Новы год будзе толькі 14 студзеня

Кволая рэакцыя расійскай грамадскасці на дзяжурную прапанову — вярнуцца да юліянскага календара, — сведчыць пра ўзмацненне ў краіне кансерватыўнага трэнду.

ukaz_1.jpg


Адна з відавочных заганаў пуцінскай мадэлі «кіраванай дэмакратыі», калі ўсё вырашае расійскі правадыр і яго атачэнне, — імітацыя дэмакратычных працэдураў. У такой сітуацыі сістэмныя палітыкі вымушаныя прадукаваць загадзя нерэальныя, але гучныя законапраекты, якія дапамагаюць ім вылучыцца на агульным фоне і нагадаць пра сябе выбаршчыкам.

Якіх толькі арыгінальных прапаноў ні агучвалі спікеры і дэпутаты расійскіх думскіх партый за апошнія часы! Увесці абмежаванне на негатыўныя навіны, каб паведамленні пра войны, тэракты, крызісы, эпідэміі і катастрофы займалі не больш за 10% эфірнага часу выпуску тэленавінаў; пазбаўляць грамадзянства і высылаць з краіны расіянак, якія выйшлі замуж за замежнікаў; перафарбаваць Крэмль у белы колер, і гэтак далей. Як правіла, такія заявы не маюць асаблівых наступстваў. У лепшым выпадку, яны некалькі дзён трымаюцца ў інфармацыйнай стужцы.

Падобны лёс чакаў і чарговую ідэю камуністаў, якія прапанавалі перанесці святкаванне Новага года з 1 на 14 студзеня. «У Расіі Новы год любяць і чакаюць усе — і дарослыя, і дзеці. Але ёсць адна праблема: маштабныя гулянні прыпадаюць на строгі калядны пост. Чаму мы, праваслаўныя, так не паважаем і не шануем сваю веру і культуру? У каталікоў усё правільна: 25 снежня — Каляды, потым Новы год», — аргументуюць сваю прапанову зюганаўцы.

Пазітыўныя вынікі каляндарнай рэформы, калі верыць аўтарам, цяжка пераацаніць. У тым ліку яна дазволіць ацвярэзіць суайчыннікаў. Як гаворыцца на сайце КПРФ: «Зараз народ ад канца снежня пускаецца ва ўсе цяжкія. Раство — свята ціхае і сямейнае. Як следства, калі Новы год будзе прыходзіцца на 14 студзеня, гэта будзе стрымліваць насельніцтва ад п’янства, таму што 15–16 студзеня трэба будзе выходзіць на працу пасля калядных вакацый».

Першая рэфлексія на прапанову камуністаў — прастрацыя. Менавіта бальшавікі былі асноўнымі лабістамі пераходу на грыгарыянскі каляндар. Малавядома, але сябрам Саўнаркаму, якія разглядалі гэтае пытанне 16 лістапада 1917 года, прапаноўваўся і памяркоўны варыянт: кожны год адкідаць па 24 гадзіны і на працягу 13 гадоў атрымаць каляндар, як у Еўропе. Аднак асабіста Ленін катэгарычна настаяў на ўвядзенні заходнееўрапейскага варыянту. Беручы пад увагу гэтую гісторыю, ёсць усе падставы трактаваць учынкі сучасных камуністаў як следства нейкіх дэвіяцый, якія вартыя выключна смеху.

Сапраўды, жартаў на гэты конт ужо хапае. На інтэрнэт-форумах заклікаюць адмяніць метрычную сістэму і перайсці на вымярэнне «ў лакцях». Або ўвесці ў КПРФ замест старшыні пасаду «Патрыярх Кампартыі», а замест статуту выкарыстоўваць Біблію. Пра слабую нізавую падтрымку праекту сведчаць і вынікі галасавання пад інтэрнэт-петыцыяй камуністаў. За месяц ідэю перанесці Новы год на 14 студзеня падтрымалі каля 300 падпісантаў і больш за 1200 выказаліся супраць.

Аднак нечакана ініцыятыву КПРФ падтрымалі прадстаўнікі палітыкуму і эліты. Прычым, не толькі асобы кшталту Жырыноўскага або саратаўскіх арыстакратаў — апошнія прапанавалі ў якасці эксперыменту аднавіць дарэвалюцыйны каляндар на тэрыторыі Саратаўскай вобласці. Далучыўся да камуністаў скандальны блогер Усевалад Чаплін. Ён лічыць, што традыцыя сустракаць Новы год 1 студзеня — праява комплексу непаўнавартасці праваслаўных. «Мусульмане і іудзеі лічаць для сябе магчымым захоўваць каляндар, які адрозніваецца ад заходняга, і ніхто ад гэтага не памёр. Чаму мы да гэтага часу не можам пазбавіцца псіхалагічнай залежнасці ад Захаду ў каляндарным пытанні?» — задаецца пытаннем Чаплін.


1441967583_kalendar2.jpg


У падтрымку пераносу Новага года нечакана выступіла РПЦ, якая раней традыцыйна ўстрымлівалася ад каментараў адносна такога кшталту прапаноў. Нагадаем, што ўпершыню ідэя вяртання юліянскага календару была агучана ў Дзярждуме ў 2006-м нацыяналістам Сяргеем Бабурыным.

Зараз кіраўнік Патрыяршай камісіі па пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства протаіерэй Дзмітрый Смірноў выказаўся за ідэю перайсці ад грыгарыянскага календара да юліянскага. Праўда, пры гэтым ён прызнаў, што пакуль большасць грамадзян Расіі не зразумеюць, навошта святкаваць Новы год 14 студзеня.

Ці сапраўды ў Расіі збіраюцца перанесці Новы год на 14 студзеня? Дэбаты вакол каляндарнага пытання каментуе маскоўскі журналіст Дзмітрый Ільін:

Нягледзячы на тое, што ўсё больш фракцый грамадства пагаджаюцца з ідэяй рэформы календару, пакуль у такую перспектыву верыцца цяжка. Аргументы аматараў каляндарнай рэформы супярэчаць элементарнай логіцы. Тым праваслаўным расіянам, якія трымаюць пост і стала ходзяць у храм, рэформа непатрэбная. Яны Новы год і так не святкуюць, паколькі для гэтых лю­дзей сапраўднае свята — Божае Нараджэнне. Акрамя таго, ідэю адзначаць Новы год 14 студзеня падтрымлівае толькі РПЦ. Усе астатнія Праваслаўныя Цэрквы адзначаюць яго менавіта 1 студзеня, а Раство — 25 снежня. Так што незразумела, пра каго вырашыў паклапаціцца Зюганаў. Аднак нельга ігнараваць тое, што па гэтым пункце адбылася змычка ідэалагічна зацятых антаганістаў — РПЦ і КПРФ. Ствараецца кансенсус пад канчатковае абгрунтаванне асаблівага, асобнага ад еўрапейскага рускага шляху.