міцкевіч, які разам з Занам і Чачотам сваю культурную дзейнасьць спалучалі з «прасоўваньнем такіх радыкальных сацыяльных пераўтварэньняў у грамадзтве, як адмена прыгоннага права, увядзеньне канстытуцыйнай формы кіраваньня, адстойваньне права народаў на незалежнасьць». Вось уж радыкалы, якія пасьмелі не згадзіцца з расейскай рэчаіснасьцю.

Паўстаньню 1863-1864 гадоў прысьвечаная цэлая старонка. Замест звыклага Кастуся Каліноўскага, «старшынёй ЛПК стаў Вікенці Канстанцін Каліноўскі». «Актыўны ўдзел у паўстаньні прыняла шляхта, сярод якой ужо на пачатковым этапе барацьбы не было адзінства», — сьцвярджаецца ў падручніку. Потым, як пішуць аўтары, «В.К. Каліноўскага за яго радыкальныя погляды адхілілі ад кіраўніцтва». Зноў радыкал, адсочваеце лягічны ланцужок стваральнікаў падручніка?

Як жа скончылася паўстаньне? Няхітры адказ у адным абзацы: «На барацьбу з паўстанцамі была скіраваная 200-тысячная расейская армія. Новым генэрал-губернатарам быў прызначаны М.М. Мураўёў з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. У траўні 1863 года паўстаньне было задушана».

Калі вы чакалі цытатаў з «Мужыцкай Праўды», зьвестак аб забойстве Кастуся Каліноўскага — у падручніку пра гэта ні слова.

Цікава апісваецца стварэньне нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга: «Клаўдзій Дуж-Душэўскі ў 1917 годзе прапанаваў некалькі эскізаў. Сярод іх быў белы сьцяг як сымбаль Белай Русі. Але паколькі гэты колер быў яшчэ і колерам арыстакратыі, капітуляцыі, дадалі чырвоную паласу як сымбаль рэвалюцыі». Як лёгка адшукаць, гэтае трызьненьне — цытата сумнавядомага Марзалюка ў адным з інтэрвію ў 2021 годзе. Чалавек ляпнуў, а школьнікі гэта вывучаюць.

Пра БНР стваральнікі падручніка напісалі наступнае: «Рэальнай дзяржавай БНР не стала, паколькі цалкам падпарадкоўвалася нямецкай акупацыйнай адміністрацыі і дзейнічала ў межах усталяваных кампетэнцый».

Праспойлерым, далей ня будзе фразы «Рэальная дзяржавай БССР не стала, паколькі цалкам падпарадкоўвалася расейскай акупацыйнай адміністрацыі і дзейнічала ў межах усталяваных кампетэнцый».

Гэтую вытрымку з падручніка, карыстаючыся тэрміналёгіяй аўтараў, паспрабуйце прааналізаваць самастойна.

gistoriya_bel_xix_pachxxi_11kl_kasovich_bel_2021_35.jpg

Не абмінулі нешаноўныя стваральнікі падручніка і масавыя палітычныя рэпрэсіі. Гэтая тэма разгледжаная ў чатырох абзацах. І вось некаторыя вытрымкі: “Разгарнулася барацьба з праціўнікамі палітычнага курсу Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, у гістарыяграфіі вядомая пад назвай “палітычныя рэпрэсіі”. Сярод рэпрэсаваных былі тыя, хто ажыццяўляў канкрэтныя дзеяньні, скіраваныя супраць існуючага ладу: вёў контррэвалюцыйную агітацыю, займаўся шкодніцтвам у калгасах і на прадпрыемствах, удзельнічаў у антысавецкіх і паўстанцкіх арганізацыях. Але пацярпела шмат і невінаватых людзей”.

Мы бачым непрыхаваную контррэвалюцыйную барацьбу з апазыцыяй і аўтараў падручніка. На іх погляд, хоць і былі “невінаватыя”, але яны ідуць недзе там, на перыфірыі, як пэўныя “перагібы на месцах”. Адпаведна з “невінаватымі” ўсе сотні тысячаў расстраляных і закатаваных у лягерах былі вінаватымі. Ці даведаюцца школьнікі пра такія месцы як Курапаты? Вы ведаеце адказ.

