Колькі гадоў Дзеду Марозу?
Усе прызвычаіліся ставіць вядомага навагодняга персанажа ў адзін шэраг са старажытнымі казачнымі героямі. Але насамрэч Дзеду Марозу толькі 80 гадоў. Ведаеце чаму?

Хто такі Дзед Мароз? Вікіпедыя кажа, што гэта казачны персанаж усходнеславянскага гарадскога фальклору, створаны па матывах жыццяпісу Святога Мікалая і народных уяўленняў пра мароз. Існаванне Дзеда Мароза прывязваецца да зімовай змены каляндарнага года.
Але адлік новага года ў розныя часы вёўся па-рознаму. У славян такая перазменка прывязвалася да цыклу работ на зямлі. Таму нават пасля ўвядзення хрысціянства і — адпаведна — хрысціянскага календара, нашы продкі былі схільныя звязваць пачатак года з надыходам вясны (часцей кажуць пра 1 сакавіка, хоць гэта вельмі ўмоўна, бо арыенціроўка была не на хрысціянскі каляндар).

Новы год 1 студзеня?
Традыцыя лічыць пачаткам года 1 студзеня ўзыходзіць да распараджэння рымскага імператара Юлія Цэзара, які ў 45 годзе да нараджэння Хрыстова ўвёў каляндар, названы юліянскім.
Першыя сведчанні пра адлік года ад 1 студзеня згодна з хрысціянскім календаром на беларускай зямлі адносяцца да ХІІ стагоддзя. Тым не менш у народзе гэта яшчэ доўга не прыжывалася. Да таго ж у хрысціянстве адбыўся раскол (канчаткова ў ХІ стагоддзі), а праваслаўнымі было прынята весці гадавы адлік ад 1 верасня (гэта дзень пачатку заснавання свету).
І толькі ў 1583 годзе кароль Рэчы Паспалітай Сцяпан Баторый загадам увёў грыгарыянскі каляндар (уведзены папам Грыгорыем XIII за год да таго). З тых часоў Новы год на беларускіх землях пачалі афіцыйна адзначаць 1 студзеня. Дарэчы, большасць еўрапейскіх краін пераходзіла на сучасную традыцыю святкавання 1 студзеня на працягу XVI–XVII стагоддзяў. Таму ВКЛ сапраўды знаходзілася ў тагачасным цывілізацыйным трэндзе.
Зразумела, адразу прышчапіцца традыцыя не магла. Таму даследчыкі лічаць, што быў час, калі беларусы маглі адзначаць Новы год ажно тры разы: 1 студзеня, 1 сакавіка і 1 верасня.
Асобна зазначым, што ў Расіі адлік новага года з 1 студзеня быў уведзены толькі 1700 годзе ўказам Пятра І, але — па юліянскім календары, які, у сваю чаргу, быў зменены на грыгарыянскі толькі бальшавікамі ў 1918 годзе.
Праўда, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Таму функцыянаванне грамадства па грыгарыянскім календары было перарванае.
Зрэшты, для беларускага сялянства апісаныя вышэй каляндарныя пературбацыі не мелі прынцыповага значэння. Яно жыло ў культурнай парадыгме той рэлігійнай канфесіі, да якой належала. Паноўнымі ж былі праваслаўе, уніяцтва (1596–1839) і каталіцызм. Найважнейшае значэнне па-ранейшаму мелі і элементы паганства.

