Ці застанецца права на жыццё? Беларускі досвед вернуць у расійскія законы
Вяртанне смяротнага пакарання ў Расіі ўпісваецца ў логіку вайны і адмовы ад выканання міжнародных нормаў, лічыць расійская адвакатка Карына Маскаленка. «Права на жыццё ўжо патаптанае», — кажа яна.
Усё ідзе да таго, што выключная мера пакарання можа вярнуцца ў расійскую практыку. «Вельмі гэтага баюся, тым больш чула самыя безадказныя, самыя ваяўнічыя заявы ад лідараў расійскай улады. І вельмі асцерагаюся, што можа дайсці і да гэтага», — сказала юрыст-міжнароднік, адвакат многіх расійскіх пазоўнікаў на працэсах у ЕСПЧ Карына Маскаленка ў эфіры праграмы «Воздух».
Нагадаем, напярэдадні Пуцін унёс у Дзярждуму РФ законапраект аб дэнансацыі дамоваў, заключаных Расіяй, пакуль яна ўваходзіла ў Раду Еўропы, у тым ліку Канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод. З 1996 года ў РФ у сувязі з уступленнем у гэтую арганізацыю быў уведзены мараторый на смяротнае пакаранне.
Маскаленка адзначае, што не менш правоў, чым у Канвенцыі, замацавана ў Канстытуцыі РФ, а таксама ў нормах ААН, якія РФ прызнае. Аднак, па словах юрыста, вайна, якая ідзе амаль год, — сама па сабе татальнае адступленне ад усіх магчымых прававых нормаў.
Крокі па дэнансацыі прававых пагадненняў не з'яўляюцца нечаканымі, адзначае юрыстка. «Тое, што мы з вамі назіраем — гэта паглыбленне прававога крызісу. І тое, што ўчора не было нават мажліва, сёння — усе правы патаптаныя і спляжаныя. І перш за ўсё, вядома, права на жыццё».
У Беларусі — адзінай еўрапейскай краіне, дзе засталося смяротнае пакаранне, — збіраюцца ўвесці яго яшчэ і за здраду дзяржаве для чыноўнікаў і вайскоўцаў. У снежні 2022 года Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». «У мэтах аказання стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве праектам Закона прапануецца ўнясенне змяненняў у санкцыю часткі 2 артыкула 356 КК, якія прадугледжваюць магчымасць прымянення выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання за здраду дзяржаве, учыненай службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца. У гэтай сувязі прыводзяцца ў адпаведнасць таксама артыкулы 58 і 59 КК», — гаворыцца ў праекце закона.