Пра пасьляваенны час школьнікі пачнуць чытаць з такой фразы: “Большасьць савецкіх людзей шчыра верылі Камуністычнай партыі і І.В. Сталіну”. І далей: “Палітычная сітуацыя ў заходніх абласьцях Беларусі ўскладнялася тым, што ажно да сярэдзіны 1950-х гадоў там дзейнічалі польскія нацыяналістычныя фармаваньні, якія наганялі жах на мясцовае насельніцтва. На адзін узровень з гітлераўскімі карнікамі паставілі сябе былыя салдаты Арміі Краёвай пад камандаваньнем Рамуальда Райса”.

Зьвернемся да найноўшай гісторыі. Падзагаловак, які гучыць як “фармаваньне шматпартыйнасьці” выглядае інтрыгоўна. Пачытаем, што там: “У пачатку 1990-х гадоў у Беларусі масава ствараліся палітычныя партыі. Першыя палітычныя партыі былі нешматлікімі і ў асноўным абапіраліся на інтэлігенцыю” – агідліва пішуць аўтары падручніка. Напэўна, абзацы пра Беларускі Народны Фронт і Зянона Пазьняка дрэнна прайшлі стадыю друка, мы пра гэта не знайшлі нічога.

gistoriya_bel_xix_pachxxi_11kl_kasovich_bel_2021_43.jpg

Паглядзіце на подпіс пад здымкам. Насамрэч гэта масавы мітынг менскіх працоўных 24 красавіка 1991 года.

Якім жа чынам Беларусь атрымала незалежнасьць і свае дзяржаўныя сымбалі? Аўтары падручніка безумоўна ведаюць, што напісаць. “19 верасьня 1991 года былі зацьверджаныя новыя дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь – бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”. Новая сымболіка ўводзілася рашэньнем парлямэнту, без правядзення рэфэрэндуму альбо іншага апытаньня грамадзкага меркаваньня”. Сапраўды, не тое, што ў мінулыя дэкады камуністычнага раю і наступнага лукашызму.

“У Белавежскай пушчы, у рэзідэнцыі “Віскулі”, 8 сьнежня кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны без запрашэньня іншых заснавальнікаў СССР дэнансавалі Саюзную дамову 1922 года”. Хто гэтыя таемныя кіраўнікі Беларусі – ніколі не даведаемся з падручніка (калі што, толькі тссс, для аўтараў: гэта быў Станіслаў Шушкевіч).

Сярод прычынаў распаду СССР прыводзіцца і такая: “Непасрэдная зацікаўленасьць заходніх дзяржаваў у аслабленьні і ліквідацыі Савецкага Саюза”. Далей нешаноўныя аўтары прыводзяць цытату Пуціна, не называючы яго імя: “Распад СССР палітыкі сёньня называюць найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай ХХ ст.”.

Дарэчы, мы з вамі напэўна не заўважылі, але прыблізна з 2001 года жывем у прыблізна райскіх умовах: ”Наступствы распаду Савецкага Саюза пераадольваліся больш за дзесяцігодзьдзе”.

У 1994 годзе адбыліся першыя выбары прэзідэнта. Пасада, якая была прадугледжаная новай канстытуцыяй Беларусі, прынятай Вярхоўным Саветам ХІІ скліканьня. Зноў невялікі спойлер: імёны Зянона Пазьняка і Станіслава Шушкевіча ў абзацах пра прэзідэнцкія выбары 1994 года летапісцам не пазначаныя. “Асноўнымі канкурэнтамі сталі прэм’ер-міністар В.Ф. Кебіч, які цалкам кантраляваў дзяржаўныя СМІ, абапіраўся на дзяржаўны апарат і яго кадры і дэпутат Вярхоўнага Савета А.Р. Лукашэнка. У другім туры каля 80% выбарцаў першым прэзідэнтам Беларусі абралі А.Р. Лукашэнку”.

Мы маглі б параіць стваральнікам падручніка і далей выкарыстоўваць удалую фармулёўку пра Кебіча, дзе ён “цалкам кантраляваў дзяржаўныя СМІ” і астатняе ў сувязі з усімі наступнымі выбарамі, у якіх удзельнічаў Лукашэнка, але гэта відаць зусім іншая гісторыя.