Таму тая ж упрыгожаная ялінка (яна з’явілася ў нас у ХІХ стагоддзі, але ў сялянскую хату прыйшла толькі ў ХХ) прынагоджвалася не да Новага года, а ў сувязі з Калядамі. Таму не было і святкавання Новага года як нейкай урачыстасці. Адпаведна, не была распрацавана і «праграма» свята, і Дзеда Мароза не існавала. Затое яго функцыі (перш за ўсё выканання жаданняў і дарэння прэзентаў) выконваў Святы Мікалай.
Яго прыход спачатку адбываўся 6 снежня. Але з’яўленне Святога Мікалая было перасунута да Раства Хрыстова ў сувязі з тым, што Рэфармацыя хрысціянства, якая разгарнулася па Еўропе ў ХVІ–XVІІ стагоддзях, не ўхваляла ўшанавання святых. Гэтым самым фактычна стварылася глеба для ўзнікнення Дзеда Мароза.
Дзед Мароз: пачатак
У шматлікіх краінах аналагам Дзеда Мароза з’яўляецца сёння ўсім вядомы Санта-Клаус. Фармаванне яго вобраза пачалося з кнігі Вашынгтона Ірвінга «Гісторыя Нью-Ёрка», якая ўбачыла свет у 1809 годзе. У ёй гаварылася пра Святога Мікалая. Аднак апісаную гісторыю неўзабаве развіў іншы амерыканскі пісьменнік — Клемент Кларк Мур. Ён у 1823 годзе апублікаваў паэму «Ноч перад Раством, або Візіт Святога Мікалая». У гэтым творы ўпершыню і з’явіўся Санта-Клаус — казачны персанаж, які дорыць падарункі дзецям.
Да 1840 года перароджанага са Святога Мікалая Санта-Клауса ведалі па ўсіх Злучаных Штатах Амерыкі. У далейшым — праз творы выяўленчага мастацтва і розную літаратуру — вобраз узбагачаўся і «раскручваўся». Яго геаграфія ахапіла ўсю заходнюю цывілізацыю.

Падобная гісторыя генезісу і ў Дзеда Мароза. Сама прыродная з’ява марозу здаўна персаніфікавалася ўсходнімі славянамі. У міфалогіі беларусаў існаваў бог холаду Зюзя. У расіян яго называлі проста Марозам. Яго вобраз знайшоў адбітак у фальклоры. Узнік шэраг чарадзейных казак з такім персанажам.
У 1840 годзе расійскі пісьменнік-рамантык Уладзімір Адоеўскі апублікаваў апавяданне «Мароз Іванавіч». У ім развівалася традыцыя вобраза, закладзеная ў фальклоры. Сам вобраз Мароза яшчэ не быў прывязаны да Новага года.
Да кшталтавання вобраза спрычыніліся таксама такія творы, як паэма Мікалая Някрасава «Мароз, Чырвоны нос» (1863) і п’еса Мікалая Астроўскага «Снягурачка» (1873).
У другой палове ХІХ стагоддзя ў мяшчанскім асяродку Расіі назіраліся спробы стварэння самабытнага дзеда, які дарыў бы дзецям падарункі на Раство. Пасля шэрагу варыянтаў у 1886 годзе ўпершыню адзначаецца Марозка. З яго да пачатку ХХ стагоддзя вырастае блізкі да знаёмага нам вобраз Дзеда Мароза. Але замацавацца ён не паспеў — рэвалюцыі 1917 года прынеслі кардынальныя культурныя трансфармацыі.
Паколькі Беларусь тым часам уваходзіла ў склад Расійскай імперыі, дык гэта гісторыя мае дачыненне і да гарадоў «Паўночна-Заходняга краю».
Дзед Мароз і Краіна Саветаў
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў пралетарскай культуры не было месца мяшчанству і рэлігійнасці. Вобраз Дзеда Мароза трапіў пад фактычную забарону разам са святочнай ёлкай. Хоць яшчэ пры Уладзіміры Леніне ёлка суіснавала з атэістычнымі павевамі. Асабліва строга забарона дзейнічала з 1929 года.

Аднак ужо ў 1935 годзе савецкім кіраўніцтвам з ухвалення Сталіна было вырашана вярнуцца да навагодняга дзейства з ёлкаю і Дзедам Марозам. Але прынагодзілі іх не да Раства (свята рэлігійнага, а таму непрымальнага), а да Новага года (свята свецкага).

1936 год савецкія дзеці сустракалі са святочнай ёлкаю. Яшчэ праз годзік — у студзені 1937-га — на навагоднім свяце ў маскоўскім Доме Саюзаў віталі гасцей Дзед Мароз і яго ўнучка Снягурка.
Калі ў дакастрычніцкі час ставілася на мэце вобразам Дзеда Мароза дапоўніць рэлігійнае святкаванне Раства Хрыстова, дык бальшавікамі гэты персанаж рэанімоўваўся ў супрацьвагу рэлігійнасці. Урачыстая сустрэча, святкаванне Новага года, хоць і была запачаткаваная Пятром І, але як масавая з’ява ўкаранілася пры савецкай уладзе і з дапамогай яе, каб пераключыць народ са святкавання Божага Нараджэння на аналагічны атэістычны арыенцір. Больш за тое, у сталінскі час Дзед Мароз быў персанажам не апалітычным, а ідэйным. Іншым разам даходзіла да таго, ён маляваўся… з курыльнай люлькай (у чым заключаўся намёк на вобраз Іосіфа Сталіна).

