«Беларусь — гэта Расія». Заява генерала СЗР не такая бяскрыўдная, як падаецца
У эфіры прапагандысцкай праграмы «60 хвілін» на канале «Расія 1» генерал-лейтэнант Службы знешняй разведкі РФ у адстаўцы Леанід Рашэтнікаў заявіў, што Беларусь — гэта Расія.
Вядучыя паспрабавалі яго мякка асадзіць: маўляў, Беларусь як суверэнная краіна ўваходзіць у Саюзную дзяржаву.
«Саюзную, так. Але гэта Расія. Гэта Вялікая Расія», — адрэагаваў Рашэтнікаў.
Прапагандыстка Вольга Скабеева ў адказ паспрабавала пажартаваць: «Не палохайце Аляксандра Рыгоравіча».
На першы погляд можа здацца, што адстаўны генерал — чарговы фрык, які выкарыстоўваецца расійскім тэлебачаннем, а яго заявам не варта надаваць вялікай увагі.
Аднак гэта не так. «Салідарнасць» нагадвае, кім працаваў генерал Рашэтнікаў, які ўплыў ён аказваў на Пуціна і як спраўджваўся ягоны прагноз пра вайну ва Украіне.
Рашэтнікаў рыхтаваў даклады для Адміністрацыі прэзідэнта РФ, Пуцін паўтараў яго думкі
Леанід Рашэтнікаў у мінулым — начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Службы знешняй разведкі Расіі. Пасля — да пачатку 2017 года — працаваў дырэктарам Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў (РІСД). Гэта структура рыхтуе інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы для Адміністрацыі прэзідэнта РФ, Савета бяспекі і ключавых міністэрстваў і ведамстваў. Самога Рашэтнікава называлі адной з ключавых фігур расійскай геапалітыкі.
Генерал планава пакінуў сваю пасаду ў РІСД пасля васьмі гадоў знаходжання на ёй (яго змяніў былы дырэктар СЗР Міхаіл Фрадкоў). На развітанне Пуцін падзякаваў яму за працу і асабіста ўзнагародзіў у Крамлі ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені.
Што дакладваў наверх РІСД пад кіраўніцтвам Рашэтнікава, невядома, затое яго выказванні дзіўна часта супадаюць з тым, што заяўляў Пуцін. Так, у 2016 годзе генерал сказаў, што Украіну стварыла савецкая ўлада і Ленін і што гэта дзяржава трэба толькі для таго, каб «стаць антырасіяй».
Само сабою, Рашэтнікаў не лічыць украінцаў і беларусаў асобнымі народамі, а ўпэўнены, што яны з'яўляюцца рускімі. У 2018 годзе ён распавёў пра канчатковую мэту стратэгіі Пуціна:
— Канчатковая мэта — гэта вялікая Расія. А наша веліч — гэта альтэрнатыўная цывілізацыя. Я думаю, што канчатковая мэта — аднавіць рускі свет... Мы дрэнна вывучаем гісторыю: усё гэта ўжо было. Мы былі раздроблены на княствы, дзе наўгародцы лупілі тверычаў, а масквічы лупілі наўгародцаў і гэтак далей... Такія крывавыя войны — перыяд феадальнай раздробленасці — цягнуліся не 2-3 гады, а, лічыце, стагоддзе! Мы цяпер на новым вітку перажываем тое ж самае... І мы гэта праходзім. Думаю, што мы гэта пройдзем і што наступныя пакаленні будуць жыць у аб'яднанай Расіі — у такой, якой яна павінна існаваць.
У сярэдзіне 2021 года Пуцін напісаў артыкул «Аб гістарычным адзінстве рускіх і ўкраінцаў», у якім шмат у чым паўтараліся думкі Рашэтнікава. Так, прэзідэнт РФ сцвярджаў, што Украіна стала для Захаду праектам «анты-Расія» і што да ўтварэння СССР існавала «вялікая расійская нацыя, якая злучала вялікаросаў, маларосаў і беларусаў».
У мінулым годзе канцлер Германіі Олаф Шольц распавёў, што Пуцін у прыватнай размове з ім выказаў думку: Украіна і Беларусь не павінны быць незалежнымі дзяржавамі.
Прагноз Рашэтнікава па Украіне і яго прадказанне па Беларусі
Шэсць гадоў таму ўжо быў гучны скандал з-за заяў Рашэтнікава па Беларусі. У канцы 2016-га ён заявіў, што наша краіна — «гістарычная частка вялікай Расіі», а беларуская мова была створана па загадзе Усесаюзнай камуністычнай партыі (ВКП(б)).
Беларускія ўлады, пачуўшы пагрозу (Рашэтнікаў яшчэ займаў пасаду дырэктара РІСД), тады жорстка адрэагавалі. МЗС Беларусі выклікаў дарадцу-пасланніка расійскай амбасады Вадзіма Гусева, каб выказаць яму афіцыйны пратэст.
А ў «Савецкай Беларусіі», выданні Адміністрацыі прэзідэнта, выйшаў матэрыял пад загалоўкам «Памылка былога рэзідэнта», дзе Рашэтнікава назвалі «балбатуном» і «дылетантам», а яго словы — «нікчэмнымі».
Адстаўны генерал адрэагаваў па-хамску: «Не падабаецца заява аб прыналежнасці Беларусі да гістарычнай Вялікай Расіі? Так крыўдуйце на гісторыю, на лёс, на Бога».
Цікава, як адрэагуюць беларускія ўлады на заяву генерала СЗР гэтым разам. Наўрад ці адважацца на рэакцыю, падобную да той, шасцігадовай даўніны, але няўжо зусім зробяць выгляд, што нічога не заўважылі?
Між тым словы Рашэтнікава кажуць пра пагрозу для Беларусі не толькі таму, што яго меркаванне падзяляе Пуцін. Адстаўны генерал у 2020 годзе дакладна спрагназаваў вайну, заявіўшы, што «рускія хутка возьмуць уладу ва Украіне».
— Украіна, атрымліваецца, прадалася Захаду для таго, каб Захад яе выкарыстаў у барацьбе супраць Расіі... Я, вядома, прашу прабачэння перад землякамі і сваякамі, але Украіна — гэта поле бітвы, поле вайны.
Тады ж ён даў прадказанне наконт Беларусі:
— Вайна будзе ва Украіне і ў Беларусі! Не разумеюць, ці што?.. Вось лямантуюць-лямантуюць, але няўжо не могуць зразумець, што вайна будзе?.. Асноўнае поле бітвы — Каўказ, Украіна, Беларусь і Прыбалтыка. І нішто не можа выратаваць ад гэтага.
Пераклад «НЧ»