Беларуская мова была створаная ў 1926 годзе на пасяджэнні ЦК ВКП(б)

Пра гэта заявілі ў Расійскім інстытуце стратэгічных даследаванняў МЗС Расіі. Беларусь там назвалі часткай Расіі і выступілі супраць развіцця беларускай мовы.

reshet.jpg

Леанід Рашэтнікаў, дырэктар Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў, які забяспечвае аналітыкай адміністрацыю Уладзіміра Пуціна, адзначыў, што ў Беларусі «ўсё рухаецца паводле ўкраінскага сцэнару».
«Працэсы вельмі падобныя. І, на жаль, не бачым працэсаў, якія б ім супрацьстаялі. Лінія на аддзяленне беларусаў ад расійцаў, стварэнне плоту паміж беларусамі і расійцамі ў ідэалагічным, гістарычным, ідэйным і духоўным плане відавочная».
Спасылаючыся на расійскую газету «Правда» за 1926 год, Леанід Рашэтнікаў сказаў, што «беларуская мова была створаная пастановай пасяджэння аргбюро ЦК ВКП(б)».
«Гэтая бомба, закладзеная тады, цяпер ірванула. Атрымліваецца, што мы спрычыніліся да стварэння беларускай мовы. І беларускай мове цяпер толькі 90 гадоў».
Рашэтнікаў адзначыў, што кіраўніцтва Расіі, занятае праблемамі Сірыі і Украіны, а таксама прыходам да ўлады Трампа, забылася пра Беларусь: «Нельга забываць пра Беларусь. Гэта гістарычная частка вялікай Расіі, частка нашага народу».


Таксама Рашэтнікаў раскрытыкаваў кіраўніцтва Беларусі за намаганні аддаліцца ад Крамля і выглядаць незалежнай дзяржавай: «Пра што яны думаюць? Незразумела. Ці то пра ўласны стан, ці яшчэ пра нешта. Нібыта хочуць аддаліцца ад Масквы і аддацца камусьці іншаму. Вось што атрымліваецца. Але, спадарства, немагчыма ў гэтым свеце такім маленькім краінам існаваць без апірышча на нейкую сілу. Калі вы разрываеце сувязь са сваёй прыроднай апорай, то будзеце абапірацца на ўбітую іншай дзяржавай палю. Але ўсё роўна будзеце чапляцца за нешта. Якая ж Беларусь незалежная ад Масквы і як гэта Масква ёй нічога дыктаваць не можа?»
Пісьменнік і палітык Уладзімір Някляеў лічыць, што Леанід Рашэтнікаў сваімі словамі прадэманстраваў неадукаванасць, бо беларускую мову выкарыстоўваў ананімны аўтар «Слова пра паход Ігара» і Францішак Скарына, якія выдаў Біблію з прадмовамі па-беларуску:
«Апроч усяго іншага, праблема нашага часу палягае ў тым, што на самыя высокія ўзроўні кіраўніцтва трапляюць невукі. Леанід Рашэтнікаў, які ачольвае нібыта паважаную інстанцыю, — самы сапраўдны невук. Таму што як мінімум беларуская мова ўзнікла ў кнігах Скарыны, а яшчэ раней яна ўзнікла ў Тураве. Калі б Рашэтнікаў не быў невукам і прачытаў «Слова пра паход Ігара», — паэму, напісаную ў Тураве ў канцы XII стагоддзя, што змяшчае 70% беларускіх лексем, якіх сучасны расеец не зразумее».


Някляеў лічыць, што такія інфармацыйныя закіды з боку дырэктара Расійскага інстытуту стратэгічных даследаванняў сведчаць, што расійскі шавінізм у дачыненні Беларусі становіцца навуковай і прафесарскай пазіцыяй:
«Гэта шавіністычная пыха, вялікадзяржаўны расійскі шавінізм. Ён праяўляецца паступова: ад нікому невядомых журналістаў на «Рэгнуме» да ўплывовых дзяржаўных службоўцаў. Такім чынам з маргінальнай пазіцыі гэтая думка становіцца прафесарскай і навуковай. Але гэта ўсё звёны аднаго і таго ж ланцуга, які называецца «імперскі расійскі шавінізм», які не хоча прызнаваць, што ёсьць краіна Беларусь, беларускі народ і беларуская мова».
Леанід Рашэтнікаў — савецкі і расійскі гісторык, кандыдат гістарычных навук, дырэктар Расійскага інстытуту стратэгічных даследаванняў, генерал-лейтэнант службы замежнай выведкі Расійскай Федэрацыі.
Радыё Свабода