Трэба сказаць, што стаўленне да Дзеда Мароза ў савецкага кіраўніцтва развіваліся паралельна з палітыкай адносна казкі як жанру мастацкай літаратуры. На працягу 1920-х гадоў казка ўсё больш прызнавалася небальшавіцкім жанрам, а значыць, варожым савецкай уладзе. На дзяржаўным узроўні было вырашана пазбавіцца ад уплыву казкі на дзяцей. Аднак абсурдную памылку неўзабаве зразумелі — і казку вярнулі ў кола дзіцячага чытання. Сінхронна вярнуўся і Дзед Мароз.
Пасля Другой сусветнай вайны тандэм Дзеда Мароза і Снягуркі паспрабавалі дапоўніць хлопчыкам у чырвоным футры і шапцы з лічбавым азначэннем наступнага года. Хлопчык так і называўся — Новы Год — і выступаў пераемнікам Дзеда Мароза як года старога, мінулага. Пік папулярнасці хлопчыка Новага Года, як можна прасачыць пра тагачасных паштоўках, адносіцца да канца 1950 — сярэдзіны 1960-х гадоў. Але вобраз не прыжыўся і цяпер практычна забыты.

А што ў Беларусі?
У Беларусі сітуацыя больш складаная. Дзед Мароз з’явіўся ў БССР у другой палове 1930-х гадоў. Але ў Заходняй Беларусі пра яго савецкую іпастась практычна ніхто не чуў. Там працягвалі культываваць вобраз Святога Мікалая. Тым не менш, у 1927 годзе з-пад пяра Сяргея Новіка-Пеюна пад псеўданімам Малады Дзядок у Вільні асобнай кніжачкай быў надрукаваны «калядны абразок у 1-й дзеі» «Ёлка Дзеда Мароза».
Знаёмства з творам, аднак, гаворыць хутчэй пра перайманне расійскіх дакастрычніцкіх спроб увасаблення Дзеда Мароза ў суладдзі з беларускай фальклорнай традыцыяй вобраза Мароза-Зюзі.
Прапанаваны пісьменнікам беларускі варыянт вобраза не стаў распаўсюджаным. Прычыны гіпатэтычна бачацца ў тым, што гэты персанаж зараджаўся і развіваўся як сімулякр урбаністычнага культурнага кантэксту праваслаўных хрысціян. Між тым у гарадах Заходняй Беларусі пераважалі і дамінавалі ў міжваенны перыяд яўрэі (іудзеі) і палякі (каталікі). Беларускія культурныя асяродкі ў гарадской мясцовасці тым часам толькі фармаваліся.

«Бальшавіцкі» Дзед Мароз здолеў упершыню паўстаць перад «заходнікамі» адно напярэдадні 1940 года.
З гадамі па ўсёй Краіне Саветаў усталяваўся той вобраз Дзеда Мароза, які нам вядомы з дзяцінства. Пра сучаснае фармаванне персанажа можна казаць, пачынаючы з 1970-х гадоў. З цягам часу забылася, што ён ствараўся дзеля секулярызацыі і атэізацыі культуры і свядомасці савецкіх людзей. Сёння і праваслаўе (Маскоўскага патрыярхату і яшчэ некаторых, але не ўсіх) да навагодняга Дзеда Мароза са Снягуркай ставіцца канструктыўна. Каталіцкая культура мае свой аналаг — Санта-Клауса, аднак ён з’яўляецца канцэптуальным элементам святкавання Божага Нараджэння, рэлігійнай культуры.

Нягледзячы на адносна малады ўзрост персанажа, калектыўная памяць у нашым грамадстве не захавала звестак пра тое, як да народнай культуры былі прышчэплены Дзед Мароз і Снягурка. Таму цяпер іх існаванне здаецца спаконвечным. Значыць, рэалізацыя задумы бальшавікамі прайшла даволі спраўна. Прынамсі, больш удала, чым ажыццяўленне імі сваёй палітыкі. Затое Дзед Мароз і Снягурка, як нятленны Фенікс, з года ў год прыходзяць да нас і знікаць, у адрозненне ад савецкай улады, не збіраюцца. Пры гэтым яны нават не здагадваюцца, што іх, па сутнасці, няма.