Былы прэзідэнт РФ заклікаў расстраляць падлеткаў-рэйкавых партызан

Ва Уфе чатырох студэнтаў 17-18 гадоў арыштавалі і абвінавацілі ў дыверсіях на чыгунцы. Дзмітрый Мядзведзеў адрэагаваў на гэта развагамі пра патрэбу вяртання ў Расіі смяротнага пакарання.

_belarus_ekanomika_pradpryemstvy_czyhnuka_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__5__logo.jpg

Савецкі раённы суд Уфы ўзяў пад варту чатырох мясцовых студэнтаў, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі тэракту ў складзе групы (пункт «а» часткі 2 артыкула 205 КК РФ). Хлопцы выступалі супраць вайны ва Украіне. Пра гэта піша расійскі «Коммерсант» са спасылкай на прэс-службу суда.

Арыштаваныя — 18-гадовыя Фарухжон Закіраў, Мустафа Шахбазаў і Эмін Садыгаў і яго 17-гадовы брат. Паводле версіі абвінавачання, юнакі як мінімум пяць разоў спрабавалі пашкодзіць электратэхнічнае абсталяванне на чыгунцы, таму што выступалі супраць уварвання Расіі ва Украіну і разлічвалі дэстабілізаваць працу органаў улады ў Башкартастане.

Крыніца «РБК Уфа» ў праваахоўных органах распавяла, што фігуранты справы падпалілі пост секцыянавання на перагоне Чарнікоўка — Шакша, а таксама пункт кіравання раз'яднання кантактнай сеткі і чатыры рэлейныя шафы на перагоне Дзема — Блокпост. 27 кастрычніка дваіх абвінавачваных затрымалі супрацоўнікі ФСБ пры спробе падпаліць пост секцыянавання на чыгунцы ва Уфе.

Як пішуць рускія СМІ са спасылкай на старонкі абвінавачваных у «ВКонтакте», Шахбазаў вучыцца ва Уфімскім юрыдычным інстытуце МУС, цікавіцца баявымі адзінаборствамі і сучаснай рэп- і хіп-хоп-музыкай. У Эміна Садыгава ў якасці навучальнай установы ўказаны Уфімскі авіяцыйны тэхнікум, у яго малодшага брата — паветрана-дэсантны кадэцкі корпус імя Мусы Гарэева ва Уфе.

Справы ўфімскіх студэнтаў вырашыў пракаментаваць намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі, былы прэзідэнт і прэм'ер-міністр краіны Дзмітрый Мядзведзеў. Ён назваў абвінавачваных «замежнымі студэнтамі» і «вырадкамі», а таксама заявіў, што падчас Вялікай Айчыннай вайны «сабатажнікаў» расстрэльвалі.

«У сучаснай Расіі дзейнічае мараторый на смяротнае пакаранне. Вельмі гуманна. < ... > Хоць, яшчэ раз падкрэслю, і ў рамках цяперашняй Канстытуцыі мараторый на смяротнае пакаранне можа быць пераадолены ў выпадку неабходнасці пры змене прававых пазіцый Канстытуцыйнага суда Расіі. Гэта пытанне выбару сродкаў абароны інтарэсаў нашых людзей, дзяржавы і грамадства», — гаворыцца ў пасце Мядзведзева, які пасля пачатку вайны ўжо не раз выказваўся наконт вяртання смяротнага пакарання.

Выданне «Вёрстка» адзначыла, што, мяркуючы па фатаграфіях і гісторыі профіляў у сацсетках, абвінавачваныя з дзяцінства жывуць і вучацца ва Уфе. Пацвердзіць наяўнасць у іх замежнага грамадзянства выданню не ўдалося.

Паводле www.kommersant.ru, meduza.io