Сяргей Навумчык: Беларусы ніколі не ўхвалялі і не ўхваляць агрэсію

Большасць апытаных расійцаў лічаць, што вайна з Украінай павінна працягвацца. Пра гэта кажуць даныя закрытага сацапытання, зробленага на замову Крамля.

1_18_1536x1022.jpg


Вынікі даследавання публікуе «Радыё Св*бода» са спасылкай на рассылку журналісткі Фарыды Рустамавай (Faridaily).

Як вынікае з графікаў апытання, на 20 кастрычніка 68 працэнтаў рэспандэнтаў лічаць, што баявыя дзеянні павінны працягвацца. 22% апытаных адказалі, што вайну трэба спыніць. Зноў жа 68% мяркуюць, што вайну трэба было пачаць, 16% — што не трэба было.

Большасць тых, хто падтрымлівае баявыя дзеянні з Украінай — рэспандэнты ва ўзросце за 45 гадоў.

Незалежныя сацыёлагі звяртаюць увагу, што пры ацэнцы сацапытанняў неабходна ўлічваць умовы цэнзуры, уведзенай у Расіі з пачаткам вайны, і верагодную боязь рэспандэнтаў перад крымінальным пакараннем па артыкуле аб дыскрэдытацыі войска.

Пра тое, што большасць расійцаў падтрымлівае вайну, улетку паведамлялі сацыёлагі ВЦИОМ і ФОМ. Сацыялагічныя цэнтры звычайна не згадваюць, колькі расійцаў адмовілася адказваць на пытанні. Па звестках ад супрацоўніка ФОМ, з пачатку вайны іх доля вырасла на 25%: у сярэднім адказваць адмаўляюцца 15 чалавек з 18, сярод прычын — боязь пераследу.

Сергей Навумчык бачыць у гэтых лічбах фундаментальнае адрозненне беларусаў ад расійцаў.

«Як бы «па-братэрску» ні ставіліся беларусы да Расіі (а такія настроі яшчэ застаюцца, хай і не ў большасці, дык у значнай часткі), але беларусы ніколі не ўхвалялі і не ўхваляць агрэсію. Для іх непрымальныя настроі імперскія ("вернём исконные земли!") і мілітарысцкія ("можем повторить!")», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

«Тут — галоўная ментальная розніца паміж беларусамі і расійцамі. Яна выпрацоўвалася пакаленнямі, тут сышліся шмат фактараў (геаграфічныя, культурныя, гістарычныя), гэта закладзена, як кажуць, на генетычным узроўні, і гэта немагчыма змяніць не тое што за год — за стагоддзе.

І гэта даводзіцца ўлічваць крамлёўска-лубянскаму «стратэгу» і ягонаму мінскаму васалу», — напісаў Навумчык.