Пра далейшы дзяржаўны пераварот, калі быў распушчаны парлямэнт, і створаная так званая “палатка прадстаўнікоў” мы даведваемся з цікавых фармулёвак. Так, напрыклад замест слова “лукашэнка” у наступным сказе выкарыстоўваецца слова “грамадзтва”: “У грамадзтве ўсё часьцей гучала крытыка і выказвалася незадаволенасьць працай Вярхоўнага Савета”.

Падаецца, што калі грамадзтва было незадаволенае працай парлямэнту, на наступных выбарах гэтае грамадзтва мусіць абраць іншых дэпутатаў. Аднак вось калі незадаволеным зьяўляўся Лукашэнка, тады і было прынята рашэньне аб разгоне ўсенародна абранага органа.

А далей аўтары падручніка падводзяць пад крымінальную справу школьнікаў. Яны прапаноўваюць такое заданьне: “Складзіце палітычны партрэт першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі”.

Пачатак ХХІ ст. у Беларусі хутка прайшоў у абзацах пра ўсебеларускія народныя сходы, а паміж імі прэзідэнцкія выбары. “На выбарах 2001 года перадвыбарчая праграма прэзідэнта знайшла водгук у большай часткі народа. За А.Р. Лукашэнку прагаласавалі 75,6% выбарнікаў”. Іншыя кандыдаты — засталіся без згадвання.

gistoriya_bel_xix_pachxxi_11kl_kasovich_bel_2021_52.jpg

І тут жа: “Чарговыя выбары кіраўніка дзяржавы прайшлі ў Беларусі ў 2006 годзе. Прэзідэнтам быў абраны А.Р. Лукашэнка. За яго прагаласавалі 83% выбарнікаў”. Іншыя кандыдаты — засталіся без згадвання.

Потым абзац у два разы больш чым пра выбары — пра УНС. І зноў тая ж шарманка: “19 сьнежня 2010 прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары. А.Р. Лукашэнка быў абраны на чарговы тэрмін. 79,6% выбарнікаў аддалі за яго свае галасы”. Іншыя кандыдаты — засталіся без згадвання.

Наступныя абзацы ўжо набліжаюць нас да сёньняшняга часу. “Пятыя прэзідэнцкія выбары прайшлі 11 кастрычніка 2015 года. Усяго за дзеючага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прагаласавалі 83,5% выбарнікаў”. Іншыя кандыдаты — засталіся без згадвання. Як вядома і ўсе масавыя акцыі супраціву, што былі ў 2001, 2006 і 2010 гадах, забыліся кінуць пару словаў пра палітвязьняў і фальсыфікацыі. Ну што ж, з кім не бывае, як той казаў.

Наперадзе — тое, што напісанае пра выбары 2020 года.

“Шостыя прэзідэнцкія выбары ў краіне прайшлі 9 жніўня 2020 года. Зь пяці кандыдатаў (ноўнэймаў, як заўжды — заўв. аўтара), па зьвестках Цэнтральнай выбарчай камісіі, дзеючы прэзідэнт атрымаў падтрымку 80,1% выбарцаў”. Усё. Больш пра гэтую падзею ні слова.

Але зьвярніце ўвагу на вельмі цікавы нюанс. Мы нездарма прывялі ўсе вытрымкі пра папярэднія прэзідэнцкія выбары, на якіх за аднаго з кандыдатаў “прагаласавала 70-80% выбарнікаў”. У апошнім выпадку маем фармулёўку, якой яшчэ не было: “па зьвестках Цэнтральнай выбарчай камісіі”. Аўтары падручніка нібы падміргваюць нам. Ці то гэта сваеасаблівая салома перад трыбуналам.

gistoriya_bel_xix_pachxxi_11kl_kasovich_bel_2021_54.jpg

Адносна замежнай палітыкі Беларусі ў ХІХ-ХХІ ст можна вылучыць некаторыя моманты.

Пра вайну 1812 года, якую аўтары падручніка разглядаюць як безумоўна “айчынную і абарончую”, яны падаюць такія зьвесткі ў некалькіх абзацах, якія не прыводзіць іх да пэўных высноваў. Прасачыце разам з намі цытаты: “Выконваючы загад Напалеона, Часовы ўрад ВКЛ змог паставіць у французскую армію 11 тысячаў пяхоты і коньніцы” і далей аўтары пішуць: “У той жа час многія жыхары беларускіх губерняў — праваслаўная шляхта, духавенства, мяшчанства — падтрымлівалі расейскага імператара. У шэрагах расейскай арміі змагаліся больш за 10 тысячаў ураджэнцаў беларускіх зямель”.

Больш за 10, але меньш за 11 тысячаў на баку Напалеона атрымліваецца. Як бы не жадалася ісьці аўтарам падручніка ў расейскім акупацыйным фарватары, яны супярэчаць самі сабе. Назваць гэтую вайну прынамсі грамадзянскай для жыхароў Беларусі, вялікая частка якіх змагалася за аднаўленьне незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага, пасьля нядаўняй акупацыі іх земляў расейцамі – язык не павярнуўся ў стваральнікаў школьнага падручніка.

Зьвернемся да цікавага пытаньня ў 1939 годзе – таемны дадатковы пратакол да акту Молатава-Рыбенторопа. Вось што пішуць школьнікам аўтары: “У сфэру інтарэсаў СССР уваходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна, што было актам гістарчынай справядлівасьці, а таксама Ўсходняя Польшча, Латвія, Эстонія, Бесарабія”. Выдатны тэрмін вынайшлі нешаноўныя аўтары “акт гістарычнай справядлівасьці”. Тым самым несправядлівасьцю атрымліваецца плян акупацыі Польшчы, краінаў Балтыі і Бесарабіі? Разам з гэтым яны, як падаецца, прызнаюць “актам гістарычнай справядлівасьці” напад Нямеччыны на Польшчу. Карацей, заблыталіся ў двух соснах гэтыя стваральнікі падручніка.

Падручнік мае і наступную фразу пра перыяд Другой Сусьветнай вайны: “Навучальны працэс у школах меў пранямецкую скіраванасьць. У кожнай клясе вывешваўся партрэт Гітлера, упрыгожаны з двух бакоў бел-чырвона-белымі стужкамі. Абавязковым прывітаньнем былі словы “Жыве Беларусь (як аналяг прывітаньня “Хайль Гітлер” для мясцовых жыхароў”.

Зьвестак пра тое, пад якім сьцягам камуністычны рэжым растрэльваў і катаваў мільёны людзей – няма. (Для аўтараў падручніка падказка: пад чырвоным).
Аб перыядзе незалежнасьці аўтары выказваюцца наступным чынам (нагадаем, падручнік пабачыў сьвет у 2021 годзе): “Беларусь у сваёй зьнешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў невыкарыстаньня сілы альбо пагрозы сілай, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак”.

І крыху далей — уся сутнасьць замежнай палітыкі Беларусі ў перыяд лукашызму: “Прыярытэтам зьнешняй палітыкі Беларусі зьяўляецца палітычнае і эканамічнае супрацоўніцтва з Расейскай Федэрацыяй”.

За два з гакам стагодзьдзі, якія разглядаюцца ў 11-й клясе, у лік асноўных культурных падзеяў увайшлі фэст “Славянскі базар” і правядзеньне ІІ Эўрапейскіх гульняў у 2019 годзе, а вось нобэлеўская прэмія Сьвятланы Алексіевіч не трапіла ў топ. Зрэшты, не трапіла гэтая падзея і на любую іншую старонку падручніка.

gistoriya_bel_xix_pachxxi_11kl_kasovich_bel_2021_188.jpg

Затое ў падручнікі ўжо трапіў прапагандыст Аляксей Талай, яму адвялі паўстаронкі. Думаем, у наступным перавыданьні можна ўжо і параграф — пасьля яго справаў з так званымі “лнр” і “днр”.

gistoriya_bel_xix_pachxxi_11kl_kasovich_bel_2021_227.jpg

Скончым наш агляд шматпакутнага падручніка адным з заданьняў, што прапануецца ў якасьці выніковага абагульненьня: “Дакажыце, што зьнешняя палітыка Рэспублікі Беларусь зьяўляецца шматвэктарнай”.

Гэта ўжо навуковая фантастыка.

Такая адукацыя і аўтары падручніка (А. Касовіч, Н. Барабаш, А. Корзюк, В. Йоцюс, П. Мацюш, А. Салаўянаў) ў Беларусі не патрэбныя.